Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

II Еўрапейскія гульні ў Беларусі

3 Крс 2019

Беларускія майстры пляжнага футбола маюць намер стаць прызёрамі ІІ Еўрапейскіх гульняў

Беларускія майстры пляжнага футбола маюць намер стаць прызёрамі ІІ Еўрапейскіх гульняў
Фота АФПФ

3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборнай Беларусі па пляжным футболе цалкам па сілах увайсці ў лік прызёраў ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Такое меркаванне выказаў старшыня асацыяцыі "Беларуская федэрацыя пляжнага футбола" Аляксей Сычоў на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры "СБ. Беларусь сегодня", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксей Сычоў адзначыў, што апошнім часам беларускі пляжны футбол вельмі актыўна прагрэсіруе. Нацыянальная зборная Беларусі ўжо на працягу пяці гадоў гуляе ў элітным дывізіёне Еўралігі (аналаг чэмпіянату Еўропы), уваходзячы ў топ-8 каманд Старога Свету. У мінулым годзе беларусы занялі пятае месца ў гэтым турніры, прычым у жніўні 2018 года Мінск упершыню прымаў адзін з этапаў Еўралігі. Тады зборная Беларусі абыграла ўсіх сваіх сапернікаў, сярод якіх была і зборная Італіі, якая па выніках сезона заняла першае месца. На думку віцэ-капітана беларускай зборнай Івана Мірановіча, тады яму і партнёрам вельмі дапамагла неверагодная падтрымка сваіх балельшчыкаў. Напрыклад, у гульні з італьянцамі гаспадары прайгравалі 1:4, але змаглі змяніць ход паядынку і перамагчы з лікам 6:5, што наўрад ці было б магчымым без дапамогі беларускіх гледачоў. На Еўрапейскіх гульнях, што маюць адбыцца ў хуткім часе, майстры пляжнага футбола будуць імкнуцца заваяваць медалі і вельмі разлічваюць на падтрымку балельшчыкаў.

А тое, што гэта будзе менавіта так, не сумняваецца і менеджар САК "Алімпійскі" Уладзімір Міневіч. Паводле яго слоў, ужо зараз прададзены практычна ўсе білеты на фінал і матч за 3-е месца, а на сустрэчы папярэдняга этапу ўжо раскуплена прыкладна палова білетаў. Што датычыцца стадыёна, на якім пройдуць паядынкі турніру па пляжным футболе, то яго ўжо інтэнсіўна рыхтуюць да гэтых спаборніцтваў. Пасля зімы падсыпаюць пясок на асноўным і трэніровачным палях, цалкам гатова арэна будзе ў маі. Тэставым турнірам перад Еўрапейскімі гульнямі для Нацыянальнага стадыёна пляжных відаў стаў той самы жнівеньскі этап Еўралігі, прадстаўнікі міжнароднай федэрацыі засталіся задаволены арганізацыяй і таму зрабілі толькі некалькі нязначных заўваг.

Турнір ІІ Еўрапейскіх гульняў па пляжным футболе пройдзе з 25 па 29 чэрвеня. Пуцёўкі на яго заваявалі 8 лепшых каманд па выніках Еўралігі-2018. Акрамя беларусаў, гэта зборныя Італіі, Іспаніі, Украіны, Швейцарыі, Партугаліі, Расіі і Румыніі. На папярэднім этапе яны будуць раздзелены на дзве групы, а затым па дзве лепшыя дружыны працягнуць барацьбу за ўзнагароды. Астатнія каманды правядуць суцяшальны турнір за 5-8 месцы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі