У 2022 годзе ў Беларусі пачалі прапрацоўваць пытанне аб увядзенні школьнай формы. Навучальныя ўстановы выбралі ўласны стыль, колеры і некаторыя абавязковыя элементы, напрыклад гальштук або камізэльку. Канцэрн "Беллегпрам" павялічыў выпуск пэўных атрыбутаў. Патрабаванне Прэзідэнта да школьнай формы было такім: разнастайнасць і даступнасць. У гэтым выпуску YouTube-праекта БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" мы раскажам, якім колерам аддаюць перавагу беларускія школьнікі і да якіх хітрасцей звяртаюцца на фабрыках, каб штаны і сукенкі праслужылі даўжэй.
У гімназіях і пансіёнах царскай Расіі вучні насілі форму. Кожны новы самадзержац мяняў школьны дрэс-код. У СССР спачатку адмянілі сукенкі і касцюмы адзінага ўзору. А вярнуліся да ідэі аднолькавай формы толькі ў 1949 годзе. Уводзілі яе паступова. І пачалі не са школ, а з рамесных вучылішчаў. Тым не менш усе добра памятаюць сінія касцюмы для хлопчыкаў і карычневыя сукенкі з фартухом для дзяўчынак. Форма была даволі строгай і кансерватыўнай. Яна падкрэслівала прыналежнасць вучняў да савецкай сістэмы адукацыі.
У 90-я форму адмянілі. І ў школьных калідорах можна было ўбачыць вараныя джынсы, штаны клёш, алімпійкі розных масцей. У двухтысячныя ў Беларусі пачалі абмяркоўваць увядзенне адзення дзелавога стылю для навучэнцаў. У 2005 годзе была прынята сумесная пастанова Мінадукацыі, Мінгандлю і Міністэрства аховы здароўя. Бацькам рэкамендавалі купляць сваім дзецям адзенне дзелавога стылю. Паступова прыйшлі да ўвядзення абавязковай школьнай формы. З бягучага года гэта замацавана на заканадаўчым узроўні - у новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.
"Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ўстаноўлены патрабаванні да адзення як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак. У камплект школьнага адзення для хлопчыкаў могуць уваходзіць пінжак, кашуля, гольф. Для дзяўчынак - сукенка, спадніца, сарафан, блуза. У зімовы час дзеці могуць апранаць трыкатажны світар", - растлумачыла кансультант упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна.
Асноўныя элементы формы могуць быць чатырох колераў: сіняга, чорнага, бардовага і шэрага. Маніторынг паказаў: найбольш запатрабаванымі ў школьнікаў з'яўляюцца першыя два.
"Адзенне дзелавога стылю настройвае вучняў на рабочы лад, дае магчымасць фарміраваць карпаратыўную этыку, не адцягвае ўвагу ад адукацыйнага працэсу. Не дазваляюцца яркі макіяж, рознакаляровая афарбоўка валасоў... Усё павінна быць у рамках прыстойнасці", - расказала Ірына Булаўкіна.
Дзелавы стыль адзення стварае вобраз кампетэнтнага, надзейнага і адказнага чалавека. Думаеце, у школе гэта не патрэбна? А сустракаюць жа па-ранейшаму па адзенні. І для дзяцей важна, як іх успрымае калектыў.
"Дзеці ідуць у школу. Самае галоўнае маё патрабаванне ў гэтыя дні - дзеці павінны быць аднолькавымі - яны павінны быць добра адзеты (я не гавару, што аднолькава адзеты, але добра адзеты). Хто танней, хто больш багата. Мы багатых не прымусім адзяваць сваіх дзяцей прасцей. Калі яны хочуць адзець неяк лепш (можа, у іх касцюмы будуць з нейкіх імпартных тканін або кашулі нейкія іншыя і гальштукі), гэта іх права. Але ўсе дзеткі павінны быць прыстойна адзеты, прыйсці з прыстойнымі партфелямі ў школу. Яны павінны мець такія ж падручнікі, як усе дзеці. І гэтак далей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў жніўні 2019 года, прымаючы з дакладам міністра адукацыі Ігара Карпенку (быў міністрам адукацыі з 2016 па 2021 год, цяпер - старшыня ЦВК). - Таму трэба ў астатнія дні звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто з-за пэўных абставін не можа ўдзяліць дастаткова ўвагі сваім дзеткам. Гэта вось такое чалавечае да вас патрабаванне".
Сабраць дзіця ў школу - справа няпростая, ды і затратная. Таму фабрыкі шыюць мадэлі на любы кашалёк. Розны дастатак бацькоў не павінен уплываць на знешні выгляд дзяцей.
"У нас ёсць штаны за Br39, камізэлька за Br12-13... Інакш кажучы, сабраць дзіця ў школу абыдзецца прыкладна ў памеры Br50. Я думаю, гэта па кішэні любому з бацькоў. Калі патрэбны набор (пінжак, пара кашуль, штаны двух відаў), значыць, атрымаецца крыху даражэй. Калі мы гаворым пра дзяўчынак, то гардэроб павінен быць крыху большы. Мы гэта разумеем", - расказаў дырэктар ААТ "Славянка" Тэймураз Бачорышвілі.
У Беларусі шматдзетным сем'ям належыць аднаразовая матэрыяльная дапамога да 1 верасня. Яе памер складае 30 працэнтаў ад бюджэту пражытачнага мінімуму на кожнага школьніка. Малазабяспечаныя сем'і могуць атрымаць дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу. Якая гэта будзе сума, вырашаюць спецыяльныя камісіі ў кожным раёне. Новая школьная форма з'явілася ў продажы 15 ліпеня. Цэны з мінулага года не падскочылі. Паводле падлікаў спецыялістаў, чатыры прадметы дзелавога гардэроба можна купіць за суму да Br300. Гэта спадніца, камізэлька, блузка і штаны для вучаніцы малодшых класаў.
"Наш прынцып такі: ніводны школьнік не павінен застацца без адзення. Паход у школу - важная падзея для дзіцяці. Яно павінна выглядаць так, як і яго равеснікі, не быць у чымсьці ўшчэмлена, - упэўнены Тэймураз Бачорышвілі. - Наогул, насіць у школу касцюм - гэта правіла добрага тону. Правіла, якое было закладзена яшчэ ў савецкі час. Але цяпер не хочацца апранаць адзенне, якое скоўвала б рухі. Усе хочуць адчуваць сябе больш камфортна. Мы гэта таксама ўлічваем".
Папулярнасцю карыстаюцца штаны на рызінцы, расклёшаныя спадніцы, кашулі свабоднага крою. Напрыклад, на бабруйскай фабрыцы робяць усё, каб любімыя рэчы насіліся як мага даўжэй.
"Дзеці звычайна рухавыя, бегаюць на перапынках. Каб не разыходзіліся швы, мы вельмі часта іх узмацняем. На штанах, дапусцім, абавязкова пракладаем па сярэднім шве двайны радок. Ёсць пэўныя тэхналагічныя моманты, якія проста неабходны для школьнай формы", - тлумачыць старшы майстар 5-га цэха ААТ "Славянка" Ніна Макарчанка.
Легпрам да новага навучальнага года зробіць каля мільёна вырабаў. На прылаўкі адправяць на 20 працэнтаў прадукцыі больш. Гэта з улікам астаткаў мінулых калекцый. У швейных цэхах гарачая пара пачалася яшчэ вясной.
"Май, чэрвень, пачатак ліпеня - мы канкрэтна ведаем, што мы шыем. Асартымент вельмі розны: штаны, спаднічкі, сарафаны, сукенкі", - адзначыла Ніна Макарчанка.
А агульную работу над новай калекцыяй пачынаюць, як толькі заканчваецца школьны сезон. Чаму гэта трэба рабіць так рана?
"Вельмі шмат розных мадэлей, відаў тканін... І сёння мы павінны ўлічваць не толькі напрамак моды, але і самыя розныя размеры. Дзеці ж растуць нераўнамерна. Мы павінны гэта ўлічваць, і сёння ў нас з'яўляецца ўсё больш індывідуальных заказаў", - расказаў Тэймураз Бачорышвілі.
У прыярытэце - натуральныя валокны. Віскоза, паўшэрсць... Сінтэтыкі практычна няма. Тканіны адпавядаюць усім санітарна-гігіенічным нормам і валодаюць паветрапранікальнасцю, гіграскапічнасцю, устойлівасцю да фарбавання. Калі чагосьці не хапае - імпартуюць з Кітая. Фабрыкі складаюць планы сумесна з "Беллегпрамам" і Міністэрствам гандлю. Трэба ўлічыць, колькі і чаго было прададзена ў мінулым годзе. Але заўсёды трэба быць гатовым вырабляць аператыўна. Дашываць канкрэтныя мадэлі. Не ўсё можна запланаваць.
У мінулым годзе ў Мінску стартаваў пілотны праект. У ім удзельнічаюць 8 гімназій і 12 сярэдніх школ. Вучні гэтых устаноў хадзілі на заняткі ва ўніфікаваным адзенні дзелавога стылю. Вытворцы стварылі капсулу. Аднолькавыя тканіны, каляровая гама гарнітура, дызайн. Прадаваць яе пачалі ў Першым нацыянальным гандлёвым доме. Капсула выклікала такі ажыятаж, што ўтвараліся чэргі. Абурэнне бацькоў перайшло ў сацыяльныя сеткі. Хваляваліся нават тыя, каму такую форму набываць было неабавязкова.
"Яшчэ тэма. Сёння раптам узнікла пытанне са школьнай формай. На роўным месцы. Праблемы вялікай не бачу, але рэагаваць трэба. Гэта, здавалася б, дробязь, але дробязей у нашай рабоце няма!" - заявіў Аляксандр Лукашэнка на Рэспубліканскім педагагічнім савеце ў жніўні мінулага года.
Павялічылі гандлёвыя плошчы, колькасць прымерачных кабінак, падключылі больш людзей. Праблема была вырашана. У гэтым годзе праект прадоўжыцца.
Як правіла, форму выбірае савет установы адукацыі. Гэта і настаўнікі, і бацькі. Пытаюцца і ў саміх вучняў. Кожная школа або гімназія вырашае, якія адметныя элементы для формы выбраць: камізэлька, пінжак і гэтак далей. Можна выкарыстоўваць шаўроны, эмблемы, значкі.
БЕЛТА.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту