8 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе на больш хуткае і эфектыўнае развіццё ў краіне племянной козагадоўлі з улікам запатрабаванасці гэтага напрамку. Аб гэтым ён заявіў у час наведвання пад Магілёвам племяннога завода па гадоўлі коз, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы задаваў чыноўнікам і спецыялістам канкрэтныя пытанні: ці запатрабавана прадукцыя, якая рэнтабельнасць, як хутка можна нагадаваць пагалоўе?
Прэзідэнту далажылі, што на племянных козачак ёсць добры попыт не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Ужо былі продажы ва Узбекістан, ёсць заяўкі з Расіі. У 2024 годзе з фермы прадалі 45 асобін, у гэтым - 174. Сярэдняя цана - Br1,5 тыс. Рэнтабельнасць работы фермы складае амаль 25 працэнтаў.
Племянная работа ў краіне вядзецца, але пакуль гэта робіцца "сяк-так", як сказаў Аляксандр Лукашэнка. І запатрабаваў хутчэй разгортвацца, развіваючы козагадоўлю ў буйных гаспарадках па краіне. Тым больш у Беларусі ёсць яшчэ два прадпрыемствы, якія таксама займаюцца гадоўляй коз - фермерская гаспарадка ў Дзяржынскім раёне і навукова-практычны цэнтр па жывёлагадоўлі НАН.
"А чаму не займацца гэтым? Попыт расце, у тым ліку і ў Расіі. Чаму не інтэнсіфікаваць працэс? - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тут добрая справа, перспектыўная, попыт ёсць".
Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся, ці трэба ствараць на племпрадпрыемстве якія-небудзь дадатковыя ўмовы, каб хуткімі тэмпамі нагадаваць пагалоўе. Паводле слоў спецыялістаў, у прынцыпе ўсё неабходнае ёсць, але адна з магчымых мер, прапанаваных імі, - закупка дадатковага пагалоўя коз для далейшай гадоўлі.
У сярэдзіне 2026 года паказчыкі павінны падвоіцца і іх тэмпы росту ў далейшым павінны заставацца такімі ж напружанымі, даручыў кіраўнік дзяржавы. "Павінна быць падваенне, пакуль ёсць попыт. А хадзіць і з працягнутай рукой прасіць грошы... Вось яны, жывыя грошы", - сказаў Прэзідэнт.
"Трэба ісці максімальна. Калі ёсць момант зарабіць грошы, трэба зарабляць, займаць рынак", - патрабуе беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта датычыцца не толькі козагадоўлі, але і іншых напрамкаў у сельскай гаспадарцы. "Мы наплявацельскі ставімся да сельскай гаспадаркі - упіваемся, што ў нас усяго хапае і амаль на $7 млрд мы прадаём (на экспарт. - Заўвага БЕЛТА). А руху далей няма. Вось як тут, - сказаў ён. - Справа так далей не пойдзе, што мы сяк-так працуем".
У ходзе наведвання племзавода было ўзнята і кадравае пытанне. На Магілёўскім дзяржплемпрадпрыемстве пакуль няма гендырэктара, пасля таго як былы кіраўнік перайшоў на пасаду старшыні Горацкага райвыканкама. Прэзідэнт даручыў аператыўна вызначыцца ў гэтым плане.
Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў казінае малако і сыры з яго. "Ідэальнае малако", - ацаніў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт расказаў, што калісьці яго частаваў казіным малаком Уладзімір Пуцін і яно было абсалютна без спецыфічнага паху або смаку, як і тое, якое ён пакаштаваў зараз.
У складзе сыроў, якія цяпер вырабляюць у Беларусі, камбінацыя з казінага і каровінага малака. Кіраўніка дзяржавы запэўнілі, што ёсць рынак і добрая рэнтабельнасць. Прадукцыю купляюць ужо і ў Расіі.
Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў смакавыя якасці і выказаўся аб карысці казінай прадукцыі. "Выдатнае малако. І дзеткам гэта вельмі важна, - сказаў ён. - Харчаванне - гэта перш за ўсё псіхалогія. Калі ты не ведаеш, што гэта карысна, тады доўга будзеш прывыкаць, агітаваць трэба. Трэба "ўлезці" чалавеку ў галаву з гэтым сырам і даказаць яму, што гэта вельмі карысна".
Для дэгустацыі была прадстаўлена і прадукцыя з казінага мяса, якое мае ўнікальныя пажыўныя якасці. З улікам запланаванага росту вытворчасці казінага малака айчынныя прадпрыемствы прапрацоўваюць розныя новыя рэцэптуры і варыянты прадукцыі.
У 2021 годзе пачата работа па стварэнні племяннога завода. Для гэтага ў Беларусь былі завезены 350 козачак і 20 казлоў зааненскай і альпійскай парод. Вядзецца работа над стварэннем у краіне племянных статкаў з высокім генетычным патэнцыялам, што дасць магчымасць забяспечыць імпартазамяшчэнне племянной прадукцыі коз, а таксама экспарт новага віду племпрадукцыі. Таксама вядзецца работа па стварэнні станцыі штучнага асемянення.
Агульная колькасць коз у Беларусі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак складае 48 тыс. галоў. З іх 93 працэнты ўтрымліваюцца ў гаспадарках насельніцтва, яшчэ 2 працэнты - у сялянска-фермерскіх гаспадарках, а астатнія 5 працэнтаў - у сельгасарганізацыях.