Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прэзідэнцкія выбары-2015

Прэзідэнцкія выбары-2015 у Беларусі

2 Кст 2015

Караткевіч прапануе змяніць у Беларусі падыходы да атрымання вышэйшай адукацыі

2 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч прапануе змяніць у Беларусі падыходы да атрымання вышэйшай адукацыі. Аб гэтым яна заявіла сёння, выступаючы на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, паведамляе БЕЛТА.

"Сучаснай Беларусі патрэбны кадры, якія валодаюць сучаснымі ведамі, таму даступная і якасная адукацыя - аснова нашага дабрабыту і стабільнасці развіцця. Што сёння ў Беларусі адбываецца ў гэтай сферы? У сусветным рэйтынгу паспяховасці ВНУ Беларусь прадстаўлена толькі двума ўніверсітэтамі, а маленькая Літва - чатырма, Польшча - шасцю", - адзначыла кандыдат.

Яна са шкадаваннем канстатавала, што моладзь атрымлівае адукацыю дзеля дыплома. "І што атрымліваем ўзамен? Студэнты смяюцца над падручнікамі мінулага стагоддзя і ўстарэлым абсталяваннем", - лічыць Таццяна Караткевіч. Паводле яе слоў, пасля заканчэння ВНУ яны "выходзяць са сваімі дыпломамі, а рынку не патрэбны". "Як змяніць сітуацыю? Рэцэпты вядомы. Трэба перастаць ізаляваць нашу адукацыю ад сучаснага свету. Новы вопыт, новыя веды не магчымы без свабоднага валодання замежнымі мовамі, а размеркаванне - дастойная дзяржаўная гарантыя першага рабочага месца для маладога спецыяліста", - падкрэсліла кандыдат.

Таццяна Караткевіч пераканана: у дзяржаўных ВНУ ўсе беларускія студэнты павінны вучыцца бясплатна. Якасная і даступная адукацыя - адна з самых выгадных інвестыцый, якія толькі могуць быць, таму што "людзі, якія атрымалі запатрабаваную прафесію, будуць зарабляць больш". "А значыць, будзе больш падаткаў і магчымасцей забяспечыць сацыяльную абарону і развіццё краіны", - лічыць яна.

Кандыдат у прэзідэнты, гаворачы аб эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў цэлым, адзначыла: "Ёсць праблемы, якія стаяць цяпер перад эканомікай. Гэта занятасць насельніцтва, мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў, сацыяльная абарона грамадства". Яна таксама чарговы раз прывяла як прыклад вопыт сваёй работы ў Ленінскім выканкаме Мінска. "Я сама бачыла, як бяруць старыя планы, перабіваюць іх на наступны год, і так кожны год. З такім падыходам мы далёка не пойдзем, а проста асуджаны таптацца на месцы і вечна адставаць", - заявіла Таццяна Караткевіч.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі