Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Усебеларускі народны сход

Усебеларускі народны сход

11 Feb 2021

Лукашэнка: рашэнні УНС не будуць спантаннымі і нечаканымі

Лукашэнка: рашэнні УНС не будуць спантаннымі і нечаканымі

11 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рашэнні УНС не будуць спантаннымі і нечаканымі, паколькі да пачатку форуму была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа, у тым ліку ў фармаце дыялогавых пляцовак. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, выступаючы на адкрыцці VI Усебеларускага народнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо шосты раз у суверэннай гісторыі краіны звяртаюцца непасрэдна да народа, каб разам абмеркаваць і прыняць кансалідаванае рашэнне па далейшым развіцці нашай краіны і грамадства. "Сёння тут сабраліся дэлегаты з усіх куткоў Беларусі, прадстаўнікі самых розных прафесій і сацыяльных груп. За кожным стаяць вашы выбаршчыкі - працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі. Гэта мільёны людзей, якія даверылі вам быць іх голасам у абмеркаванні і прыняцці глабальных рашэнняў у жыцці нашай Беларусі. Рашэнняў, якія, як вы ведаеце, не будуць для нас і для грамадства спантаннымі і нечаканымі", - сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што падрыхтоўка да правядзення УНС ішла некалькі месяцаў, збіраліся меркаванні людзей, самыя вострыя і надзённыя пытанні, у рэгіёнах актыўна працавалі дыялогавыя пляцоўкі. "Мы нічога не ўтойвалі, нам з вамі ёсць што абмеркаваць сёння", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці першай тэмы для абмеркавання Прэзідэнт назваў сітуацыю ў эканоміцы, дасягненні і магчымыя недахопы. "І галоўнае - дзе ёсць рэзервы і канкрэтныя прапановы па далейшым развіцці", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Як нам ва ўмовах пандэміі і знешняга націску жыць далей? Якія прыняць меры для таго, каб забяспечыць эканамічны рост і дастойны ўзровень жыцця людзей з сацыяльнай падтрымкай насельніцтва? - прадоўжыў ён. - Гэта аснова нашай эканамічнай мадэлі, сутнасць беларускай сацыяльнай дзяржавы. А прапановы, ідэі могуць быць рознымі. Неабавязкова толькі тыя, на якіх акцэнтуем увагу мы, у кіраўніцтве краіны і ўрадзе. У мяне адно патрабаванне, і вы яго добра ведаеце. Паўтаруся: усё павінна быць адкрыта і рэальна, нам баяцца няма каго".

Другая важная тэма для абмеркавання на форуме - пытанні грамадска-палітычнага развіцця, ролі грамадзян у палітычным жыцці краіны і магчымасць карэкціроўкі асноўнага закона. "Яшчэ адна тэма - размеркаванне ўладных паўнамоцтваў, узмацненне ролі мясцовага кіравання і самакіравання. Мы павінны максімальна наблізіць цэнтры прыняцця рашэнняў да людзей, забяспечыць пастаянную, эфектыўную зваротную сувязь паміж уладай і насельніцтвам. Гэта павінна ісці ад жыцця і ад нашых людзей. Ніякай надуманасці быць не павінна, паколькі будзем мець адваротны эфект ад такой перабудовы", - упэўнены беларускі лідар.

Неабходнасць прааналізаваць рэаліі геапалітычнай сітуацыі, у якой апынулася краіна, Прэзідэнт назваў у якасці трэцяй тэмы форуму.

Чацвёрты блок пытанняў, якія патрабуюць пільнай увагі, датычыцца зберажэння каштоўнасцей, традыцый, якія даюць магчымасць беларусам заставацца нацыяй. "Трэба ўдзяліць час пытанням адукацыі і культуры, аховы гістарычнай памяці. Іх вырашэнне так ці інакш вызначае адзін з галоўных напрамках дзяржаўнай палітыкі - захаванне пераемнасці пакаленняў. Нам нельга страціць моладзь. Мы павінны перадаць краіну ў надзейныя рукі. Таму пытанні ўключэння маладых людзей у стваральную дзейнасць, іх творчае, інтэлектуальнае развіццё - найважнейшыя для нас", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Таксама ў ліку важных тэм для абмеркавання на УНС ён назваў забеспячэнне інфармацыйнага суверэнітэту.

"Мы павінны разгледзець усе надзённыя пытанні і выпрацаваць рашэнні, якія задаволяць запатрабаванні грамадства. У выніку ўсе беларусы павінны ўбачыць, што іх меркаванні ўлічаны. У гэтым і ёсць сутнасць беларускага народаўладдзя", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі