Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | 70-годдзе Вялікай Перамогі

70-годдзе Вялікай Перамогі

9 Май 2015

У Беларусі пражываюць 16,8 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

У Беларусі пражываюць 16,8 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі, паводле даных на 1 красавіка бягучага года, пражываюць 16,8 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх 11,3 тыс. - удзельнікі ВАВ, сярод якіх 3 тыс. з'яўляюцца інвалідамі вайны. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Дарэчы, 39 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны перасягнулі 100-гадовы рубеж.

У рэспубліцы налічваецца 4,5 тыс. чалавек, узнагароджаных ордэнамі або медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную воінскую службу ў тыле ў гады вайны, а таксама 286 чалавек, якія працавалі на аб'ектах проціпаветранай абароны, будаўніцтве абарончых збудаванняў, прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог. У Беларусі на 1 красавіка было 73 чалавекі, якія прымалі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб'ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943-1945 гадах. У краіне жывуць больш за 600 блакаднікаў Ленінграда. У Беларусі налічваецца 832 інваліды з дзяцінства ў выніку ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з іх наступствамі. Членамі сем'яў загінуўшых воінаў і партызанаў з'яўляюцца 1,8 тыс. чалавек; былымі вязнямі фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месц прымусовага ўтрымання - 24,9 тыс. чалавек.

Прававы статус і меры сацыяльнай абароны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны вызначаны законамі Рэспублікі Беларусь "Аб статусе Герояў Беларусі, Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай Працы, кавалераў ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы", "Аб ветэранах", "Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян". Для ветэранаў вайны ўстаноўлены льготы па медыцынскім абслугоўванні, забеспячэнні лекавымі сродкамі, тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні, прадастаўленні жылых памяшканняў, жыллёва-камунальных паслугах, па аплаце карыстання кватэрным тэлефонам, праездзе на пасажырскім транспарце. Акрамя таго, на іх распаўсюджваюцца льготы, прадугледжаныя падатковым, працоўным, пенсійным заканадаўствам.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў красавіку бягучага года складаў Br4836,6 тыс. - амаль у 1,8 раза вышэйшы за сярэдні памер пенсіі па ўзросце (Br2748,5 тыс.). Улічваючы асаблівы статус ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, да іх пенсій выплачваюцца павышэнні ў памеры ад 50 працэнтаў да 500 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (у маі бягучага года - ад Br184,4 тыс. да Br1843,6 тыс.). Акрамя таго, устаноўлена надбаўка на догляд інвалідам першай групы ў памеры 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (у маі - Br368,7 тыс.), а пенсіянерам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, - у памеры 50 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (Br184,4 тыс.).

З 1 студзеня 2012 года да пенсій людзей старэйшых за 75 гадоў, што выплачваюцца органамі па працы, занятасці і сацабароне, устаноўлена даплата ў памеры 75 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (у маі - Br276,5 тыс.), да пенсій людзей, якія дасягнулі 80 гадоў, - 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце (Br368,7 тыс.).

З мэтай дадатковай сацыяльнай падтрымкі напярэдадні 70-годдзя Перамогі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобныя катэгорыі грамадзян, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, атрымалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу. Яна выплачана 44,3 тыс. чалавек на агульную суму Br205,5 млрд. Па Br10 млн атрымалі Героі Савецкага Саюза, асобы, узнагароджаныя ордэнамі Славы трох ступеняў; па Br8 млн - інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны; па Br3,5 млн - астатнія катэгорыі ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

Дадатковыя рашэнні аб аказанні матэрыяльнай дапамогі, у тым ліку на правядзенне рамонту кватэр і дамоў, прадугледжаны мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі зыходзячы з магчымасцей мясцовага бюджэту.

Для забеспячэння маючых патрэбу пажылых грамадзян своечасовымі даступнымі і якаснымі сацыяльнымі паслугамі функцыянуюць 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). Найбольш запатрабаванай формай сацабслугоўвання з'яўляецца сацыяльная дапамога дома, якая аказваецца амаль 4 тыс. маючым патрэбу ветэранам ВАВ. Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі прыняты рашэнні аб устанаўленні льготных умоў сацабслугоўвання для гэтай катэгорыі грамадзян (з улікам неабходнасці).

У рэспубліцы функцыянуюць 70 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў і ДУ "Рэспубліканскі інтэрнат ветэранаў вайны і працы". На 1 красавіка ў дамах-інтэрнатах пражывалі 126 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 129 чалавек, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

Ва ўсіх населеных пунктах праводзяцца абследаванні ўмоў жыцця ветэранаў ВАВ, асоб, пацярпелых ад наступстваў вайны, адзінокіх пажылых людзей, выяўляецца іх патрэбнасць у сацыяльнай падтрымцы. Прадстаўнікам гэтых катэгорый грамадзян аказваюць дапамогу ў рамонце кватэр, дамоў, надворных будынкаў, печаў, электраправодак, сантэхнічнага, газавага, электратэхнічнага абсталявання, устаноўцы пажарных апавяшчальнікаў. Вырашаюцца бытавыя праблемы - па апрацощцы прысядзібных участкаў, забеспячэнні палівам, аказанні гуманітарнай дапамогі, прадастаўленні сацыяльных паслуг. Усе заяўкі і просьбы, што паступаюць у час абследаванняў, улічваюцца і выконваюцца ў адпаведнасці з зацверджанымі ў выканкамах, гарадскіх адміністрацыях, сельскіх выканкамах планамі мерапрыемстваў ва ўстаноўленыя тэрміны і ў неабходных аб'ёмах з прыцягненнем сродкаў мясцовых бюджэтаў. У першым квартале 2015 года абследаваны ўмовы жыцця 16,8 тыс. ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 26,1 тыс. пацярпелых ад наступстваў вайны. Выкананне заявак, што паступілі, плануецца завяршыць да 1 ліпеня бягучага года. Па выніках абследавання, праведзеных у мінулым годзе, усе заяўкі выкананы.

Мерапрыемствы па сацыяльнай падтрымцы грамадзян гэтай катэгорыі ажыццяўляюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў цесным узаемадзеянні з ветэранскімі арганізацыямі. У структуру Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў уваходзяць: 6 абласных, Мінская гарадская, 12 галіновых, 11 гарадскіх, 142 раённыя і 6055 пярвічных ветэранскіх арганізацый.

Як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, у Беларусі штогод праводзяцца комплексныя медыцынскія агляды інвалідаў і ўдзельнікаў ВАВ. Па выніках абследавання складаюцца планы індывідуальнай рэабілітацыі. Пры неабходнасці пацыенты накіроўваюцца на лячэнне ў 4 шпіталі інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны або іншыя арганізацыі аховы здароўя, што аказваюць стацыянарную медыцынскую дапамогу. У медстацыянарах створаны 1353 палаты павышанай камфортнасці для ветэранаў вайны на 2983 ложкі. Працуюць герыятрычныя кабінеты, школы здароўя трэцяга ўзросту. Медыка-сацыяльную дапамогу людзям пажылога ўзросту і інвалідам, якія пакутуюць на хранічныя захворванні, маюць патрэбу ў медыцынскім наглядзе і доглядзе, аказваюць бальніцы сястрынскага догляду.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі