Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Галоўныя навіны

Галоўныя навіны

4 Май 2017

Аб адносінах з КНР, Шаўковым шляху і дружбе з Сі Цзіньпінам: Лукашэнка сустрэўся з журналістамі з Кітая

Аб адносінах з КНР, Шаўковым шляху і дружбе з Сі Цзіньпінам: Лукашэнка сустрэўся з журналістамі з Кітая

4 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 мая ў Палацы Незалежнасці сустрэўся з прадстаўнікамі кітайскіх цэнтральных і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі - удзельнікамі прэс-туру ў Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У гэтым годзе Беларусь і Кітай адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін, і сённяшняя падзея стала значным мерапрыемствам юбілейнага года.

Аб дружбе і супрацоўніцтве Беларусі і Кітая

"Сусветная эканоміка і палітыка сталі, на жаль, непрадказальнымі. Але насуперак сусветным выклікам Беларусь і Кітай стварылі моцныя, трывалыя і надзейныя міждзяржаўныя сувязі - адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Бадай што, не знойдзецца ў Еўропе больш блізкай Кітаю краіны, чым Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што старшыня Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзян, наведваючы нядаўна Беларусь, назваў краіны жалезнымі братамі. "І сапраўды, сёння нашу дружбу, якая доўжыцца чвэрць стагоддзя, а каранямі ідзе ў больш даўнюю гісторыю, мы называем усепагоднай, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы дасягнулі значных вынікаў і ў палітыцы, падтрымліваючы адзін аднаго ў міжнародных арганізацыях, і ў эканоміцы".

Беларусь і Кітай ужо рэалізавалі дзясяткі інвестыцыйных праектаў у энергетыцы і будаўніцтве, цяпер сумесна ствараюць індустрыяльны парк. У гуманітарнай сферы ідзе абмен студэнтамі, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне навукі і турызму. "Тым не менш лічу, што ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кітаем павінна быць яшчэ больш маштабным і дынамічным. Менавіта таму бягучы год мы ацэньваем як пераломны ў двухбаковых адносінах", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аб ініцыятыве "Адзін пояс і адзін шлях"

На сустрэчы было адзначана, што прэс-тур кітайскіх журналістаў арганізаваны спецыяльна напярэдадні саміту "Адзін пояс і адзін шлях", у якім прыме ўдзел і Беларусь. На форуме будуць разглядацца глабальныя пытанні, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Па сутнасці, сама ініцыятыва "Адзін пояс і адзін шлях" з'яўляецца гістарычнай і перакройвае эканамічную карту свету, ствараючы новыя кропкі росту сусветнай эканомікі".

Прэзідэнт падкрэсліў, што Кітай пры рэалізацыі гэтай ініцыятывы не мае намеру навязваць свае інтарэсы або займацца гандлёвай экспансіяй дзяржаў. "Кітай ідзе (і ў гэтым асаблівасць, ніколі ў свеце такога не было) як дружалюбная краіна, прапануючы крэдыты, інвестыцыі, самыя перадавыя тэхналогіі ў тых краінах, праз якія пройдзе Шаўковы шлях", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўнікі кітайскіх СМІ ў час прэс-туру ў Беларусь ужо наведалі Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. Ён павінен стаць адной з вузлавых пляцовак эканамічнага пояса Шаўковага шляху. "Невыпадкова ж Сі Цзіньпін назваў яго жамчужынай гэтага маштабнага праекта. "Вялікі камень" і з'яўляецца прыкладам таго, як Кітай перакройвае эканамічную карту свету. Ён прыходзіць, у прыватнасці, у Беларусь, мы з ім ствараем тут велізарную індустрыяльную пляцоўку, і следам сюды прыходзяць самыя перадавыя кампаніі планеты, перш за ўсё Кітайскай Народнай Рэспублікі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Калі падлічваліся вынікі "Вялікага каменя", мы меркавалі, што Беларусь толькі ад экспарту прадукцыі з гэтага парка атрымае прыток валюты каля $50 млрд".

Прэзідэнт таксама расказаў, што ў час яго маючага адбыцца візіту ў Кітай запланавана сустрэча са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. "Мы абмяркуем не толькі актуальныя пытанні міжнароднага парадку дня, але і ў першую чаргу тэмы, якія важныя для пашырэння нашага двухбаковага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай і гуманітарнай сферах", - заявіў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, арганізаваць такі маштабны саміт няпроста, паколькі ў ім прымуць удзел лідары многіх краін. Асаблівая нагрузка ляжа і на Сі Цзіньпіна. "Калі праводзіш такія мерапрыемствы, заўсёды цяжка і занятасць вельмі высокая. Але з тых прадстаўнікоў кіраўнікоў дзяржаў, якія прыбудуць у Кітай, ён будзе сустракацца з Прэзідэнтам Беларусі. Гэта сведчыць аб нашых адносінах з вашым Старшынёй і адносінах паміж Беларуссю і Кітайскай Народнай Рэспублікай", - падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

Аб перспектывах беларуска-кітайскіх адносін

Прадстаўнікі кітайскіх СМІ цікавіліся ў Прэзідэнта яго бачаннем перспектыў беларуска-кітайскіх адносін. "Мы чакаем ад нашых адносін яшчэ большай рэзультатыўнасці", - сказаў беларускі лідар.

Перш за ўсё размова ідзе аб эканоміцы, у прыватнасці аб развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. "Вельмі важна цяпер рушыць наперад у эканамічных пытаннях, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Нам вельмі важна больш аператыўна прыцягваць у індустрыяльны парк "Вялікі камень" прадпрыемствы з самымі перадавымі тэхналогіямі - заўтрашняга, а можа, і паслязаўтрашняга дня".

Сі Цзіньпін надае гэтаму праекту вялікае значэнне, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў надзею, што пасля маючай адбыцца сустрэчы ў Пекіне індустрыяльны парк "Вялікі камень" атрымае дадатковае дыханне і развіццё. Так, Беларусь разлічвае на больш хуткі прыход інвестараў, перш за ўсё з КНР.

Аб супрацоўніцтве рэгіёнаў Беларусі і Кітая

Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і Кітая аказалася ў цэнтры ўвагі журналістаў, якія прадстаўляюць галоўныя правінцыі КНР. Прэзідэнт падкрэсліў важнасць развіцця гэтага напрамку, паколькі менавіта ў ім знаходзяцца асноўныя рэзервы ўзаемадзеяння. "Наверсе вырашыць можна шмат што ў дамоўленасцях паміж прэзідэнтамі, урадамі, ведамствамі. А вось рэалізаваць усё гэта ў поўным аб'ёме магчыма толькі падцягваючы канкрэтныя правінцыі і рэгіёны. Гэта добрае не толькі дапаўненне ў рэалізацыі дамоўленасцей паміж кіраўніцтвам Кітая і Беларусі, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва - добры рухавік нашых адносін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У прыклад было прыведзена ўзаемадзеянне паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі. "Я часта гавару, што, калі б не было міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, у нас ніколі не было б такіх саюзніцкіх адносін з гэтай дзяржавай", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што кожная вобласць Кітая па эканамічным патэнцыяле параўнальна з моцнай сярэднееўрапейскай краінай. У прыватнасці, ВУП адной толькі правінцыі Гуандун складае амаль $1,3 трлн, і Беларусь зацікаўлена развіваць з ёй супрацоўніцтва. Так, бакі ўжо актывізавалі гандаль, значна рушылі наперад у сферы турызму і навукі. Кітайскі рэгіён таксама гатовы пабудаваць у індустрыяльным парку "Вялікі камень" прадпрыемствы святлодыёднай прамысловасці. "Сёння ідзе размова аб адкрыцці прамога авіярэйса паміж Мінскам і Гуанчжоу, - дадаў Прэзідэнт. - Таму перспектывы добрыя".

У час сустрэчы абмяркоўвалася і развіццё кантактаў паміж правінцыяй Хэйлунцзян і Віцебскай вобласцю, у прыватнасці прыход на кітайскі рынак беларускіх вытворцаў і стварэнне сумесных прадпрыемстваў.

Беларусь гатова аказваць падтрымку і іншым рэгіёнам Кітая. "Забароненых тэм і праблем няма ў нашых адносінах, таму вы можаце разлічваць на падтрымку любой вашай ініцыятывы ў Беларусі. Прыходзьце, прапануйце - мы з вялікім задавальненнем прымем і акажам вам падтрымку", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Удзельнікі сустрэчы, адзначаючы якасць беларускай прадукцыі, пацікавіліся, ці будзе краіна павялічваць пастаўкі на кітайскіх рынак. "Сёння адкрываецца новае акно магчымасцей для экспарту беларускай прадукцыі ў Кітай", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер дзяржавы абмяркоўваюць значную розніцу ў аб'ёмах беларускага экспарту ў КНР і кітайскага імпарту ў Беларусь. Кітайскі бок, заўважыў Прэзідэнт, зацікаўлены ў дыверсіфікацыі гандлёва-эканамічных адносін такім чынам, каб устараніць дысбаланс.

Адказваючы на пытанні, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Беларусь павялічыла пастаўкі ў дружалюбную краіну мясной і малочнай прадукцыі, і яна карыстаецца там папулярнасцю дзякуючы высокай якасці.

Аб асабістых адносінах з Сі Цзіньпінам і маючых адбыцца перагаворах

Асобна ў беларускага Прэзідэнта карэспандэнты спыталі аб яго адносінах са Старшынёй КНР, папрасіўшы больш падрабязна расказаць аб запланаваным на сярэдзіну мая візіце ў Пекін.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Сі Цзіньпін заўсёды будзе для Беларусі вялікім сябрам. Ён шчыра прызнаўся, што з кітайскім лідарам яны па-сяброўску абмяркоўваюць любыя пытанні. "Мы не ўтойваем адзін ад аднаго нічога. Гледзячы адзін аднаму ў вочы, па-сяброўску абмяркоўваем любыя праблемы: не толькі нашых адносін, але і міжнароднага супрацоўніцтва", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сяброўскія адносіны ўстанавіліся і паміж сем'ямі лідараў дзвюх краін.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што яго маючы адбыцца візіт у КНР стане вельмі важным для будучага адносін дзвюх краін. "Ён будзе важным для будучага, у плане ўдасканалення нашых адносін, развіцця давернага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва", - растлумачыў ён.

У час перагавораў кіраўнікі дзяржаў плануюць абмеркаваць развіццё індустрыяльнага парка "Вялікі камень", у ліку іншых будуць закрануты і пытанні ваенна-тэхнічнага і эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў галіне бяспекі і барацьбе з тэрарызмам.

Яшчэ адным крокам у развіцці стратэгічнага партнёрства з Кітаем стане ўдзел Беларусі ў саміце "Адзін пояс і адзін шлях". Пры гэтым краіну на яго запрасілі ў ліку першых. "У нас найвышэйшы даверны ўзровень узаемадзеяння. І будучы саміт - гэта сведчанне ўзроўню нашых адносін", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяперашняе кіраўніцтва Беларусі і Кітая павінна стварыць фундамент двухбаковых адносін для будучых пакаленняў. "Новыя пакаленні павінны атрымаць ад нас не проста імпульс, а салідны задзел для далейшага руху па шляху супрацоўніцтва", - сказаў Прэзідэнт.

У сённяшняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам прынялі ўдзел каля 40 журналістаў з буйнейшых цэнтральных і рэгіянальных СМІ Кітая, у тым ліку інфармацыйнага агенцтва "Сіньхуа", газет "Жэньмінь Жыбаа" і "Чайна Дэйлі", Цэнтральнага тэлебачання Кітая, а таксама іншых друкаваных, электронных і тэлевізійных рэсурсаў. Яшчэ адным прыемным сюрпрызам для гасцей з Кітая стала экскурсія па Палацы Незалежнасці.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі