Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | 70-годдзе Вялікай Перамогі

70-годдзе Вялікай Перамогі

31 Жнв 2015

Цуй Цымін: Кітай і Беларусь цаной гераізму народаў заваявалі Перамогу і высока цэняць мірныя заваёвы

Кітай адзначае 70-ю гадавіну Перамогі ў Другой сусветнай вайне і вайне супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам. 3 верасня адбудзецца першы афіцыйны ваенны парад, што праводзіцца не ў час нацыянальнага свята, на якім Старшыня КНР Сі Цзіньпін выступіць з важнай прамовай.

Па запрашэнні кітайскага ўрада на ўрачыстым сходзе і мерапрыемствах у гонар юбілейнай даты будзе прысутнічаць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, а таксама кіраўнікі і дзяржаўныя дзеячы розных краін, прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Беларуская рота ганаровай варты таксама прыме ўдзел у ваенным парадзе. Больш падрабязна аб важнасці гэтай падзеі і аб тым, чаму нельга забываць урокі гісторыі, расказвае ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін.

- Беларусь адзначыла 70-годдзе Вялікай Перамогі ў маі, і ў гэты перыяд у Мінску пабываў Старшыня КНР Сі Цзіньпін. Цяпер Кітай святкуе юбілейную дату, на якую запрошаны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка…

- Хачу нагадаць, што Беларусь і Кітай - краіны-пераможцы ў Другой сусветнай вайне і краіны-заснавальнікі ААН. Беларусь і Кітай - сябры, якія вывелі сваё супрацоўніцтва на новы этап усебаковага стратэгічнага партнёрства. Таму лагічна, што і вялікія падзеі, асабліва такія як Перамога, мы святкуем сумесна.

Мэта гэтых урачыстасцей і мерапрыемстваў - захаваць памяць аб гістарычным мінулым, аддаць даніну загінулым, даражыць мірам і адкрыта глядзець у будучыню. У выніку злоснага ўмяшання мілітарыстаў народы Кітая і іншых вялікіх азіяцкіх краін панеслі небывалыя бедствы і страты, што стала вельмі цяжкай старонкай у іх гісторыі. Не жадаючы прымірыцца з лёсам каланізаваных рабоў, кітайская армія і мірны народ пачалі супраціўленне, праявіўшы высакародны патрыятызм, несакрушальнае пачуццё нацыянальнай волі, непахісны гераізм, адвагу і нязломную веру ў перамогу. Дзякуючы васьмігадовым цяжкім кровапралітным бітвам кітайская армія і народ нанеслі паражэнне японскім мілітарыстам і атрымалі першую перамогу ў вайне са знешнім ворагам у сучаснай гісторыі Кітая, цаной 35 млн ахвяр. Была аб'яўлена канчатковая Вялікая Перамога ў вайне супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам і Другой сусветнай вайне супраць фашызму.

Вайна супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам з'яўляецца важным складнікам Другой сусветнай вайны супраць фашыстаў. Кітайскі народ раней за ўсіх узняўся на барацьбу супраць японскіх мілітарыстаў, вёў самую працяглую вайну, ваяваў у цяжкіх умовах і панёс самыя каласальныя ахвяры і страты. Хачу сказаць, што ў вайне супраціўлення кітайскі народ не толькі атрымаў перамогу, але і эфектыўна скаваў стратэгічнае наступленне агрэсараў. Узаемадзейнічаючы і падтрымліваючы ваенныя дзеянні і аперацыі саюзнай арміі на еўрапейскім і ціхаакіянскім тэатрах бітваў, кітайскі народ пачаў адчайную барацьбу, унёс каласальны ўклад і здзейсніў бессмяротны подзвіг у міравой антыфашысцкай вайне. Усе сусветныя сілы міралюбнасці выказвалі спагаду і аказалі падтрымку кітайскаму народу ў барацьбе.

- Спадар Цуй Цымін, нельга забываць і аб тым, што кітайскі і беларускі народы дапамагалі адзін аднаму, сталі саратнікамі ў вайне супраць фашызму і мілітарызму, змацаваўшы ў баях баявую дружбу. Мабыць, ёсць і пэўныя прыклады гэтага?

- Гэта сапраўды так - у гады Другой сусветнай вайны нашы народы дапамагалі адзін аднаму. У Кітаі добра помняць і цэняць гэту падтрымку і дапамогу. Напрыклад, дачка аднаго з заснавальнікаў новага Кітая, маршала Чжу Дэ - Чжу Мінь у нацысцкім канцлагеры пад Мінскам і беларускія хлопчыкі і дзяўчынкі, якія, як і яна, трапілі ў няволю, усяляк супраціўляліся нямецкім катам. А вось яшчэ яркі прыклад. У ліку гераічных удзельнікаў паветранага бою за вызваленне Мінска быў і кітайскі генерал Тан До.

У Кітаі салдаты і афіцэры Чырвонай арміі, у тым ліку з Беларусі, прымалі ўдзел у паветраных баях з агрэсарамі і буйных бітвах за вызваленне паўночна-ўсходняга Кітая. У іх ліку Героі Савецкага Саюза генерал-лейтэнант Благавешчанскі, генерал-лейтэнант Нікалаенка, генерал-маёр Здановіч і многія іншыя. Імёны гэтых герояў і іх бліскучыя подзвігі бессмяротныя.

- Мір быў дасягнуты цаной гераізму і жыццяў мільёнаў людзей…

- Перамога ў вайне над фашызмам далася нялёгка, і таму трэба шанаваць і ахоўваць мір, які быў заваяваны для народаў усяго свету вельмі дарагой цаной. Галоўныя прынцыпы статута ААН, якія сталі асновай для ўстанаўлення міжнароднага парадку пасля заканчэння вайны, увасабляюць вынікі перамогі ў вайне з фашызмам, дамоўленасці сусветнай супольнасці, выпрацаваныя ў працэсе вырашэння гістарычных пытанняў, адлюстроўваюць міжнародныя законы і справядлівасць і ўяўляюць сабой фундамент для міру і развіцця ў сучасным свеце.

Да гістарычных фактаў, міжнароднай роўнасці і справядлівасці нельга ставіцца зняважліва. Мы настойваем на пазіцыі запомніць сапраўдную гісторыю менавіта для таго, каб спыніць варожасць, а таксама атрымаць урокі з гісторыі, цаніць мір і старацца ўсімі сіламі захаваць яго навечна.

Святкуючы сёння Вялікую Перамогу, кітайскі народ сумесна з міралюбівым беларускім і народамі ўсіх краін гатовы з усёй рашучасцю і ўсімі намаганнямі ахоўваць вынікі Другой сусветнай вайны супраць фашызму і ў вайне супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам, цвёрда адстойваць і садзейнічаць развіццю пасляваеннага міжнароднага парадку і міжнароднай сістэмы ў больш справядлівым і рацыянальным напрамку, не дазваляць адмаўленне або скажэнне гістарычных фактаў, не дапусціць паўторнага ўзнікнення мілітарызму і паўтарэння гістарычных трагедый.

Прайшоўшы выпрабаванні агнём і мячом, Старажытны Кітай, нібы фенікс, выкупаўся ў агні і нарадзіўся нанова. Пасля ўтварэння новага Кітая, асабліва пасля прыняцця палітыкі рэформ і адкрытасці, Камуністычная партыя Кітая прадаўжае настойлівую і напружаную барацьбу, дзякуючы чаму бедны і адсталы стары Кітай паступова ператварыўся ў вялікую ўсходнюю дзяржаву, што цвёрда ідзе да працвітання і магутнасці.

Мы добра разумеем, што ў мэтах ажыццяўлення доўгачасовага парадку і стабільнасці, сацыяльна-эканамічнага ўстойлівага развіцця краіны неабходна закласці трывалы фундамент стабільнасці і міру ўнутры і па-за межамі краіны.

Перамога ў Другой сусветнай вайне супраць фашызму і ў вайне супраціўлення кітайскага народа захопнікам пакінула нам вельмі каштоўны запавет - шлях развіцця чалавецтва абавязкова павінен быць мірным. Кітайскі ўрад на першае месца ставіць дабрабыт народа і бярэ на сябе адказнасць за захаванне ўсеагульнага міру. Кітайскі народ, больш цесна з'яднаўшыся вакол ЦК КПК на чале з генеральным сакратаром Сі Цзіньпінам, поўны цвёрдай веры ісці па шляху мірнага развіцця.

- Спадар Цуй Цымін, а як вы ацэньваеце цяперашні этап развіцця беларуска-кітайскіх адносін?

- Беларуска-кітайскае супрацоўніцтва вельмі дынамічна развіваецца на ўмовах узаемнай выгады. Беларусь - добры сябар і партнёр Кітая. У маі бягучага года Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін наведаў Беларусь з афіцыйным візітам. Гэты гістарычны візіт - першы за апошнія 14 гадоў візіт кіраўніка КНР у Беларусь - мае сур'ёзнае значэнне. Перагаворы кіраўнікоў абедзвюх дзяржаў завяршыліся паспяхова.

Хачу сказаць, што палітычная воля абодвух бакоў развіваць адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства непахісная, ключавыя сферы і напрамкі для далейшага паглыблення супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі вызначаны вельмі дакладна. Абодва бакі прыйшлі да поўнай згоды адносна магчымасці скарыстацца важным момантам для сумеснага будаўніцтва эканамічнага пояса Вялікага шаўковага шляху. Пры гэтым асноўнай стане платформа Кітайска-беларускага індустрыйнага парка. Плануецца таксама запусціць шэраг буйных праектаў па пашырэнні вытворчых магутнасцей, інфраструктуры, высокіх тэхналогіях, па супрацоўніцтве ў галіне крэдытнага фінансавання і іншых сферах з тым, каб пашыраць усебаковае развіццё дзелавога супрацоўніцтва на карысць народаў дзвюх краін. Важным крокам з'яўляецца і адмена віз для кітайскіх грамадзян, якія транзітам будуць знаходзіцца ў Беларусі. Такія спрашчэнні - на карысць развіцця нашых сувязей.

Менавіта таму неадкладная і поўнамаштабная рэалізацыя дамоўленасцей, дасягнутых кіраўнікамі абедзвюх дзяржаў, з'яўляецца важнай задачай для развіцця беларуска-кітайскіх адносін на цяперашнім і наступным этапах. Сумеснымі намаганнямі пераадольваючы цяжкасці, мы рухаемся да новага этапу ў кітайска-беларускіх адносінах усебаковага стратэгічнага партнёрства. Бесперапыннае ўмацаванне і развіццё двухбаковай дружбы - лепшая памяць аб Вялікай Перамозе ў вайне супраціўлення кітайскага народа захопнікам і ў Другой сусветнай вайне.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі