Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

3 Ліп 2018

Беларусь сёння святкуе Дзень Незалежнасці

Беларусь сёння святкуе Дзень Незалежнасці

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі сёння адзначаецца Дзень Незалежнасці - галоўнае свята беларускай дзяржаўнасці.

Рашэнне аб святкаванні Дня Незалежнасці 3 ліпеня было прынята ў 1996 годзе - так прагаласавалі беларусы на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада. У снежні таго ж года дэкрэтам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўстаноўлена дзяржаўнае свята - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Ён адзначаецца ў дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - 3 ліпеня 1944 года. Упершыню Беларусь адзначыла Дзень Незалежнасці ў 1997 годзе.

Беларусь першая прыняла на сябе ўдары гітлераўцаў, а Мінск на другі дзень вайны апынуўся у зоне бязлітаснай бамбардзіроўкі і артылерыйскага абстрэлу. На подступах да горада гітлераўскія войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне. Асабліва мужна змагаліся з ворагам 100-я і 64-я стралковыя дывізіі. Але 28 чэрвеня фашыстам удалося авалодаць Мінскам. З першых дзён акупацыі жыхары горада ўзняліся на барацьбу з ворагам. 1100 дзён акупацыі - 1100 дзён самаадданай, гераічнай барацьбы з гітлераўскімі захопнікамі. Мінск быў акупіраваны, але не пакораны.

У выніку бліскучай Беларускай аперацыі пры ўзаемадзеянні 1-га і 3-га Беларускіх франтоў і пры падтрымцы партызанаў 3 ліпеня 1944 года сталіца Беларусі была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты дзень стаў святам вызвалення ўсёй краіны. У Беларусі ведаюць цану свабоды: у Вялікай Айчыннай вайне загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі.

Традыцыйна 3 ліпеня беларускі народ аддае даніну павагі гераізму і стойкасці салдат, самаадданай барацьбе падпольшчыкаў і партызанаў, бяспрыкладнаму працоўнаму подзвігу тых, хто падымаў краіну з руін.

Віншаванне Прэзідэнта Беларусі з Днём Незалежнасці

Дарагія суайчыннікі!

Віншую вас з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Гэта свята, якое аб'ядноўвае лёсы розных пакаленняў, нагадвае пра доўгі і няпросты шлях станаўлення нашай дзяржавы.

Мы ведаем цану сапраўднай свабоды. Усведамляем сілу адзінства народа, яго патрыятызму і веры ў будучыню. Разумеем, што суверэнітэт - гэта наш галоўны здабытак.

Вызваляючы Радзіму ад гітлераўскіх нацыстаў, адраджаючы краіну ў пасляваенныя гады, ствараючы маладую дзяржаву на разломе эпох і тысячагоддзяў, мы разам пішам гісторыю незалежнай Беларусі.

Наш свяшчэнны абавязак - захоўваць памяць пра Вялікі Подзвіг, перадаваць яе будучым пакаленням, берагчы і ўмацоўваць мір на сваёй зямлі, стваральнай працай рабіць яе багацейшай і прыгажэйшай.

Няхай гэты знамянальны дзень, які стаў сімвалам мужнасці і гераізму беларускага народа, натхняе нас на новыя дасягненні.

Шчыра жадаю вам шчасця, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх пачынаннях.

З Днём Рэспублікі!

Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі