Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

11 Врс 2026

"Адставанне да смерці падобна". Лукашэнка аб важнасці мадэрнізацыі сістэмы сувязі ў войсках


11 верасня, Баранавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Развіццё сістэмы сувязі ва Узброеных Сілах з'яўляецца актуальным і базавым пытаннем у забеспячэнні ваеннай бяспекі краіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час нарады з ваеннымі на агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння аператыўны абмен данымі, абароненасць каналаў і хуткасць прыняцця рашэнняў нэпасрэдна вызначаюць стратэгічную перавагу на полі бою, гарантуюць дакладнасць выканання баявых задач і бяспеку ўсяго асабовага складу, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ва ўмовах, калі ўвесь свет імкліва развівае інфармацыйныя тэхналогіі, сродкі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і падаўлення, адставанне ў гэтым пытанні падобна да смерці. Менавіта таму вялікую ўвагу ў развіцці нашых Узброеных Сіл і ў цэлым ваеннай арганізацыі дзяржавы мы ўдзяляем і будзем удзяляць мадэрнізацыі сістэмы сувязі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адным з дзейсных элементаў з'яўляецца выкананне мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі, у рамках якіх праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войскаў сувязі Узброеных Сіл.

Раней міністр абароны дакладваў Прэзідэнту, што да гэтага ў войсках і марыць не маглі аб той сістэме і сродках сувязі, якія ёсць цяпер. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што некалькі гадоў таму перад ваенна-прамысловым комплексам з улікам вопыту сучасных канфліктаў была пастаўлена задача аснасціць армію найноўшымі сродкамі сувязі. "Паглядзім, як выканана гэта задача. Усё павінна быць сумленна, аб'ектыўна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб важнасці гэтай сферы, Прэзідэнт падкрэсліў, што ніякай вайны - абароны, наступлення - не можа быць без надзейнай сувязі і кіравання войскамі.

"Знешнепалітычны парадак дня ведаеце. Агрэсіўную рыторыку ў адрас Беларусі вы бачыце, назіраеце. Разведка ў дачыненні да Беларусі вядзецца даволі адкрыта, амаль нахабна: перыядычна фіксуем розныя правакацыі, парушэнні паветранай прасторы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Але не гэта галоўнае. Галоўнае ў тым, што нашы суседзі сёння трацяць мільярды долараў на ўзбраенне сваёй арміі. Не толькі вучэнні ля граніцы, але і стварэнне новых часцей, армій, якія разгортваюцца на граніцы Беларусі. Што гэта такое? Для нас, ваенных людзей, усё вельмі нават зразумела. Таму нам трэба, як я гаварыў некалі адкрыта і сумленна, рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Мы павінны быць гатовы заўсёды да адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца".

Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб вопыце сучасных узброеных канфліктаў, які паказвае, што важнейшая роля адводзіцца кіраванню войскамі. "Калі мы не можам кіраваць войскамі, такія войскі нам не патрэбны. Там, дзе сістэма вытрымлівае ўдары, дзе камандзіры, кіраўнікі ўсіх узроўняў улады і арміі, Узброеных Сіл кіруюць боем і сістэмай у цэлым, - ад гэтага залежыць вынік канфлікту", - адзначыў ён.

Прэзідэнт прывёў нядаўні прыклад на Блізкім Усходзе, у Іране. "Вытрымалі ўдар тысяч ракет і бомб. Мільярды ($100 млрд называецца лічба, думаю, значна больш) Злучаныя Штаты Амерыкі патрацілі на тое, каб вырашыць пытанне на сваю карысць. Але выніку не дабіліся. Сістэма кіравання прадэманстравала ўстойлівасць, наколькі гэта магчыма, не перастала працаваць. І кіраванне было забяспечана", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў на нарадзе начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл - першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка, у перыяд з 7 па 11 верасня праводзіцца аператыўна-спецыяльнае вучэнне войскаў сувязі Узброеных Сіл. Мэта вучэння - адпрацоўка варыянтаў забеспячэння ўстойлівага кіравання ваеннай арганізацыяй дзяржавы з выкарыстаннем новых прыёмаў і спосабаў арганізацыі сувязі, зыходзячы з вопыту сучасных канфліктаў.

"Малайцы, што гэта спланавалі. Праверку не толькі непасрэдна баявых падраздзяленняў, а менавіта сістэм сувязі. Таму што гэта - галоўнае. Кіраванне ў любым канфлікце і нават у мірны час павінна быць забяспечана", - падкрэсліў беларускі лідар.

Да нарады, адразу пасля прылёту кіраўніка дзяржавы на палігон, міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін далажыў Аляксандру Лукашэнку, што за апошні час сістэма кіравання войскамі цалкам зменена. Прычым размова ідзе не проста аб кіраванні арміяй, але і ўсёй ваеннай арганізацыяй дзяржавы, сілавымі структурамі. Надзейнай сувяззю будзе ахоплены і грамадзянскі сектар.

"Мы некалі дамаўляліся аб тым, што ў арміі будзе новая не проста сістэма, але і сродкі сувязі. Гэта значыць, калі вайна, мы спакойна можам кіраваць войскамі, пачынаючы ад цэнтра да падраздзялення?" - пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Віктар Хрэнін запэўніў, што такія сродкі ёсць: "Устойлівасць, скрытнасць, надзейнасць сістэма сувязі забяспечыць. Тое, што ў нас ёсць, - пяць гадоў таму мы не маглі марыць аб гэтым".

На агульнавайсковым палігоне Абуз-Лясноўскі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з сучаснымі сродкамі і комплексамі сувязі, што стаяць на ўзбраенні войскаў, а таксама перспектыўнымі сродкамі сувязі, якія выпускаюцца прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама.

Кіраўніку дзяржавы даложана, што Узброеныя Сілы маюць комплекс неабходных сродкаў сувязі, якія даюць магчымасць кіраваць войскамі ў сучасных умовах. Гэта ў тым ліку розныя станцыі спадарожнікавай, трапасфернай сувязі, радыёрэлейныя станцыі, мабільныя тэлекамунікацыйныя комплексы, камандна-штабныя машыны. Размова ішла аб далейшых планах па аснашчэнні войскаў сродкамі сувязі з улікам вопыту сучасных канфліктаў - за кошт як пастаўкі новых узораў, так і мадэрнізацыі ўжо існуючых.

Прэзідэнту таксама прадставілі сістэму прымянення мабільнага батальённага комплексу сродкаў сувязі. Затым Аляксандр Лукашэнка наведаў камандна-назіральны пункт, дзе яму прадэманстравалі кіраванне элементамі баявога парадку батальёна са складу сіл неадкладнага рэагавання па сродках сувязі і аўтаматызацыі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі