27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі за час яго работы паступіла 450 зваротаў. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў цэнтры расказаў яго кіраўнік Вадзім Грачоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усяго да нас паступіла 450 пытанняў. У адзіны дзень галасавання было крыху менш за 400. Гэта яшчэ раз пацвярджае высновы нашых наглядальнікаў, што выбарчы працэс быў арганізаваны на высокім узроўні. Разам з тым зразумела, што не ўсе грамадзяне ўнікаюць у заканадаўчыя нормы, таму ў іх і ўзнікалі пытанні", - сказаў Вадзім Грачоў.
Ён указаў на тое, што ў абсалютнай большасці выпадкаў людзям патрабаваліся кансультацыя і растлумачэнне, што зрабіць у той ці іншай сітуацыі. "Напрыклад, як арганізаваць галасаванне дома, па якіх дакументах можна прагаласаваць, ці можна рабіць фота на ўчастку і гэтак далей. У такім выпадку нашы аператары тут жа давалі ўсе неабходныя растлумачэнні. Калі мы рыхтавалі нашых актывістаў да работы ў цэнтры і на месцах, мы фармулявалі самыя папулярныя пытанні і адказы на іх, каб усё было аднастайна і зразумела, таму што папулярныя пытанні паўтараюцца з кампаніі ў кампанію", - адзначыў кіраўнік цэнтра.
Вадзім Грачоў таксама падкрэсліў, што больш за 46 працэнтаў усіх зваротаў датычылася працэдуры галасавання не па месцы рэгістрацыі, а па месцы знаходжання. "Гэту ж тэндэнцыю мы назіралі ў адзіны дзень галасавання. Грамадзяне маглі прагаласаваць па месцы знаходжання ў асноўны дзень галасавання толькі ў тым выпадку, калі загадзя паклапаціліся аб прадастаўленні неабходных пацвярджальных дакументаў і ўнясенні сваіх даных у спісы для галасавання. На жаль, гэта зрабілі не ўсе. У сувязі з гэтым да нас паступалі і даволі эмацыянальныя скаргі, аж да таго, што чалавека нібыта пазбавілі магчымасці зрабіць свой выбар. Такія выпадкі былі адзінкавымі. Такі працэнт зваротаў па адной тэме паказвае, што грамадскім аб'яднанням трэба правесці дадатковую растлумачальную работу ў працоўных калектывах", - дадаў ён.
Кіраўнік цэнтра расказаў, што ўзнікалі і асобныя аб'ектыўныя пытанні па складанні спісаў для галасавання. "У тым ліку быў адзін факт, калі ўзнік спрэчны момант па ўнясенні ў спісы і магчымасці прагаласаваць грамадзяніну па месцы рэгістрацыі. Чалавек да нас звярнуўся з гэтым пытаннем. Мы ўважліва вывучылі сітуацыю. Наш наглядальнік на ўчастку звярнуўся да камісіі з прапановай дадаткова разгледзець гэта пытанне. Не адразу, але мы гэта пытанне вырашылі на карысць выбаршчыка", - адзначыў Вадзім Грачоў. Ён таксама дадаў, што ўчора некаторыя грамадзяне даволі позна звярталіся з пытаннем, як арганізаваць галасаванне дома. Разумеючы, што заяўку чалавек можа пакінуць толькі да 18.00, аператары цэнтра дапамагалі аператыўна звязацца з камісіяй.
Вадзім Грачоў звярнуў увагу на тое, што былі і суб'ектыўныя заўвагі, нараканні, якія не пацвярджаліся. "Некаму не спадабаліся булачкі, нехта выказваў нараканні наконт таго, што раней участак быў размешчаны зручней. Некаму здалося, што камісія не ўдзяліла яму дастаткова ўвагі, хоць чалавек без праблем прагаласаваў. Быў таксама выпадак, калі мужчына прыйшоў на ўчастак з аб'ёмнай сумкай. На просьбу праваахоўнікаў паказаць, што там, ён адказаў адмовай і пайшоў з участка ў абурэнні", - расказаў кіраўнік цэнтра.
Ён рэзюмаваў, што ў цэлым ні аднаго факта, які ўказваў бы на парушэнне заканадаўства пры арганізацыі галасавання або паставіў пад сумненне яго рэзультат, у Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі не паступіла.
Па выніках сваёй работы ў час выбарчай кампаніі Цэнтр грамадскага назірання за выбарамі падрыхтаваў заяву для перадачы ў ЦВК. У ёй пазначана, што парушэнняў заканадаўства, якія маглі б паўплываць на ход электаральнай кампаніі, не зафіксавана, выбары Прэзідэнта Беларусі прайшлі ў адпаведнасці з усімі ўстаноўленымі нормамі, былі дэмакратычнымі, адкрытымі і празрыстымі, а ў кожнага грамадзяніна была магчымасць зрабіць свабодны і незалежны выбар.