Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

21 Жнв 2015

Хто мае шанцы на выхад у "плэй-оф" прэзідэнцкай гонкі ў Беларусі?

Лічаныя гадзіны застаюцца да завяршэння збору і здачы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Карэспандэнты БЕЛТА пацікавіліся, хто і з якімі паказчыкамі прыйшоў на гэты прамежкавы фініш перадвыбарнай гонкі, а хто, відавочна, сышоў з дыстанцыі.

Паводле апошніх даных, за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі сабрана больш за 1,7 млн подпісаў, паведаміў журналістам кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіл Орда. Падпісныя лісты згодна з заканадаўствам перададзены ў тэрытарыяльныя камісіі.

У падтрымку вылучэння Сяргея Гайдукевіча сабрана больш за 130 тыс. подпісаў. Іх збор каманда спыніла яшчэ ў канцы мінулага тыдня, а затым ініцыятыўная група праводзіла ўнутраную праверку падпісных лістоў. На гэты момант практычна ўсе яны перададзены ўжо ў тэрытарыяльныя выбаркамы.

Ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі таксама здае подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Паводле апошніх даных, пра якія ўдалося даведацца карэспандэнтам БЕЛТА ў прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, за вылучэнне гэтага патэнцыяльнага кандыдата падпісаліся амаль 128 тыс. грамадзян.

У штабе Таццяны Караткевіч запэўнілі, што ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будзе здадзена не менш як 100 тыс. подпісаў, аднак іх дакладную колькасць назваць пакуль не змаглі.

На дзень раней у ініцыятыўнай групе Мікалая Улаховіча таксама паведамілі аб сабраных 100 тыс. подпісаў. У штабе мяркуюць, што канчатковая лічба складзе прыкладна 110 тыс.

Напярэдадні ў ініцыятыўнай групе Сяргея Калякіна заяўлялі прыкладна аб 70 тыс. сабраных подпісаў, і па стане на цяперашні момант гэта лічба не павялічылася. У сувязі з гэтым, як стала вядома БЕЛТА, ініцыятыўная група не будзе здаваць падпісныя лісты ў выбаркамы.

Яшчэ адзін патэнцыяльны кандыдат у прэзідэнты Анатоль Лябедзька раней заяўляў аб сваім намеры спыніць удзел у перадвыбарнай гонцы. Дарэчы, паводле апошніх агучаных даных, яго ініцыятыўнай групе ўдалося сабраць каля 50 тыс. подпісаў грамадзян, чаго яўна недастаткова для рэгістрацыі.

У сваю чаргу прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду Жанна Раманоўская за ўвесь перыяд збору подпісаў так і не агучыла іх колькасць. Улічваючы нешматлікі склад яе ініцыятыўнай групы, размова аб дасягненні 100 тыс. подпісаў у гэтым выпадку, хутчэй за ўсё, не ідзе.

Тэрытарыяльныя камісіі завяршаюць прыём подпісаў ад ініцыятыўных груп 21 жніўня ў 19.00.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі