Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

25 Май 2015

Беларусь і Інданезія дамовіліся актывізаваць усебаковае супрацоўніцтва

Беларусь і Інданезія дамовіліся актывізаваць усебаковае супрацоўніцтва25 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Інданезія дамовіліся актывізаваць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Такі адзін з асноўных вынікаў праведзенай 25 мая сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі са спікерам Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі Рэспублікі Інданезія Ірманам Гусманам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь і Інданезія з'яўляюцца добрымі даўнімі партнёрамі, і ў супрацоўніцтве няма закрытых тэм. Дыпламатычныя адносіны паміж нашымі краінамі ўстаноўлены ў 1993 годзе. У 2011 годзе Беларусь адкрыла пасольства ў Інданезіі. "Цяпер мы чакаем кроку ў адказ з інданезійскага боку", - падкрэсліў Прэзідэнт.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, фундаментам адносін паміж любымі дзяржавамі з'яўляецца менавіта эканоміка. У мінулым годзе беларуска-інданезійскі тавараабарот склаў амаль $215 млн. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што хоць гэта нязначная лічба, ёсць вялікі патэнцыял для гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Цяпер намеціліся добрыя тэндэнцыі - напрыклад, рост узаемнага гандлю складае 70 працэнтаў.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў час яго візіту ў Інданезію ў 2013 годзе была дасягнута дамоўленасць аб пераходзе ад простага гандлю да кааперацыйных сувязей паміж краінамі. "Нашы машынабудаўнічыя кампаніі гатовы прыйсці на рынак Інданезіі, ствараць сумесныя прадпрыемствы", - сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, стварэнне сумесных прадпрыемстваў было б сур'ёзным крокам у беларуска-інданезійскіх кантактах.

Кіраўнік дзяржавы бачыць вялікія перспектывы ў міжрэгіянальным супрацоўніцтве з Інданезіяй. "Сур'ёзным рухам наперад у беларуска-інданезійскім узаемадзеянні былі б міжрэгіянальныя кантакты, якія заўсёды прыносяць добрыя вынікі, - заўважыў Прэзідэнт. - Мы гэта ведаем на прыкладзе кантактаў з іншымі дзяржавамі".

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на важнасць маючага адбыцца ў пачатку лета чарговага пасяджэння беларуска-інданезійскай сумеснай камісіі па гандлёвым, эканамічным, навуковым і тэхнічным супрацоўніцтве. "Тэмы, якія напрацаваны намі за апошнія гады, а таксама дамоўленасці ў ходзе цяперашняга парламенцкага візіту інданезійскай дэлегацыі павінны знайсці сваё адлюстраванне ў рабоце камісіі", - перакананы кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт запэўніў інданезійскі бок у сур'ёзнасці намераў развіваць адносіны з Інданезіяй. "Вы маеце ў цэнтры Еўропы надзейнага партнёра, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Глыбіня і шырыня нашых адносін будуць залежаць выключна ад добрай волі вашага кіраўніцтва".

У сваю чаргу Ірман Гусман пагадзіўся з неабходнасцю вывесці двухбаковы тавараабарот на новы ўзровень. З улікам таго, што цяпер у Інданезіі вядзецца маштабная мадэрнізацыя галін народнай гаспадаркі, у тым ліку сельскай, там могуць быць задзейнічаны беларуская тэхніка і тэхналогіі.

"Перакананы, што цяперашні тавараабарот паміж нашымі дзяржавамі ў аб'ёме $215 млн з'яўляецца недастатковым. І я таксама згодны з вашым выказваннем аб тым, што гэты паказчык мы павінны сумеснымі намаганнямі значна павялічыць, - сказаў інданезійскі госць. - Спадзяюся, што да 25-годдзя беларуска-інданезійскіх дыпламатычных сувязей у 2018 годзе мы зможам дасягнуць тавараабароту ў памеры $1 млрд".

Пры гэтым спікер інданезійскага парламента лічыць, што для дасягнення пастаўленай мэты павінна весціся комплексная работа з абодвух бакоў на ўсіх узроўнях - дыпламатыі, парламентаў, бізнесу. Ірман Гусман таксама выказаў меркаванне, што рэалізацыі пастаўленай мэты пасадзейнічае геаграфічнае размяшчэнне дзвюх дзяржаў - Беларусь размешчана ў цэнтры Еўропы, а Інданезія з'яўляецца важнай дзяржавай у Паўднёва-Усходняй Азіі.

Ірман Гусман запэўніў, што пасольства Інданезіі ў бліжэйшы час будзе адкрыта ў Мінску, і гэта будзе садзейнічаць далейшым двухбаковым кантактам. Паводле яго слоў, беларуска-інданезійскія сувязі не павінны абмяжоўвацца сферай гандлю і інвестыцый, а павінны распаўсюдзіцца і на навуку, адукацыю, культуру, маладзёжную палітыку, спорт. "Гэта важнае дапаўненне, якое фарміруе нашу агульную будучыню", - сказаў ён.

Спікер інданезійскага парламента таксама закрануў тэму міру і бяспекі. У сувязі з гэтым ён высока ацаніў уклад Прэзідэнта Беларусі ў стабілізацыю сітуацыі ў рэгіёне, звязанай з падзеямі ва Украіне. "Дасягнуты мінскія дамоўленасці, да якіх прыцягнута ўвага сусветнай супольнасці", - сказаў інданезійскі госць. Ён выказаў перакананасць, што дамоўленасці будуць рэалізаваны, і ў рэгіёне настане мір.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі