Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

18 Apr 2016

Беларускія тэнісісткі ўпершыню прабіліся ў Сусветную групу Кубка Федэрацый

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэнісісткі зборнай Беларусі абыгралі ў Маскве каманду Расіі з лікам 3:2 і ўпершыню атрымалі права выступіць у ліку васьмі ўдзельнікаў Сусветнай групы Кубка Федэрацый, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Лідар беларускай дружыны, пятая ракетка планеты Вікторыя Азаранка прынесла камандзе два пераможныя балы. У першы дзень спаборніцтваў ёй давялося гуляць пасля стартавага паражэння Аляксандры Сасновіч (100-ы нумар сусветнага рэйтынгу) ад Дар'і Касаткінай (32). Сустракаючыся з другім нумарам расійскай зборнай Маргарытай Гаспаран (47) Вікторыя ўпэўнена перамагла ў двух сэтах - 6:2, 6:3. Інакш склаўся другі матч з цяперашнім лідарам расійскай каманды 18-гадовай Дар'яй Касаткінай. Спачатку нічога не прадвяшчала сур'ёзных праблем для беларускі - першы сэт Азаранка выйграла лёгка - 6:2, а вось у другой партыі страціла канцэнтрацыю. Юная расіянка скарысталася сітуацыяй і змагла адыграцца - 7:5. На шчасце, у вырашальным сэце ўсё стала на свае месцы, і Вікторыя зноў паказала, што яна мацнейшая - 6:3. Пасля гэтага лік у матчы стаў 2:1 на карысць беларусак.

Цяпер Аляксандры Сасновіч трэба было перамагчы Маргарыту Гаспаран, каб забяспечыць беларускім тэнісісткам пуцёўку ў эліту Кубка Федэрацый. Гэты паядынак атрымаўся на рэдкасць напружаным і прадказаць яго вынік было немагчыма. У першай партыі гульня ў беларускі не атрымлівалася, яна дапускала шмат нявымушаных памылак і ў выніку ўступіла 4:6. Затое другі сэт быў цалкам за Аляксандрай, якая дала магчымасць саперніцы выйграць толькі адзін гейм - 6:1. Вырашальная партыя праходзіла вельмі драматычна, але ў ключавых эпізодах нервы былі мацнейшыя ў беларускі, якая здолела вырваць перамогу - 7:5. Такім чынам агульны лік стаў 3:1 на карысць беларускай зборнай, і рэзультат парнай сустрэчы ўжо не меў значэння.

Тым не менш, капітаны каманд Эдуард Дуброў і Настасся Мыскіна вырашылі даць магчымасць згуляць сваім дуэтам. У парным матчы беларускі Вольга Гаварцова і дэбютант Кубка Федэрацый Арына Сабаленка прайгралі расійскаму тандэму Алена Весніна / Дар'я Касаткіна - 4:6, 2:6. Падагульняючы лік матчу за выхад у Сусветную групу 3:2 на карысць зборнай Беларусі.

Акрамя беларускіх тэнісістак у Сусветнай групе ў наступным сезоне згуляюць яшчэ тры пераможцы стыкавых сустрэч - ЗША (абыгралі Аўстралію - 4:0), Іспанія (абыгралі Італію - 4:0) і Германія (абыгралі Румынію - 4:1).

Прадоўжыць выступлене ў элітным дывізіёне і чацвёрка паўфіналістаў цяперашняга розыгрышу Кубка Федэрацый: Чэхія, Францыя, Нідэрланды, Швейцарыя. У фінале сезона-2016 французскія тэнісісткі 12-13 лістапада прымуць на сваёй пляцоўцы прадстаўніц Чэхіі, якія з'яўляюцца дзеючымі пераможцамі неафіцыйнага каманднага чэмпіянату свету сярод жаночых каманд.

Лукашэнка: Беларускі жаночы тэніс па праву заслужыў сваё месца ў Сусветнай групе Кубка Федэрацыі

18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў жаночую нацыянальную каманду па тэнісе з перамогай у матчы Кубка Федэрацыі супраць каманды Расіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"Беларускі жаночы тэніс па праву заслужыў сваё месца ў Сусветнай групе Кубка Федэрацыі, і сёння вы здабылі гэту гістарычную перамогу ў самым цяжкім процістаянні з расійскімі тэнісісткамі ў Маскве. Уся краіна з заміраннем сэрца сачыла за ўпартымі паядынкамі, у якіх вы прадэманстравалі высокую вытрымку і волю да перамогі. Вялікі дзякуй вам за гэту перамогу!" - гаворыцца ў віншаванні.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што беларускія тэнісісткі змогуць замацавацца на заваяваных пазіцыях і падарыць у будучым шмат станоўчых эмоцый і незабыўных перажыванняў за Беларусь на буйнейшых тэнісных турнірах.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі