У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

17 Стд 2019

Беларусь імкнецца да выхаду на стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва з Зімбабвэ - Лукашэнка

Беларусь імкнецца да выхаду на стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва з Зімбабвэ - Лукашэнка

17 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь імкнецца да паступовага выхаду на стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва з Зімбабвэ і бачыць значны патэнцыял у развіцці двухбаковых адносін. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Зімбабвэ з'яўляецца нашым важным партнёрам у Паўднёва-Афрыканскім рэгіёне, і мы імкнёмся да паступовага выхаду на найвышэйшы стратэгічны ўзровень супрацоўніцтва. Цяпер адносіны паміж дзвюма краінамі дынамічна развіваюцца. Аднак значны патэнцыял узаемадзеяння шмат у чым яшчэ не рэалізаваны. У бліжэйшыя гады нам трэба будзе гэта зрабіць, асабліва ў сферах гандлю і эканомікі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што візіт Эмерсана Мнангагвы надасць імпульс развіццю двухбаковых адносін. "Вы вельмі ёміста вызначылі шлях развіцця краіны, заявіўшы сусветнай супольнасці, што Зімбабвэ адкрыта для бізнесу. Мяркуем, што такі падыход станоўча паўплывае на рэалізацыю беларуска-зімбабвійскіх сумесных праектаў, - лічыць беларускі лідар. - Як мяне інфармуюць, вы паставілі перад сабой задачу за кароткі тэрмін вывесці краіну на лідзіруючыя пазіцыі ў Афрыцы па тэмпах эканамічнага росту".

Прэзідэнт упэўнены, што ў Зімбабвэ ёсць усё неабходнае для хуткага эканамічнага росту і вырашэння першачарговых праблем, для таго, каб адзець і накарміць людзей. "Беларусы гатовы аказаць вам у гэтым дапамогу. Тым больш, вы ведаеце, мы гэта ўмеем рабіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь зацікаўлена ў пастаўках на зімбабвійскі рынак грузавой, аўтобуснай і кар'ернай тэхнікі, іншага абсталявання для горназдабыўной галіны, трактароў, харчовай прадукцыі. Заяўлена аб гатоўнасці абмеркаваць перспектывы беларускага ўдзелу ў сумесных праектах у сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, энергетыцы, геолагаразведцы, здабычы карысных выкапняў. У 2018 годзе было заключана некалькі шматмільённых кантрактаў на экспарт у Зімбабвэ беларускай тэхнікі пры фінансавай падтрымцы Банка развіцця Беларусі і Рэзервовага банка Зімбабвэ. Чакаецца, што пасля ўзгаднення ўсіх працэдур пачнуцца пастаўкі ў адпаведнасці з гэтымі дамоўленасцямі.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, важкім укладам ва ўмацаванне двухбаковых адносін могуць стаць будаўніцтва ў Зімбабвэ мяса-малочных комплексаў, вырошчванне і перапрацоўка агародніны. Вызначаны таксама напрамкі супрацоўніцтва ў транспартнай сферы. Размова ідзе аб развіцці транспартнай інфраструктуры Зімбабвэ і стварэнні там транспартна-лагістычнага цэнтра.

"Шырокія магчымасці для ўзаемадзеяння нашых краін прадастаўляюць унікальныя ландшафтна-прыродныя, мінеральна-сыравінныя, рэкрэацыйныя рэсурсы Зімбабвэ. Таму перспектыўным можа стаць удзел беларускіх кампаній ва ўзвядзенні гідраэнергетычных аб'ектаў, будаўніцтве пад ключ электрастанцыі на сонечных панэлях, геолагаразведцы і распрацоўцы радовішчаў карысных выкапняў", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на актыўнае развіццё ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы. Дасягнуты дамоўленасці аб міжвузаўскім абмене, а таксама аб атрыманні зімбабвійцамі ў Беларусі вышэйшай і паслядымломнай адукацыі. У сваю чаргу вядучыя арганізацыі аховы здароўя Беларусі могуць прадаставіць грамадзянам Зімбабвэ высокатэхналагічную медыцынскую дапамогу. "Нашы дасягненні ў нейрахірургіі, артапедыі, кардыялогіі, анкалогіі, транспланталогіі, рэабілітацыі вядомы далёка за межамі Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што стварэнне беларуска-зімбабвійскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве магло б лепш стымуляваць рэалізацыю намечаных планаў. Ён адзначыў, што для хуткай і якаснай работы над інвестыцыйнымі і сумеснымі праектамі неабходны прамыя кантакты і наладжаныя камунікацыі паміж міністэрствамі, арганізацыямі і кампаніямі. "Трэба праяўляць максімальную ўвагу да прапаноў, што паступаюць з абодвух бакоў. Толькі так мы зможам дабіцца жаданага выніку", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што дзелавыя колы, асацыяцыі бізнесменаў, гандлёва-прамысловыя палаты дзвюх дзяржаў таксама павінны стаць важнымі элементамі ў працэсе фарміравання новых сумесных праектаў.

"Беларусь адкрыта для дыялогу па ўсіх пытаннях, якія цікавяць вас. Мы гатовы да прадметнага абмеркавання напрамкаў узаемадзеяння для павелічэння двухбаковага тавараабароту і пашырэння ўзаемавыгаднага партнёрства. Хачу падкрэсліць: для Беларусі няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Зімбабвэ", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску