Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Усебеларускі народны сход

Усебеларускі народны сход

17 Jun 2016

Больш за 80 буйных інвестпраектаў на $27 млрд плануецца рэалізаваць у Беларусі ў 2016-2020 гадах

Больш за 80 буйных інвестпраектаў на $27 млрд плануецца рэалізаваць у Беларусі ў 2016-2020 гадах

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ў 2016-2020 гадах будзе рэалізавана больш за 80 буйных інвестыцыйных праектаў з аб'ёмам інвестыцый больш за $27 млрд. Гэта прадугледжана праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на пяцігодку, якая будзе абмяркоўвацца на пятым Усебеларускім народным сходзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У ліку праектаў - будаўніцтва атамнай электрастанцыі; арганізацыя вытворчасці легкавых аўтамабіляў СЗАТ "БЕЛДЖЫ", стварэнне Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", распрацоўка радовішчаў калійных угнаенняў з будаўніцтвам горна-абагачальных комплексаў на Петрыкаўскім і Старобінскім радовішчах, будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе ААТ "Светлагорскі ЦКК" і завода па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ААТ "ММПЗ-груп", праектаванне і будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір".

Адна з найважнейшых задач пяцігодкі - павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, прыцягненне прамых замежных інвестыцый. Згодна з дакументам, інвестыцыйная палітыка будзе грунтавацца на рыначных прынцыпах прадастаўлення інвестыцыйных рэсурсаў, эфектыўнасці іх выкарыстання, паляпшэнні дзелавога клімату. У новай пяцігодцы прыярытэты інвестыцыйнай палітыкі зрушваюцца ў рэальны сектар, а дакладней - у праекты з высокай акупнасцю. Гэта прадугледжвае перш за ўсё абнаўленне актыўнай часткі асноўных сродкаў, набыццё перадавых тэхналогій, інфармацыйных сістэм, робататэхнікі.

Асноўнымі напрамкамі выкарыстання інвестыцый стануць стварэнне высокаэфектыўных і экспартаарыентаваных вытворчасцей, новых рабочых месц у сферы паслуг; рэалізацыя прыярытэтных праграм у сацыяльнай сферы; будаўніцтва аб'ектаў інжынернай інфраструктуры.

Прадастаўленне дзяржаўнай падтрымкі і льготных крэдытных рэсурсаў на выкананне інвестыцыйных праектаў будзе ажыццяўляцца на конкурснай аснове ў рамках дзяржаўных праграм з улікам іх накіраванасці на рэалізацыю прыярытэтных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Інвестыцыі, якія не маюць прамога эканамічнага эфекту і акупнасці, але накіраваныя на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі і вырашэнне стратэгічна важных для краіны сацыяльных пытанняў, будуць ажыццяўляцца ў межах бюджэтных магчымасцей. Інвестыцыйныя патокі з дзяржаўнай падтрымкай па ключавых напрамках сканцэнтраваны ў 20 дзяржаўных праграмах.

"Прыярытэтнай крыніцай мадэрнізацыі эканомікі ў бягучай пяцігодцы з'яўляюцца прамыя замежныя інвестыцыі", - гаворыцца ў дакуменце. Задачам іх актыўнага прыцягнення і эфектыўнага выкарыстання будуць падпарадкаваны ўсе інструменты эканамічнай палітыкі. Прадугледжваюцца безумоўнае забеспячэнне права інвестара на распараджэнне атрыманым прыбыткам і дывідэндамі, свабодны рух капіталу, удасканаленне сістэмы гарантый для міжнародных інвестараў на аснове лепшай сусветнай практыкі.

Плануюцца паглыбленне вытворчай кааперацыі і прамысловага супрацоўніцтва ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, уключэнне беларускіх кампаній у глабальныя ланцужкі стварэння дабаўленай вартасці. Статус Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі будзе павышаны, а яго паўнамоцтвы пашыраны. Ключавым паказчыкам эфектыўнасці работы міністраў і губернатараў стане аб'ём прыцягнення прамых замежных інвестыцый.

Прытоку дадатковых фінансавых сродкаў у эканоміку будзе садзейнічаць далейшае развіццё супрацоўніцтва з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Рэалізацыя інвестыцыйных праектаў на прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства, эфектыўнае размеркаванне рызык і адказнасці паміж бізнесам і дзяржавай дадуць магчымасць рэалізаваць доўгатэрміновыя інфраструктурныя праекты. Доля інвестыцый у асноўны капітал будзе падтрымлівацца на ўзроўні эканамічнай бяспекі - не менш як 25 працэнтаў да ВУП.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі