Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

24 Ліп 2015

Першы дзень збору подпісаў прайшоў спакойна

23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі прайшоў спакойна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

"У першы дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Беларусі пісьмовых скаргаў у Цэнтрвыбаркам не паступала", - сказала Лідзія Ярмошына.

У прэс-службе Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі таксама паведамілі, што якіх-небудзь здарэнняў, звязаных са стартам кампаніі па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на пасаду кіраўніка дзяржавы, не зарэгістравана. "Скаргаў да нас не паступала, заўваг няма. Міліцыя працуе ў штатным рэжыме", - пракаменціравалі ў ведамстве.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду кіраўніка дзяржавы прадоўжыцца да 21 жніўня ўключна.

Грамадзяне, да якіх будуць звяртацца зборшчыкі подпісаў, павінны звяртаць увагу, ці правільна запоўнены падпісныя лісты. На правым баку падпіснога ліста павінны быць пазначаны без скарачэнняў звесткі аб асобе, якая вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты (прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння, пасада (занятак), месца работы і месца жыхарства, партыйнасць). Таксама там пазначаецца прозвішча, імя і імя па бацьку члена ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Падпісны ліст запаўняецца на беларускай або рускай мове. Звесткі аб выбаршчыку, прадугледжаныя ў графах 1-5, могуць запаўняцца як самім выбаршчыкам, так і іншымі асобамі, у тым ліку членам ініцыятыўнай групы, які збірае подпісы. Але выбаршчык уласнаручна ставiць у падпісным лісце дату подпісу і распісваецца ў графах 6 і 7. Подпісы выбаршчыкаў нумаруюцца. У падпісным лісце павінны быць подпісы выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі толькі аднаго горада абласнога падпарадкавання, раёна, а ў гарадах з раённым дзяленнем - аднаго раёна.

Акрамя таго, член ініцыятыўнай групы павінен мець пасведчанне, выдадзенае Цэнтральнай камісіяй, і дакумент, які засведчвае асобу. Гэтыя дакументы прад'яўляюцца выбаршчыкам. Пры зборы подпісаў забараняецца прымушэнне і ўзнагароджанне выбаршчыкаў за іх унясенне. У гэтым выпадку маецца на ўвазе перадача выбаршчыку грашовых сродкаў, падарункаў, іншых матэрыяльных каштоўнасцей, правядзенне льготнай распрадажы тавараў або бязвыплатнае ці на льготных умовах аказанне паслуг. Не дапускаецца ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў выбаршчыкаў у рабочы час.

Як паведамлялася раней, Цэнтральная камісія Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў дапусціла да ўдзелу ў зборы подпісаў 8 ініцыятыўных груп: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна, Сяргея Гайдукевіча, Віктара Цярэшчанкі, Мікалая Улаховіча, Жанны Раманоўскай, Таццяны Караткевіч і Анатоля Лябедзькі. Для таго каб кандыдат быў зарэгістраваны, трэба сабраць не менш як 100 тыс. подпісаў. Пры гэтым канкрэтны грамадзянін Беларусі мае права ставіць подпіс за вылучэнне адразу некалькіх кандыдатаў, але ён не можа падпісвацца два і больш разы за аднаго прэтэндэнта.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі