Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

6 Кст 2015

Караткевіч выступае за змяненне падыходаў да разліку бюджэту пражытачнага мінімуму

Караткевіч выступае за змяненне падыходаў да разліку бюджэту пражытачнага мінімуму

6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі неабходна змяніць падыходы да разліку бюджэту пражытачнага мінімуму, заявіла сёння журналістам кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч на пікеце ў цэнтры Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тыя разлікі, якія ёсць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны па бюджэце пражытачнага мінімуму і мінімальнай зарплаты, устарэлі. Яны даўно не мяняліся. Іх трэба пераразлічыць", - сказала Таццяна Караткевіч. Яна таксама лічыць, што памер мінімальнай заработнай платы павінен быць роўны палавіне сярэдняй зарплаты па краіне.

Адказваючы на пытанне наконт таго, адкуль можна ўзяць грошы на гэтыя мэты, Караткевіч адзначыла, што неабходна выкарыстоўваць тры крыніцы. Па-першае, неабходна пераразмеркаваць рэспубліканскі бюджэт. "Трэба паглядзець, дзе ёсць "дзірка" і магчымасць скараціць расходы", - сказала кандыдат. Яна дадала, што бюджэт на 2016 год запланаваны так, што яго трэць прыпадае на артыкул "іншыя расходы". Пры гэтым палітык не растлумачыла журналістам, што законапраект аб бюджэце яшчэ не прымаўся ў парламенце. Акрамя таго, паводле яе слоў, трэба паступова адмаўляцца ад датацый для прадпрыемстваў, якія працуюць неэфектыўна.

Неабходна таксама развіваць прыватны сектар, каб павялічыць адлічэнні ў бюджэт, лічыць Таццяна Караткевіч. Трэцяя крыніца - прыцягненне інвестыцый. Для гэтага, паводле слоў кандыдата, патрэбна "ўстойлівае заканадаўства" не толькі для прыватнага бізнесу, але і для інвестараў. Інвестдагавор павінен гарантаваць захаванасць укладу інвестара ва ўласнасць і абарону яго правоў у незалежным судзе. Гэта, паводле яе слоў, дасць магчымасць прыцягнуць і ўнутраных інвестараў, і замежных. Палітык лічыць, што для гэтага трэба таксама збалансаваць міжнародную палітыку Беларусі. Гаворачы аб ЕАЭС і іншых інтэграцыйных утварэннях, кандыдат адзначыла, што неабходна перагледзець існуючыя дагаворы, каб яны больш адпавядалі нацыянальным інтарэсам Беларусі. Разам з тым Таццяна Караткевіч лічыць, што патрэбна нармалізацыя адносін з Еўрасаюзам. На яе погляд, з ЕС важна гаварыць аб дагаворы шырокага спектра супрацоўніцтва ў эканоміцы, адукацыі, культуры і іншых сферах. Кандыдат таксама падкрэсліла, што пакуль не створана дастатковай нарматыўна-прававой базы для супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам.

Таксама Караткевіч выступае за "імпартаванне еўрапейскіх каштоўнасцей і тэхналогій", але адначасова з гэтым, падкрэслівае яна, Беларусь павінна заставацца незалежнай.

Праводзячы сённяшні пікет, Таццяна Караткевіч запрасіла журналістаў, сярод якіх былі прадстаўнікі мас-медыя заходніх і постсавецкіх дзяржаў, у прадуктовы магазін. Там кандыдат паказала, якая, на яе погляд, прадуктовая спажывецкая карзіна на тыдзень, калі зыходзіць з таго, што чалавек траціць на яе прыкладна шостую частку бюджэту пражытачнага мінімуму.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі