Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь

Турыстычны маршрут "Купальскае кальцо"

4
Турыстычны маршрут
У 2020 годзе для гасцей свята "Александрыя збірае сяброў" быў створаны цікавы турыстычны маршрут "Купальскае кальцо", які прапануе пазнаёміцца з багатай гісторыяй Шклоўскага раёна, убачыць маляўнічыя мясціны аграгарадка Александрыя і яго наваколля. Пачатковым пунктам стаў горад Шклоў. Сярод яго славутасцей: Спаса-Праабражэнская царква сярэдзіны XIX стагоддзя, заснаваная верніцай і прадказальніцай Агаф'яй Сідаравай; жамчужына Шклова – ратуша з былымі гандлёвымі радамі (1769), якая ўвайшла ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры; алея Герояў і мемарыяльны комплекс "Памяць"; скульптура Шклоўскага агурка; гарадскі парк. На Шклоўскай зямлі ёсць шмат крыніц, і па дарозе ў Александрыю госці абавязкова ўбачаць самую знакамітую з іх – Трафімаву крыніцу, а таксама крыніцу каля вёскі Слабодка. Александрыя – некалі вялікае мястэчка ў Шклоўскім графстве – сёння прыцягвае неверагодна маляўнічымі краявідамі з Дняпром і знакамітым купальскім фестывалем. Тут жа госці могуць наведаць школу, дзе вучыўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. На процілеглым беразе ракі знаходзіцца Копысь – адно з самых старажытных паселішчаў на тэрыторыі Беларусі: першыя згадванні пра горад у летапісах датуюцца 1059 годам.