Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

27 Jan 2022

Беларусы дакладна ведаюць: усё ў нашых руках. Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам

Беларусы дакладна ведаюць: усё ў нашых руках. Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Урачыстая цырымонія адбылася сёння ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Прыемна бачыць усіх вас тут сёння напярэдадні важнай палітычнай падзеі - Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу", - звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства беларускі лідар.

Адзначыўшы, што на цырымоніі прысутнічаюць прадстаўнікі розных сфер жыццядзейнасці і рэгіёнаў краіны, якіх аб'ядноўваюць высокі прафесіяналізм і ўпартая праца на вынік, Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў зале ёсць таксама і тыя, хто прыехаў з-за мяжы: "Сэрцам гэтыя людзі - сапраўдныя беларусы".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы, мірныя і працавітыя людзі, яны з аптымізмам глядзяць у будучыню, таму што дакладна ведаюць: усё ў іх руках. "Вашы дасягненні - ярчэйшы доказ таго. Практычна за кожным стаіць дружны працоўны калектыў, дзе, я ўпэўнены, падрастаюць новыя прафесіяналы, якіх у будучым мы абавязкова ўбачым у тым ліку тут", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на цырымоніі таксама прысутнічаюць людзі, якія па закліку душы прыйшлі ў медыцыну. "Сёння беларуская ахова здароўя не толькі трымае вірусны ўдар, але і прадаўжае аказваць планавую дапамогу па ўсіх напрамках (а вы, напэўна, чуеце, што ў суседніх і іншых краінах пры сур'ёзным уздыме вірусных захворванняў планавая дапамога адмяняецца на 3-4 тыдні). З такімі ўрачамі, якія сёння аддаюць свае сэрцы і працу ў імя выздараўлення нашых людзей, нам нічога не страшна", - падкрэсліў беларускі лідар.

Асаблівую ўдзячнасць Прэзідэнт выказаў вучоным, чые распрацоўкі ў розных сферах дапамагаюць укараняць найноўшыя тэхналогіі і паспяхова канкурыраваць на рынку, а таксама выкладчыкам, якія закладваюць спрыяльны фундамент ведаў для атрымання высакакласных спецыялістаў.

"Удзячны тым, хто сваім прафесійным шляхам выбраў захаванне гістарычнай памяці, развіццё культуры і мастацтва, дапамагае нам не адрывацца ад родных каранёў, уносіць сапраўды бясцэнны ўклад у духоўны код нашага народа", - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы.

Словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў і беларускім аграрыям: "Сціплым і, як прынята гаварыць, працавітым людзям. Тым, хто сваёй працай корміць усю краіну".

"Але ўвесь пералічаны дабрабыт магчымы толькі ў такой дзяржаве, дзе пануюць мір і згода. Яны як паветра. Калі ёсць - не заўважаеш", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што сярод узнагароджаных шырока прадстаўлены людзі ў пагонах, пад абаронай якіх дзяржаўная граніца, бяспека краіны і жыццё кожнага з нас. "Дзякуй за службу, вернасць і рашучасць у процістаянні ўсім знешнім і ўнутраным пагрозам", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Шчыра падзякаваў Аляксандр Лукашэнка і тым, хто ўзняў беларускі флаг і копію Сцяга Перамогі на Эверэст. "Гэта глыбока сімвалічна: у найцяжэйшых умовах пранесці ля сэрца на самую высокую вяршыню планеты самае дарагое і каштоўнае", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, эмоцыі, якія беларусы адчувалі, гледзячы на гэтыя палотнішчы, у поўнай меры параўнальныя з пачуццём велізарнага гонару за краіну ў момант, калі атрымліваюць перамогі айчынныя спартсмены. "У гэтай зале прысутнічаюць прадстаўнікі айчыннай зборнай на алімпіядзе ў Токіа. Беларускі народ чакае, што і ў Пекіне, на зімовых Алімпійскіх гульнях, якія стартуюць праз тыдзень, беларускі флаг узнімецца над стадыёнамі Паднябеснай", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў надзею, што і сённяшняя цырымонія натхніць многіх на новыя здзяйсненні.

Прэзідэнт уручыў удзельнікам цырымоніі высокія дзяржаўныя ўзнагароды і дыпломы аб прысуджэнні заслужаных званняў. Сярод узнагароджаных былі прадстаўнікі сферы навукі і аховы здароўя, сілавога блока, аграрнага сектара, культуры і спорту.

Ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагароджаны дырэктар навукова-тэхнічнага цэнтра "Лэмт" БелОМО Аляксей Шкадарэвіч і галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі хіміі кандэнсаваных асяроддзяў Навукова-даследчага інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ Алег Івашкевіч.

Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны дырэктар Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа Віктар Вайшнаровіч, наладчык зварачнага і газаплазмарэзальнага абсталявання рамонтна-энергетычнага цэха нумар 5 Мінскага электратэхнічнага завода імя В.І.Казлова Анатоль Яленіч і загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Ларыса Данілава. Гэтай узнагароды ўдастоены таксама спартсмен-інструктар Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Максім Недасекаў за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на летніх Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульнях 2021 года ў Токіа.

За шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, асабістыя заслугі ў забеспячэнні законнасці, умацаванні правапарадку і барацьбе са злачыннасцю ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны начальнік упраўлення ўласнай бяспекі Генеральнай пракуратуры Валерый Куліковіч.

За высокія спартыўныя дасягненні, прафесіяналізм, значны ўклад у папулярызацыю беларускага спорту на міжнароднай арэне, узняцце Сцяга Перамогі і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь на вяршыню Эверэста ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны ганаровы консул Інданезіі ў Кыргызстане Эдуард Кубатаў, генеральны дырэктар ТАА "Прамысловая група "Векпрам", член Беларускай федэрацыі альпінізму Вадзім Фралоў і дырэктар ТАА "Вертыкаль" Георгій Шулепаў.

Вялікая група прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоена ганаровых званняў. Акцёр драматычнага тэатра і кіно, вядучы майстар сцэны Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Сяргей Пяткевіч, артысты балета Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Вольга Галавач і Юлія Галавіна, а таксама саліст ансамбля песні і танца ўнутраных войскаў МУС Аляксандр Аўраменка ўдастоены звання "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь"; старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч і намеснік дырэктара па навуковай рабоце мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Ларыса Бібік - "Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь"; кіраўнікі прадпрыемстваў "Саўгас "Рачкавічы" і ААТ "Гастэлаўскае" Мікалай Красуцкі і Станіслаў Сакалоўскі - "Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь".

Ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь" прысвоена загадчыку кафедры артапедычнай стаматалогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Сямёну Навумовічу і прафесару кафедры "Транспартныя і тэхналагічныя машыны" Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Уладзіміру Тарасіку; "Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь" - намесніку дырэктара па хірургіі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Віктару Кахнюку.

Да пачатку цырымоніі для ўдзельнікаў мерапрыемства была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі