Калядны спектакль батлейкі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту
Батлейка – старадаўняе народнае мастацтва беларусаў, мініяцюрны тэатр лялек, які шырока распаўсюдзіўся на беларускіх землях з пачатку XVI стагоддзя і быў адной з любімых забаў публікі ў святы, на шумных кірмашах або падчас выступленняў вандроўных артыстаў. Ідэя батлейкі вырасла з храмавых містэрый, прысвечаных цуду нараджэння Хрыста. Якраз у XVI стагоддзі рэлігійныя ўяўленні выйшлі за сцены храмаў у выглядзе батлейкі – скрыні з рухомымі лялькамі – і арганічна ўпляліся ў святочна-абрадавы каляндар. Больш за тое, у батлеечных спектаклях евангельскія сюжэты злучыліся з самабытным народным фальклорам. Сёння традыцыі беларускай батлейкі захоўваюцца і развіваюцца ў розных кутках краіны. Паказы можна ўбачыць падчас народных свят, у этнаграфічных музеях і комплексах.