26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ужо 84 грамадзяніны Беларусі, якія пражываюць за мяжой і знаходзяцца на консульскім уліку, прагаласавалі на выбарах Прэзідэнта Беларусі, у Інфармацыйным цэнтры агучыла сакратар ЦВК Алена Балдоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ужо 84 чалавекі з гэтай катэгорыі прагаласавалі на тых участках, якія арганізаваны для гэтай катэгорыі грамадзян", - расказала Алена Балдоўская.
Рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права грамадзяне, якія прыбылі ў Рэспубліку Беларусь з-за мяжы, могуць на ўчастках для галасавання ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Мінску, Магілёве. Да такой катэгорыі грамадзян адносяцца беларусы: якія валодаюць выбарчым правам; якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі; якія аформілі выезд для пастаяннага пражывання за межамі Беларусі; якія знаходзяцца на консульскім уліку грамадзян Рэспублікі Беларусь; якія не маюць рэгістрацыі па месцы знаходжання на тэрыторыі Беларусі.
Бюлетэнь для галасавання выдаецца пры прад'яўленні пашпарта, ідэнтыфікацыйнай карткі, біяметрычнага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.