Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

11 Май 2019

Лукашэнка аб правядзенні II Еўрапейскіх гульняў: мы павінны паказаць свой твар

Лукашэнка аб правядзенні II Еўрапейскіх гульняў: мы павінны паказаць свой твар

11 мая, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. У час правядзення II Еўрапейскіх гульняў Беларусі трэба паказаць свой твар. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Студэнцкай вёскі, дзе размесцяцца ўдзельнікі маючых адбыцца спаборніцтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб гатоўнасці комплексу да II Еўрапейскіх гульняў, затым Прэзідэнт азнаёміўся з парадкам размяшчэння і пражывання ўдзельнікаў спаборніцтваў, арганізацыяй харчавання спартсменаў. Адным з галоўных патрабаванняў Прэзідэнта было максімальнае выкарыстанне айчыннай прадукцыі для арганізацыі харчавання і пражывання дэлегацый гульняў. "Трэба самім карміць людзей. І гэта добрая школа, каб самім навучыцца. Згатуй добра стравы беларускай кухні - і з задавальненнем будуць харчавацца спартсмены і прадстаўнікі дэлегацый. Гэта наша культура. Няхай паспрабуюць, як мы жывём", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

На гэты час усе 15 спартыўных пляцовак, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы, гатовы на 99,9 працэнта. "Там, дзе людзі будуць спаборнічаць, - гэта правераныя ўжо аб'екты, выпрабаваныя. Мы ўмеем арганізоўваць. Прыклад таго - чэмпіянат свету па хакеі, многія іншыя топавыя спаборніцтвы, этапы кубка свету і гэтак далей. У мяне няма абсалютна ніякіх сумненняў, што гэтыя 15 спартыўных аб'ектаў, дзе будуць размешчаны спартыўныя пляцоўкі па відах спорту, будуць гатовы (да пачатку гульняў. - Заўвага БЕЛТА)", - падкрэсліў Прэзідэнт.

У Студэнцкай вёсцы пабудаваны ўжо і ўводзяцца ў эксплуатацыю ўсе аб'екты, якія было намечана ўзвесці на этапе падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў. У прыватнасці, уведзены другі інтэрнат Студэнцкай вёскі. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як у цэлым па краіне вырашаецца пытанне забяспечанасці студэнтаў месцамі ў інтэрнаце і як сітуацыя зменіцца з уводам у строй усіх аб'ектаў Студэнцкай вёскі.

Як растлумачыў міністр адукацыі Ігар Карпенка, гэта дасць магчымасць павялічыць узровень забяспечанасці інтэрнатамі ў Мінску амаль да 94 працэнтаў, а па краіне - да 96,5 працэнта (цяпер - 84,7 працэнта студэнтаў ВНУ забяспечаны месцамі ў інтэрнатах). Акрамя таго, з'явіцца рэзерв месцаў пражывання для нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг. Кіраўнік дзяржавы такі падыход адобрыў: "Людзі з іншых краін хочуць тут вучыцца, плацяць вялікія грошы, трэба будаваць пад гэта інтэрнаты".

Прэзідэнту таксама далажылі аб будаўніцтве інтэрнатаў для Гродзенскага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якое плануецца завяршыць у 2021 і 2020 гадах адпаведна. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, каб будаўнічыя або рамонтныя работы на такіх аб'ектах праводзіліся хутка, якасна і ў тэрмін. "Не трэба расцягваць, як у нас звычайна атрымліваецца, па 5-7 гадоў рамонт ідзе. Сціпла, дастойна, каб зручна і камфортна было пражываць студэнтам. Палац не трэба будаваць", - заўважыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць эфектыўнага выкарыстання ўсіх аб'ектаў, пабудаваных для II Еўрапейскіх гульняў, пасля іх заканчэння. У прыватнасці, мэру Мінска даручана ўзяць пад кантроль далейшае выкарыстанне абсталявання харчаблокаў. "Гэта ўсё павінна быць развезена па Мінску (пасля заканчэння Еўрапейскіх гульняў. - Заўвага БЕЛТА) - для студэнтаў, для дзіцячых садоў, для школьнікаў. Усё будзе скарыстана - ад стала, стула да шафаў і абсталявання цэха гарачага харчавання, - сказаў Прэзідэнт. - Мы людзі не бедныя, але і не настолькі багатыя, каб раскідвацца дабром".

Комплекс "Студэнцкая вёска" складаецца з дзевяці інтэрнатаў умяшчальнасцю больш як 9,8 тыс. месцаў. У час II Еўрапейскіх гульняў ён будзе выкарыстоўвацца ў якасці Вёскі спартсменаў. Тут размесцяцца афіцыйныя спартыўныя дэлегацыі - усяго амаль 6 тыс. чалавек. Ужо вырашаны ўсе арганізацыйныя пытанні падрыхтоўкі Вёскі спартсменаў, уведзены ў эксплуатацыю новыя інтэрнаты, завяршаецца добраўпарадкаванне тэрыторыі і рэканструкцыя фізкультурна-спартыўных аб'ектаў. Да работы ў Вёсцы спартсменаў прыцягнуць амаль 700 валанцёраў. З 13 мая доступ на тэрыторыю комплексу будзе абмежаваны. Адкрыццё Вёскі спартсменаў і пачатак засялення дэлегацый намечаны на 15 чэрвеня.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі