13 ліпеня, Мінск /Вікторыя Апанасёнак - БЕЛТА/. Два новыя праекты заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі кампазітара Кіма Брэйтбурга плануецца паставіць у Беларусі. Аб гэтым маэстра расказаў журналістам у час "Зорнай гадзіны" ў міжнародным прэс-цэнтры "Славянскага базару", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Адзін з іх рыхтуецца сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, гэта мюзікл "Казанова". Таксама на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра павінна адбыцца прэм'ера мюзікла "Джэйн Эйр".
Кампазітар і беларуская творчая моладзь ужо маюць вопыт супрацоўніцтва: у 2014 годзе ўбачыў свет сумесны беларуска-расійскі праект - мюзікл "Дуброўскі", які быў пастаўлены на сцэне тэатра музкамедыі. Для ўніверсітэта культуры гэта работа стала яркім іміджавым праектам.
Як адзначыў Кім Брэйтбург, ён вельмі задаволены супрацоўніцтвам з беларускай моладдзю і поспехам сваіх праектаў на беларускай зямлі.