Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

23 Май 2017

Катулін: Кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у Мінску будзе заключаны ў другой палавіне чэрвеня

Катулін: Кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у Мінску будзе заключаны ў другой палавіне чэрвеня

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кантракт на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў у Мінску будзе заключаны ў другой палавіне чэрвеня. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам у Нацыянальным алімпійскім камітэце кіраўнік дырэкцыі па правядзенні спартыўнага форуму ў 2019 годзе Георгій Катулін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларуская дэлегацыя вярнулася са Скоп'я, дзе адбылося пасяджэнне выканкама Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў (ЕАК). "На гэты час ЕАК вядзе актыўную работу па заключэнні кантрактаў з міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту на ўдзел у Еўрапейскіх гульнях 2019 года. Больш за ўсё пытанняў цяпер па лёгкай атлетыцы. Плануецца, што гэта будуць камандныя спаборніцтвы, пройдуць яны на мінскім стадыёне "Дынама" ў некалькі этапаў: папярэднія, паўфінальныя і фінал. ЕАК гарантаваў, што ў Мінск прыедуць 750 удзельнікаў у гэтым відзе спорту. Што ж датычыцца кантракта на правядзенне Еўрагульняў-2019, то плануецца, што на працягу месяца, у чэрвені, гэты дакумент будзе падпісаны", - расказаў Георгій Катулін.

Ён пацвердзіў, што ў праграму II Еўрапейскіх гульняў увойдуць 16 відаў спорту. У 11 з іх будзе праводзіцца кваліфікацыя да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа 2020 года. У бліжэйшы час пачнецца распрацоўка лагатыпа Еўрагульняў у Мінску. "Адзінае пажаданне прадстаўнікоў ЕАК пры распрацоўцы эмблемы і нанясенні яе на атрыбутыку - уключэнне лагатыпа Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў", - падкрэсліў кіраўнік дырэкцыі.

У ходзе пасяджэння выканкама ЕАК у Скоп'і абмеркавалі з беларускім бокам пытанні забеспячэння бяспекі ў Мінску ў 2019 годзе, а таксама гатоўнасці аб'ектаў. "Перад беларускай дэлегацыяй выступалі прадстаўнікі Рэспублікі Карэя, дзе ў 2018 годзе пройдуць зімовыя Алімпійскія гульні, і да іх па гатоўнасці аб'ектаў пытанняў было больш, чым да беларускага боку", - адзначыў Георгій Катулін.

У час II Еўрапейскіх гульняў у Мінску будуць задзейнічаны галоўныя спартыўныя арэны сталіцы: стадыён "Дынама", "Мінск-Арэна", "Чыжоўка-Арэна" і іншыя.

Старшынёй аргкамітэта Еўрагульняў-2019 назначаны прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Георгій Катулін узначаліў дырэкцыю Еўрагульняў. Генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў стане яго намеснікам. Першы віцэ-прэзідэнт НАК Андрэй Асташэвіч уключаны ў склад выканаўчага камітэта ЕАК у якасці прадстаўніка арганізатараў II Еўрагульняў. Сяргей Шаблыка зацверджаны спартыўным дырэктарам маючага адбыцца форуму.

На пасяджэнні выканкама ЕАК у Скоп'і былі зацверджаны таксама тэрміны правядзення II Еўрапейскіх гульняў: адкрыццё адбудзецца на мінскім стадыёне "Дынама" 20 чэрвеня, спаборніцкая частка пройдзе з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Афіцыйным дэвізам Еўрагульняў будзе выказванне "Bright you" ("Яркі ты").

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі