Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

1 Кст 2015

ВЫБАРЫ-2015: Час, месца і парадак галасавання, датэрміновае галасаванне

На выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галасаванне праводзіцца з 8 да 20 гадзін. Участковыя камісіі не пазней як за 10 дзён да выбараў апавяшчаюць выбаршчыкаў аб дні выбараў, часе і месцы галасавання, нумары тэлефона камісіі, а таксама накіроўваюць выбаршчыкам інфармацыю аб кандыдатах у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

На ўчастках для галасавання, створаных у воінскіх часцях, санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, участковыя камісіі могуць аб'явіць галасаванне скончаным i раней за 20 гадзін, калі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спіс.

З 26 верасня выбаршчыкі могуць праверыць наяўнасць свайго прозвішча ў спісах. Зрабіць гэта зможа любы чалавек, які мае права голасу, наведаўшы выбарчы ўчастак, размешчаны недалёка ад яго месца жыхарства. Грамадзяне Беларусі на выбарах могуць прагаласаваць толькі па месцы рэгістрацыі.

Як паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, абласныя выбарчыя камісіі і камісія горада Мінска прадаставілі папярэднія даныя аб колькасці выбаршчыкаў - 6 млн 995 тыс. 181. У прыватнасці, па Брэсцкай вобласці колькасць выбаршчыкаў склала 1000295, па Віцебскай - 877793, па Гомельскай - 1101044, па Гродзенскай - 778355, па Мінскай - 1116183, па Магілёўскай - 814852, па горадзе Мінску - 1300917. За межамі Беларусі ў спісы для галасавання ўключана 5742 чалавекі. Даныя будуць удакладняцца за два тыдні да выбараў і ў дзень выбараў.

Для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах у краіне будзе надрукавана больш як 7 млн бюлетэняў. Агульны рэзерв запасных бюлетэняў складае да 5 працэнтаў і будзе размеркаваны па ўчастках.

Увогуле ў Беларусі і за яе межамі створана больш як 6,1 тыс. участкаў для галасавання. У тым ліку ўчасткі будуць працаваць у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць меддапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама ў воінскіх часцях. Для грамадзян Беларусі, якія пражываюць за межамі краіны, створана 49 участкаў.

Арганізацыя галасавання на ўчастку для галасавання і паўнамоцтвы ўчастковай камісіі

Галасаванне праводзіцца ў спецыяльна адведзеных памяшканнях, у якіх павінны быць абсталяваны ў дастатковай колькасці кабіны або пакоі для тайнага галасавання, вызначаны месцы выдачы бюлетэняў і ўстаноўлены скрыні для галасавання. Скрыні для галасавання ўстанаўліваюцца такім чынам, каб тыя, хто галасуе, пры падыходзе да іх абавязкова праходзілі праз кабіны або пакоі для тайнага галасавання.

Адказнасць за арганізацыю галасавання, забеспячэнне тайны волевыяўлення выбаршчыкаў, абсталяванне памяшканняў і падтрыманне ў іх неабходнага парадку нясе ўчастковая камісія. У дзень выбараў перад пачаткам галасавання скрыні для галасавання правяраюцца, пламбіруюцца або апячатваюцца старшынёй участковай камісіі ў прысутнасці не менш як дзвюх трацей складу камісіі.

Пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь участковая камісія:

- забяспечвае выкананне патрабаванняў Выбарчага кодэкса і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах на тэрыторыі ўчастка для галасавання;

- удакладняе спіс выбаршчыкаў па ўчастку для галасавання;

- знаёміць выбаршчыкаў са спісам выбаршчыкаў, разглядае заявы аб няправільнасцях у спісе і вырашае пытанне аб унясенні ў яго адпаведных змяненняў;

- апавяшчае выбаршчыкаў аб месцы знаходжання, часе работы і нумары тэлефона ўчастковай камісіі, а таксама аб дні выбараў, часе і месцы галасавання;

- накіроўвае выбаршчыкам інфармацыю аб кандыдатах у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, прадстаўленую Цэнтральнай камісіяй;

- забяспечвае рэалізацыю прадугледжанага Выбарчым кодэксам права выбаршчыкаў прагаласаваць на выбарах датэрмінова, а таксама захаванасць бюлетэняў;

- забяспечвае падрыхтоўку памяшкання для галасавання, скрынь для галасавання і іншага абсталявання;

- кантралюе на тэрыторыі ўчастка для галасавання выкананне правіл размяшчэння агітацыйных матэрыялаў;

- забяспечвае мэтавае выкарыстанне грашовых сродкаў, выдзеленых на правядзенне выбараў;

- арганізуе галасаванне ў дзень выбараў;

- праводзіць падлік галасоў і ўстанаўлівае вынікі галасавання па ўчастку;

- разглядае заявы і скаргі па пытаннях падрыхтоўкі выбараў, арганізацыі галасавання, падліку галасоў і прымае па iх рашэннi;

- заслухоўвае паведамленні службовых асоб мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый па пытаннях, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў;

- ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Правядзенне галасавання на ўчастку для галасавання

Бюлетэнь для галасавання выдаецца выбаршчыку на аснове спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, пасля прад'яўлення пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншага дакумента, што вызначаецца Цэнтральнай камісіяй. Пры атрыманні бюлетэня выбаршчык распісваецца ў адпаведнай графе названага спіса.

Пры галасаванні на выбарах выбаршчык ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад прозвішча таго кандыдата, за якога ён галасуе. Калі выбаршчык галасуе супраць усіх кандыдатаў, ён ставіць любы знак у пустым квадраце, размешчаным справа ад радка "Супраць усіх кандыдатаў". Запоўнены бюлетэнь выбаршчык апускае ў скрыню для галасавання.

У выпадку, калі выбаршчык лічыць, што пры запаўненні бюлетэня зрабіў памылку, ён мае права звярнуцца да члена ўчастковай камісіі, які выдаў бюлетэнь, з просьбай выдаць яму новы бюлетэнь узамен сапсаванага. Член участковай камісіі, атрымаўшы сапсаваны бюлетэнь, на якім павінен быць уласнаручны подпіс выбаршчыка, выдае выбаршчыку новы бюлетэнь, робячы паметку аб гэтым у спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, насупраць прозвішча выбаршчыка, які дапусціў памылку. Сапсаваны бюлетэнь пагашаецца, аб чым складаецца акт, што падпіcваецца старшынёй ці намеснікам старшыні або сакратаром і двума членамі ўчастковай камісіі.

24 верасня адбылося пасяджэнне ЦВК, дзе быў зацверджаны шэраг пастаноў, у тым ліку аб дакументах, згодна з якімі выбарчыя бюлетэні будуць выдавацца пасля прад'яўлення пашпарта або даведкі органаў унутраных спраў аб страце пашпарта, для ваеннаслужачых тэрміновай службы - пасля прад'яўлення ваеннага білета. Калі ў выбаршчыка няма пашпарта, але ён унесены ў спісы для галасавання, бюлетэнь можа быць выдадзены на аснове службовага пасведчання дзяржслужачага, студэнцкага білета, пенсійнага пасведчання з фатаграфіяй або вадзіцельскіх правоў.

Падставай для ўключэння ў спісы выбаршчыкаў з'яўляецца рэгістрацыя па месцы жыхарства пастаянная або часовая. Калі ў выбаршчыка адсутнічае часовая рэгістрацыя, ён можа быць уключаны ў спіс выбаршчыкаў на падставе дакументаў, якія пацвярджаюць пражыванне ў населеным пункце, напрыклад, дагавора найму кватэры або дагавора аб будаўніцтве жылля, або іншых дакументаў, што пацвярджаюць права ўласнасці на жыллё, якое размешчана на тэрыторыі ўчастка для галасавання, куды грамадзянін звярнуўся.

Таксама 24 верасня Цэнтрвыбаркам прыняў пастанову адносна асоб, у якіх свабода абмежавана па тых ці іншых прычынах і якія ўтрымліваюцца ў арыштных дамах, адміністрацыйных ізалятарах, ЛПП або пражываюць у спецкамендатуры ў сувязі з адбываннем пакарання. Гэтыя грамадзяне будуць уключацца ў спісы ўчасткаў для галасавання, на тэрыторыі якіх размешчаны ўстановы, дзе яны адбываюць пакаранне. Звесткі аб такіх асобах будуць у абавязковым парадку даводзіцца да ўчастковых камісій па месцы жыхарства, і такія грамадзяне будуць выключаны са спісаў.

Бюлетэнь запаўняецца тым, хто галасуе, у кабіне або пакоі для тайнага галасавання. Выбаршчык, які не мае магчымасці самастойна запоўніць бюлетэнь, мае права запрасіць у кабіну або пакой для тайнага галасавання іншую асобу паводле свайго меркавання, акрамя членаў участковай і вышэйшых камісій, кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх давераных асоб, а таксама асоб, названых у частцы чацвёртай артыкула 13 Выбарчага кодэкса РБ.

У Беларусі на выбарах 2015 года ўпершыню ствараюцца ўмовы для самастойнага галасавання выбаршчыкаў, у якіх парушаны зрок. Выбаршчык са слабым зрокам мае права прагаласаваць без дапамогі іншых асоб з выкарыстаннем спецыяльнага трафарэта (у яго ўкладваецца бюлетэнь), аднак гэта не выключае яго права знаходзіцца ў кабіне для галасавання з суправаджальнікам або скарыстацца пры запаўненні бюлетэня дапамогай іншага выбаршчыка, які знаходзіцца ў памяшканні. Такім чынам, нават атрымаўшы трафарэт або лупу для запаўнення бюлетэня, інвалід па зроку можа запрасіць у кабіну іншую асобу для аказання дапамогі ў запаўненні бюлетэня.

У Мінску інваліды змогуць скарыстацца паслугамі сацыяльнага таксі для наведвання выбарчых участкаў, паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Для наведвання выбарчых участкаў у дні датэрміновага галасавання і дзень правядзення выбараў мінчане з ліку інвалідаў І групы, інвалідаў-калясачнікаў, інвалідаў ІІ групы старэйшыя за 70 гадоў могуць скарыстацца паслугамі службы "Сацыяльнае таксі" і суправаджэннем сацработніка, звярнуўшыся ў тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў сталіцы.

Датэрміновае галасаванне на выбарах

Выбаршчык, які не мае магчымасці ў дзень выбараў знаходзіцца па месцы свайго жыхарства, мае права не раней як за пяць дзён да выбараў ва ўмовах, што выключаюць кантроль за яго волевыяўленнем, запоўніць у памяшканні ўчастковай камісіі бюлетэнь і апусціць яго ў апячатаную асобную скрыню для галасавання выбаршчыкаў. Афіцыйнае пацвярджэнне прычын немагчымасці выбаршчыка прыйсці ў памяшканне для галасавання ў дзень выбараў не патрабуецца.

Датэрміновае галасаванне будзе ажыццяўляцца з 6 па 10 кастрычніка з 10 да 14 гадзін і з 16 да 19 гадзін у прысутнасці не менш як двух членаў участковай камісіі. У першы дзень датэрміновага галасавання скрыні для галасавання пламбіруюцца або апячатваюцца ў парадку, прадугледжаным часткай трэцяй артыкула 51 Выбарчага кодэкса РБ.

У перыяд датэрміновага галасавання штодзённа пасля заканчэння часу правядзення галасавання старшыня або намеснік старшыні ўчастковай камісіі заклейвае проразь для апускання бюлетэняў у скрыні для галасавання лістом паперы. Старшыня або намеснік старшыні і член участковай камісіі ставяць подпісы на гэтым лісце. Раскрыццё проразі для апускання бюлетэняў у скрыні для галасавання ажыццяўляецца штодзённа перад пачаткам датэрміновага галасавання старшынёй або намеснікам старшыні ўчастковай камісіі. Пры заклейванні і раскрыцці проразі для апускання бюлетэняў у скрыні для галасавання маюць права прысутнічаць наглядальнікі, замежныя (міжнародныя) наглядальнікі, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Захоўванне скрыні для галасавання забяспечваецца старшынёй участковай камісіі.

У перыяд датэрміновага галасавання штодзённа старшыня або намеснік старшыні ўчастковай камісіі складае пратакол, у якім пазначаецца колькасць бюлетэняў, атрыманых участковай камісіяй, колькасць грамадзян, якія атрымалі бюлетэні для галасавання (у апошні дзень датэрміновага галасавання - агульную колькасць грамадзян, якія атрымалі бюлетэні для галасавання), колькасць сапсаваных бюлетэняў і колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў. Пратакол падпісваецца старшынёй або намеснікам старшыні і членам камісіі. Копія пратакола вывешваецца для ўсеагульнага азнаямлення ў памяшканні ўчастковай камісіі.

Пры атрыманні бюлетэня выбаршчык уласнаручна распісваецца ў спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, і пазначае дату датэрміновага галасавання.

Датэрміновае галасаванне не праводзіцца на ўчастках для галасавання, створаных у санаторыях, прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і іншых арганізацыях аховы здароўя, што аказваюць медыцынскую дапамогу ў стацыянарных умовах, а таксама перад другім турам галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, гаворачы аб датэрміновым галасаванні, адзначыла: "Нам трэба змагацца за галасы выбаршчыкаў, а не адхіляць магчымасці, каб людзі маглі прагаласаваць у зручны час і ў зручнай для іх форме. Што датычыцца падліку галасоў, то цяпер у законе з'явілася норма, якая ўстанаўлівае, што галасы - гэта значыць выбарчыя бюлетэні па ўсіх скрынях для галасавання - павінны падлічвацца асобна. Падлік галасоў пачынаецца з таго, што распячатваецца першай скрыня для датэрміновага галасавання і падлічваюцца ўсе бюлетэні, якія знаходзяцца ў ёй. Затым распячатваюцца скрыні для галасавання, якія выкарыстоўваліся пры наведванні выбаршчыкаў дома. Трэцяй, апошняй, распячатваецца скрыня, якая выкарыстоўвалася ў дзень выбараў. Такім чынам, раздзельная працэдура падліку галасоў дае магчымасць улічваць і рабіць галоснай тую колькасць выбаршчыкаў, якія прымалі ўдзел у датэрміновым галасаванні".

Галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыка

Участковая камісія абавязана забяспечыць магчымасць удзельнічаць у галасаванні выбаршчыкам, якія па стане здароўя або па іншых уважлівых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў у памяшканне для галасавання. У гэтых мэтах ва ўчастковай камісіі павінна быць не больш як тры пераносныя скрыні для галасавання.

Участковая камісія па просьбе выбаршчыкаў, выказанай у пісьмовай або вуснай форме, даручае не менш як двум членам камісіі арганізаваць галасаванне па месцы знаходжання гэтых асоб у дзень выбараў у наступным парадку:

вусныя і пісьмовыя просьбы выбаршчыкаў аб арганізацыі галасавання па месцы iх знаходжання ў дзень выбараў заносяцца ў спецыяльна створаны спіс, падпісаны старшынёй або сакратаром участковай камісіі, у якім пазначаюцца даныя аб гэтых асобах, прадугледжаныя ў спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах. Афіцыйнае пацвярджэнне прычын немагчымасці прыйсці ў памяшканне для галасавання не патрабуецца. Выбаршчыкі могуць звярнуцца з просьбай аб арганізацыі галасавання па месцы iх знаходжання ў дзень выбараў у любы час пасля стварэння ўчастковай камісіі, а ў дзень галасавання не пазней як за дзве гадзіны да заканчэння часу галасавання;

члены ўчастковай камісіі атрымліваюць бюлетэні і распісваюцца ў іх атрыманні. Колькасць выдаваемых бюлетэняў павінна адпавядаць колькасці просьбаў, якія паступілі ад выбаршчыкаў;

для арганізацыі галасавання па месцы знаходжання выбаршчыкаў старшыня або сакратар участковай камісіі з асноўнага спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, выпісвае ў асобны ўкладны ліст усе даныя аб гэтых асобах і падпісвае яго. У гэтым укладным лісце выбаршчыкі, якія галасуюць па месцы свайго знаходжання, пры атрыманні бюлетэня ўласнаручна распісваюцца. Потым у асноўным спісе грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, робіцца паметка, што гэтыя асобы прагаласавалі па месцы свайго знаходжання.

Укладныя лісты спіса грамадзян, маючых права ўдзельнічаць у выбарах, у якіх запісаны выбаршчыкі, якія прагаласавалі па месцы свайго знаходжання, павінны захоўвацца разам з асноўным спісам грамадзян, маючых права ўдзельнічаць у выбарах.

Для беларускіх работнікаў будоўлі атамнай электрастанцыі плануецца арганізаваць галасаванне ў Астраўцы. Аб гэтым на пасяджэнні Гродзенскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паведаміў яе старшыня Валерый Саўко. Паводле яго слоў, на будаўніцтве аб'екта занята амаль 2,8 тыс. выбаршчыкаў. Многія камандзіраваны і працуюць вахтавым метадам па два тыдні. Гэта значыць, што яны не змогуць прагаласаваць па месцы рэгістрацыі ні датэрмінова, ні ў дзень выбараў. У камісію паступілі адпаведныя пытанні ад грамадзян. Таму плануецца ўключыць гэтых работнікаў у спісы выбаршчыкаў Астравецкага раёна. Удакладняюцца звесткі аб занятых на будаўніцтве, аб месцах іх пражывання ў камандзіроўцы. З улікам гэтага будзе выбраны спосаб галасавання - магчыма, пашыраць адзін або два выбарчыя ўчасткі ў Астраўцы. Раённая камісія гатова забяспечыць усё неабходнае для галасавання дадатковай колькасці выбаршчыкаў.ВЫБАРЫ-2015: Час, месца і парадак галасавання, датэрміновае галасаванне

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі