23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 250 работ больш як 60 беларускіх мастакоў склалі экспазіцыю выстаўкі "Паланэз" да 250-годдзя з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага, якая пройдзе з 23 верасня па 4 кастрычніка ў Мінску. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў.
Лейтматывам рэспубліканскай мастацкай выстаўкі "Паланэз" стаў сардэчны, напоўнены любоўю да Айчыны вядомы музычны твор "Развітанне з Радзімай" Міхала Клеафаса Агінскага. Музыка паланэза літаральна ахоплівае выставачную прастору - нібы гучыць у лірычных беларускіх пейзажах і вытанчаных дэкаратыўных кампазіцыях, прачытваецца ў асацыятыўна-сімвалічных палотнах, набірае моц у рытмічна-структураваных лініях арт-аб'ектаў.
Экспазіцыя зацікавіць шырокае кола наведвальнікаў, паколькі ўключае ў сябе розныя віды выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіку, скульптуру, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, а таксама дызайн. Усе работы аб'ядноўвае прыналежнасць да беларускай школы выяўленчага мастацтва. У кожнай з іх зашыфраваны ўнікальны код беларускай нацыі, адзначылі арганізатары.
Выстаўка "Паланэз" сведчыць аб тым, што для беларускіх творцаў Міхал Клеафас Агінскі з'яўляецца не проста выдатнай гістарычнай асобай, персанажам са школьных падручнікаў. У работах мастакоў, натхнёных яго творчасцю, відавочна непарыўная сувязь мінулага і сучаснага, адчуваюцца імпульсы новага жыцця беларускай спадчыны.