У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

30 Май 2019

Магілёў прыняў эстафету "Полымя міру" ІІ Еўрапейскіх гульняў

Магілёў прыняў эстафету

30 мая, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. На мемарыяльным комплексе "Буйніцкае поле" ў Магілёўскім раёне адбылася ўрачыстая сустрэча эстафеты "Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў. Больш за тысячу гараджан прыйшлі сюды павітаць і падтрымаць факеланосцаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сімвалічна, што ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў гэта эстафета пачынаецца менавіта тут - на святым для ўсіх магіляўчан месцы, - адзначыў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў. - Буйніцкае поле для нас - гэта сімвал бяспрыкладнай мужнасці і подзвігу ў імя Вялікай Перамогі. "Полымя міру" з'яўляецца не толькі прадвеснікам маштабнага спартыўнага форуму, але і нагадвае нам, што над нашай краінай мірнае неба".

Мэр Магілёва заўважыў, што сёння для жыхароў горада вельмі хвалюючы момант. Паколькі агонь Еўрапейскіх гульняў, пераадолеўшы больш за 7 тыс. км, дабраўся і да горада на Дняпры. Гонару яго пранесці па роднай зямлі ў ліку факеланосцаў удастоены знакамітыя землякі. Факел з агнём Еўрапейскіх гульняў пабывае ва ўсіх знакавых месцах горада. Маршрут эстафеты пракладзены такім чынам, каб максімальна прадэманстраваць самабытнасць абласнога цэнтра, яго багатую гісторыю і галоўныя выдатныя мясціны. "Полымя міру" будзе падарожнічаць па горадзе ўсяго адзін дзень, але аб'яднае тысячы заслужаных людзей горада, - звярнуў увагу мэр. - 25 магіляўчан рыхтуюцца прыняць удзел у маштабных спартыўных спаборніцтвах. Усе яны маюць чэмпіёнскі характар, і няма ніякага сумнення, што сваімі дасягненнямі яны ўпішуць яркую старонку ў гісторыю Еўрапейскіх гульняў".

Уладзімір Цумараў пажадаў усім шчасця, дабрабыту і добрай дарогі эстафеце "Полымя міру". Захавальнікі агню перадалі яго 58-му факеланосцу - салістцы групы IOWA Кацярыне Іванчыкавай, якая пранесла галоўны сімвал Еўрапейскіх гульняў да мемарыяльнага каменя Канстанціну Сіманаву. Перадаючы факел вядомаму беларускаму мастаку Віктару Альшэўскаму, яна адзначыла, што для яе гонар пачаць рух у Магілёве і сам факт удзелу ў эстафеце. На яе думку, маштабная спартыўная падзея і тыя мерапрыемствы, якія ёй папярэднічаюць, аб'ядноўваюць людзей, дазваляюць завязаць новыя кантакты, умацаваць сяброўства, адкрыць свету Беларусь. "Мы ўсе становімся часткай вялікай гісторыі, мяне перапаўняе пачуццё гонару за сваю радзіму. І я стараюся ўсюды падкрэсліваць, што нарадзілася на гэтай зямлі, менавіта тут сфарміраваўся і раскрыўся мой творчы патэнцыял. Што датычыцца саміх Еўрапейскіх гульняў, то я яшчэ не ведаю, за каго канкрэтна буду балець, але, несумненна, буду ўважліва за імі сачыць, паколькі гэта падзея для краіны абяцае быць яркай і незабыўнай", - сказала Кацярына Іванчыкава.

Пасля "Буйніцкага поля" эстафета адправілася ў заасад, дзе зрабіла сафары па чыгунцы да прыстані на Дняпры, адкуль на параходзе агонь прывезлі ў Магілёў. У маршрут уключаны наведванне двух буйных прамысловых прадпрыемстваў: "Магілёўліфтмаша" і "Магатэкса". Другая частка праграмы пачнецца ў 20.30 на пляцоўцы побач з лесвічнім маршам каля каскаднага фантана ў Паднікольскім парку Магілёва. Факеланосцы пранясуць полымя па вуліцы Піянерскай да кінатэатра "Радзіма". Потым агонь будзе чакаць карэта. У ёй галоўны сімвал II Еўрапейскіх гульняў праедзе па вуліцы Ленінскай да плошчы Славы, дзе адбудзецца канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. Фіналам гэтага дня эстафеты стане феерверк.

Пасля Магілёва "Полымя міру" адправіцца ў Шклоў, каб даставіць агонь да гарадской ратушы, Лядовай арэны і ў аграгарадок Александрыя. У Горках запланавана наведванне маладзёжнага культурна-забаўляльнага цэнтра "Амфітэатр", батанічнага саду, Беларускай сельгасакадэміі і цэнтральнай плошчы, дзе пройдзе тэматычны флэш-моб.

Факел пабывае на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне, помніку прыроды рэспубліканскага значэння, а таксама мемарыяле воінскай славы "Лудчыцкая вышыня" ў Быхаве і Чыгірынскім вадасховішчы. Фінальным пунктам у маршруце эстафеты па Магілёўскай вобласці стане Бабруйск і Бабруйскі раён. Тут сімвал II Еўрапейскіх гульняў прабудзе два дні. 3 чэрвеня пасля ўрачыстай часткі на плошчы Леніна яго пранясуць па вуліцах горада да "Бабруйск-Арэны", а 4 чэрвеня факеланосцы наведаюць ААТ "Чырвоны харчавік", "Белшыну" і СВК "Гігант" у аграгарадку Вялікія Бортнікі.

Эстафета прайшла ўжо Брэсцкую, Гродзенскую і Віцебскую вобласці, пасля Магілёўскай агонь II Еўрапейскіх гульняў прыме Гомельскі рэгіён.

Разам з падарожжам эстафеты "Полымя міру" па Беларусі прадаўжаецца і міжнародная акцыя "Еўрапейскія забегі" дабрачыннага праекта #velcombegom. Гэта своеасаблівы складнік II Еўрапейскіх гульняў. Акцыя накіравана на дапамогу дзецям-спартсменам з абмежаванымі магчымасцямі, якія актыўна займаюцца спортам і ў будучым будуць абараняць гонар нашай краіны на міжнародных спаборніцтвах. За 50 дзён удзельнікам трэба будзе прабегчы рэкордныя 200 тыс. км. Агульная сума дабрачыннай дапамогі ад кампаніі velcom | A1 складзе таксама рэкордныя Вr200 тыс. Асаблівасцю "Еўрапейскіх забегаў" стане тое, што ў агульную скарбонку бегавых кіламетраў будзе ўключана дыстанцыя эстафеты "Полымя міру", а таксама рэзультаты ўсіх лёгкаатлетычных дыстанцый у час II Еўрапейскіх гульняў.

Дапамагчы дзецям можа кожны. Для гэтага трэба: устанавіць на мабільны тэлефон любы фітнес-дадатак, выходзіць на прабежкі па 30 чэрвеня, дзяліцца рэзультатамі на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, публікуючы скрыншоты фітнес-дадатку з хэштэгам #velcombegom, #A1 і #brightteam.

Акцыя "Еўрапейскія забегі" праводзіцца кампаніяй velcom | A1 у партнёрстве з фондам "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму і Паралімпійскага камітэта.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс