У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

3 Чэр 2015

Беларусь гатова выбудоўваць больш глыбокія і шырокія адносіны з Індыяй

Беларусь гатова выбудоўваць больш глыбокія і шырокія адносіны з Індыяй

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова выбудоўваць больш глыбокія і шырокія адносіны з Індыяй. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 чэрвеня на сустрэчы з Прэзідэнтам Індыі Пранабам Мукерджы, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

"Мы ніколі не скрывалі гордасці за адносіны з Індыяй, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы гатовы прайсці свой шлях хутка, эфектыўна, адказна, калі будзе на тое ваша воля, мы вельмі хутка можам узняць нашы і гандлёва-эканамічныя адносіны на нармальны ўзровень, які адпавядае нашым патэнцыялам".

Што датычыцца ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы, дыпламатыі, то Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і Індыі ніколі не было негатыўных адносін і праблем. Аляксандр Лукашэнка запэўніў свайго індыйскага калегу, што гэтак будзе і ў далейшым.

"Спробы ізаляваць Беларусь, неяк паставіць на месца, націснуць бесперспектыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як ваша", - сказаў беларускі лідар.

"Напярэдадні Вашага візіту ў Беларусь з аднаго і другога боку, як мяне інфармавалі, яшчэ дастаткова скептыкаў адносна паглыблення нашага супрацоўніцтва. Напэўна, будзе правільна, калі мы такіх людзей расчаруем і зробім максімум для таго, каб нашы адносіны былі маштабнымі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Індыі Пранабам МукерджыАляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо не першы раз сустракаецца з Пранабам Мукерджы, а яго візіты ў Індыю былі вельмі паспяховымі і заклалі аснову двухбаковых адносін. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў дзвюх дзяржаў выдатная гісторыя адносін з часоў Савецкага Саюза.

Прэзідэнты абмеркавалі канцэптуальна і практычна канкрэтныя сферы двухбаковага супрацоўніцтва і дамовіліся дыверсіфікаваць адносіны. "Мы гатовы не толькі да абмеркавання, але і прыняцця канкрэтных рашэнняў", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Індыі рэалізацыю шэрага новых сумесных узаемавыгадных праектаў з Беларуссю як у прамысловай, так і ў гуманітарнай сферах.

"З першых дзён незалежнасці Беларусі ваша краіна стала нашым верным і надзейным сябрам. За больш як дваццацігадовую гісторыю дыпламатычных адносін мы выбудавалі паўнацэнны партнёрскі дыялог. Сёння Беларусь гатова да яшчэ больш цеснага двухбаковага супрацоўніцтва", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Маючы сучасныя тэхналогіі, абсталяванне, мы гатовы ўдзельнічаць у мадэрнізацыі горназдабыўной галіны Індыі, павышэнні прадукцыйнасці яе нафтагазавага сектара", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Індыі Пранабам МукерджыАляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў бліжэйшыя гады Індыя плануе значна павялічыць здабычу вугалю, што запатрабуе прыцягнення дадатковай тэхнікі для такой распрацоўкі. Паводле яго слоў, у Індыі працуюць ужо вялікагрузныя аўтамабілі БелАЗ і паказваюць высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі. "Мы прапануем завяршыць да канца 2015 года стварэнне ў вашай краіне ўласнага цэнтра сэрвіснага абслугоўвання такіх складаных машын. Гэта дасць магчымасць забяспечыць паўнацэнны ланцужок своечасовага, якаснага і эфектыўнага абслугоўвання беларускай кар'ернай тэхнікі ад яе продажу да эксплуатацыі", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандру Лукашэнку бачыцца перспектыўнай арганізацыя сумесных вытворчасцей аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. "Упэўнены, што вырабленыя ў Індыі машыны і абсталяванне будуць карыстацца попытам і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Такім чынам, мы ў гэтыя краіны зможам выйсці ўжо з сумеснай беларуска-індыйскай прадукцыяй", - падкрэсліў беларускі лідар. Пры гэтым, на яго думку, важна наладзіць не толькі абмен тэхналогіямі, але і ўзаемна развіваць тавараправодныя сеткі для выхаду на новыя рынкі.

Не менш перспектыўным, на думку кіраўніка беларускай дзяржавы, з'яўляецца і ўзаемадзеянне ў галіне трактарабудавання. Беларускія трактары вядомыя ў Індыі з савецкіх часоў. "Сёння, відаць, эканамічна мэтазгодна пачаць арганізацыю ў Індыі сумеснай вытворчасці тэхнікі пад брэндам "Беларус". Гэты праект адпавядае духу праграмы "Рабі ў Індыі", якая рэалізуецца вашым урадам. З улікам індыйскай праграмы "Развіццё прафесійных навыкаў" мы маглі б аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі, патрэбнай для вашай эканомікі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Для гэтага ён прапанаваў абмеркаваць пытанне стварэння з беларускім удзелам тэхнічных навучальных цэнтраў у Індыі.

У пытанні сумеснага прасоўвання беларускіх і індыйскіх тавараў Аляксандр Лукашэнка лічыць важным таксама ўмацаванне сувязей паміж банкамі і фінансавымі арганізацыямі дзвюх краін.

"Мы цесна ўзаемадзейнічаем з індыйскімі кампаніямі па рэканструкцыі і будаўніцтве аб'ектаў электраэнергетыкі Беларусі. Паглыбленне кааперацыі ў гэтай сферы, як і ў ажыццяўленні іншых інфраструктурных праектаў, будзе выгаднае дзвюм краінам", - перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларускі бок вітае прыход індыйскіх інвестараў у сферу фармацэўтычнай вытворчасці, улічваючы дасягненні Індыі ў фармацэўтыцы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, перспектыўнымі могуць таксама стаць сумесныя распрацоўкі ў галіне нана- і біятэхналогій, мікраэлектронікі, машынабудавання, аднаўляльных крыніц энергіі.

"Такія вытворчасці мы прапануем ствараць у індустрыяльным парку "Вялікі камень". Рэзідэнты парка карыстаюцца падтрымкай урада Беларусі, беспрэцэдэнтнымі льготамі і бесперашкодным выхадам на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама Еўрапейскага саюза", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што сумесныя рашэнні паслужаць дадатковым імпульсам для рэалізацыі новых узаемавыгадных праектаў.

"З Індыяй нас раздзяляюць толькі геаграфічныя адлегласці, але яны ніколі не стануць перашкодай у развіцці кантактаў паміж нашымі краінамі і народамі, таму што ў нашых краін і народаў ёсць сур'ёзная гісторыя адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Індыі Пранаб Мукерджы выказаў упэўненасць у вялікіх перспектывах эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. На яго думку, гэтаму будзе садзейнічаць маючы адбыцца беларуска-індыйскі бізнес-форум. "Упэўнены, што беларускія і індыйскія кампаніі знойдуць агульныя інтарэсы", - сказаў Пранаб Мукерджы.

Ён паведаміў, што ўрад Індыі прыняў рашэнне прызнаць Беларусь рыначнай эканомікай. На яго думку, гэта палепшыць гандлёва-эканамічныя адносіны ў шмат разоў у бліжэйшыя гады.

Пранаб Мукерджы падкрэсліў, што Індыя мае намер выдзеліць для сваіх кампаній крэдытную лінію на $100 млн для рэалізацыі сумесных з Беларуссю праектаў у тых сферах, якія будуць вызначаны ў ходзе беларуска-індыйскіх перагавораў на вышэйшым узроўні.

"Нягледзячы на тое, што гандлёва-эканамічныя адносіны развіваюцца, ёсць вялікія магчымасці для іх актывізацыі, - лічыць індыйскі лідар. - Неабходна дыверсіфікаваць сектар тавараў, што прадаюцца, каб перавысіць цяперашні ўзровень тавараабароту ў памеры $400 млн".

Па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні быў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў.

У прыватнасці, Беларусь і Індыя падпісалі дарожную карту двухбаковага супрацоўніцтва.

Бакамі падпісаны пратакол да міжурадавага пагаднення аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць (капітал).

Мемарандумы аб супрацоўніцтве падпісаны ў сферы фінансаў, стандартызацыі і інфармацыйнай падтрымкі, у вяшчанні, ў галіне тэкстылю, адзення і індустрыі моды.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс