Беларускія кардыёлагі вырашылі праблему сусветнага маштабу
Больш за 15 гадоў спатрэбілася доктару медыцынскіх навук і кардыёлагу з 25-гадовым стажам Алене Грыгарэнка, каб сказаць сваё слова не толькі ў айчыннай, але і ў сусветнай кардыялогіі. Аналагічных методык па ацэнцы рызыкі развіцця ў аддаленым пасляаперацыйным перыядзе сардэчна-сасудзістых захворванняў у людзей з перасаджанай печанню не распрацавалі больш нідзе ў свеце. Алена Грыгарэнка сумесна з камандай спецыялістаў самых розных профіляў на працягу дзесяцігоддзя назірала за пацыентамі, якім зрабілі перасадку печані (такія пацыенты знаходзяцца ў групе высокай сардэчна-сасудзістай рызыкі. - Заўвага). Медыкі сачылі за станам сардэчна-сасудзістай сістэмы рэцыпіентаў і змаглі вызначыць ключавыя фактары рызыкі. Так быў створаны калькулятар, які дае магчымасць шляхам увядзення спецыяльных велічынь, атрыманых у выніку абследавання пацыента, разлічыць яго кардыяваскулярныя рызыкі (для пацыентаў з нізкай ступенню рызыкі дастаткова назначыць медыкаментознае лячэнне, з высокай –патрабуецца больш інтэнсіўнае ўмяшанне). Запатрабаванасць такіх навацый расце з году ў год, павялічваючыся прама прапарцыянальна колькасці людзей, якія маюць патрэбу ў трансплантацыі печані. Уручэнне Алене Грыгарэнка доктарскага дыплома (студзень 2024 г.) стала лепшым сведчаннем прызнання яе заслуг перад беларускай медыцынай і навукай.