28 лістапада, Баку /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Азербайджан падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. Адпаведныя пагадненні, праграмы развіцця супрацоўніцтва і пратаколы падпісаны пасля завяршэння перагавораў у Баку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Бакі падпісалі план мерапрыемстваў па выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам да 2025 года.
Для развіцця ўзаемадзеяння ў сферы аграпрамысловага комплексу падпісана комплексная праграма супрацоўніцтва паміж краінамі да 2025 года.
У сферы фізічнай культуры зацверджана праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджана на 2017-2018 гады. Паміж дзяржавамі таксама падпісана праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі на 2016-2020 гады.
Для барацьбы з мытнымі парушэннямі, звязанымі з перамяшчэннем тавараў паветраным транспартам, падпісаны пратакол аб узаемадзеянні паміж дзяржаўнымі мытнымі камітэтамі.
Акрамя таго, па выніках перагавораў падпісаны пагадненні аб устанаўленні міжрэгіянальных сувязей паміж Гроднам і выканаўчай уладай Габалінскага раёна, аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і ЗАТ "Азербайджанскае тэлебачанне і радыёвяшчанне", а таксама шэраг іншых дакументаў.