Свята Купалле "Александрыя збірае сяброў"
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Этнатурызм | Свята Купалле "Александрыя збірае сяброў"

Свята Купалле "Александрыя збірае сяброў"


Ахутанае міфамі і легендамі, старажытнае свята Купалле беларусы любяць і беражліва захоўваюць ужо многія стагоддзі. Кожны год у канцы чэрвеня і пачатку ліпеня па ўсёй краіне яго адзначаюць прыгожымі гуляннямі – плятуць купальскія вянкі і загадваюць жаданні, запальваюць вогнішчы, спяваюць песні і шукаюць таямнічую папараць-кветку…

А самай вялікай святочнай пляцоўкай, дзе Купалле праходзіць з міжнародным размахам, у сучаснай Беларусі стаў аграгарадок Александрыя. У Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці з’язджаюцца тысячы гасцей, каб у адну з самых кароткіх летніх начэй убачыць самае яркае дзейства на маляўнічым беразе "ракі дружбы" – Дняпра.

Александрыя "збірае сяброў" не толькі з усёй Беларусі, але і краін замежжа. Першы маштабны фестываль адбыўся ў 2010 годзе. Традыцыя замацавалася, і з кожным годам да гаспадароў-беларусаў далучаецца ўсё больш сяброў з іншых краін.

Месца правядзення таксама знакавае. Са старажытных часоў рака Днепр аб’ядноўвала ўсходнеславянскія народы, была артэрыяй знакамітага шляху "з варагаў у грэкі", які звязваў лёсы людзей, гарады і дзяржавы.

Сёння мост, побач з якім праходзіць фестываль, злучае два раёны і дзве вобласці Беларусі – Шклоўскі на Магілёўшчыне і Аршанскі на Віцебшчыне. Ён звязвае гарадскі пасёлак Копысь і Александрыю – малую радзіму Прэзідэнта краіны. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ідэю правядзення свята братэрскіх народаў, якіх аб’ядноўваюць агульныя традыцыі, гістарычныя і культурныя падзеі.

Купалле ў Александрыі стала сапраўдным культурным брэндам Беларусі. І калі першае свята на Магілёўшчыне сабрала 3 тысячы чалавек, то ў 2018 годзе на фестывалі пабывала больш за 110 тысяч гасцей, у тым ліку з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Германіі.

Расце і тэрыторыя свята, а разам з ёю – калейдаскоп купальскіх падзей. Гэта і народныя забавы – карагоды, скачкі праз вогнішча, пляценне вянкоў, пошук папараць-кветкi, і "горад майстроў", і маштабныя выстаўкі-кірмашы, атракцыёны, майстар-класы, конкурсы.

Кульмінацыяй свята нязменна становіцца гала-канцэрт. На сцэне ў Александрыі пабывалі такія замежныя і беларускія зоркі, як Аляксандр Буйноў, Ніна Шарубіна, Таісія Павалій, Ціна Караль, Ігар Карнялюк, Алёна Ланская, Аляксандр Саладуха, Сяргей Трафімаў, Іскуі Абалян, Іна Афанасьева і многія іншыя.

Гісторыя фестывалю

Сваю гісторыю Купалле ў Александрыі як маштабны фэст пачынае з 2010 года. Свята наведаў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і, пасля знаёмства з фестывальнымі падворкамі, адзначыў, што прыемна ўражаны ўвагай да свята – на мерапрыемства з’ехаліся госці з навакольных вёсак, а таксама з Оршы, Шклова, Магілёва і Мінска.

Аднаму з паўнапраўных "герояў" Купалля ў Александрыі – Дняпру, было прысвечана свята 2011 года. На гала-канцэрце ўпершыню выступілі замежныя артысты: у "Купаллі над Дняпром" прымалі ўдзел госці з Расіі і Украіны.

На свяце-2012 экспазіцыя "Горада майстроў" разгарнулася на беразе Дняпра ў выглядзе знакамітага купальскага сімвала – сонца, прамянямі якога сталі вуліцы рамеснікаў з трох краін. Таксама ўпершыню была праведзена шырокая дзелавая праграма – пасяджэнне Асацыяцыі гандлёва-прамысловых палат краін Прыдняпроўя, сустрэчы бізнес-колаў Беларусі, Расійскай Федэрацыі і Украіны, работа выставачнага павільёна.

У 2013 годзе на Купалле ў Александрыі былі прэзентаваны новыя праекты, прайшлі фестывалі лёну, квасу, піва, майстар-класы ўдзельнікаў міжнароднага пленэру па кераміцы "Арт-жыжаль", выстаўка "Археалагічныя знаходкі Верхняга Падняпроўя"…

Першы юбілей свята – у 2014 годзе – аб’яднаў тры маштабныя кірмашы: Ніжагародскі (Расія), Сарачынскі (Украіна) і Александрыйскі (Беларусь). Асноўнае дзейства разгарнулася на тэатралізаванай пляцоўцы "Гасцёўня бульбаша" ў стылізаванай беларускай хаце, дзе гасцей здзіўлялі незвычайнымі забавамі і частавалі дзясяткамі нацыянальных страў з бульбы.

У 2015 годзе на фестывальнай сцэне ўпершыню прадставілі мюзікл Максіма Сокала "Папараць-кветка". Пасля яркага дэбюту пастаноўка адправілася пакараць гарады Беларусі. Праводзіць тэатралізаваныя паказы стала яшчэ адной добрай традыцыяй Купалля ў Александрыі.

У купальскі "Горад дружбы" ў 2016 годзе на Мінскую, Маскоўскую і Кіеўскую "вуліцы" прыбылі госці з краін-суседак, каб прадставіць сваю культуру, пачаставаць стравамі нацыянальнай кухні, стварыць каларытную атмасферу вясёлага славянскага кірмашу. Акрамя таго, упершыню была арганізавана экскурсія па галоўных лакацыях Купалля. А пасля "Александрыйскай вандроўкi" госці з задавальненнем назіралі, як здзяйсняецца "Купальская казка".

У 2017 годзе свята ў Александрыі ўжо ў статусе міжнароднага фестывалю прадставіла гледачам эстрадна-цыркавую пастаноўку "Купальскі сон" з удзелам калектываў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Польшчы.

Кульмінацыяй свята ў 2018 годзе стаў мюзікл "Малая радзіма", другая ж частка фестывалю была прысвечана Дням культуры Украіны ў Беларусі. Гасцей забаўлялі на Сарачынскім кірмашы, частавалі баршчом і галушкамі, паказвалі коннае тэатралізаванае шоу "Кіеўская Русь".

Свята Купалле "Александрыя збірае сяброў"-2023

Петрышэнка: на свяце "Купалле" ў Александрыі сканцэнтраваны каларыт беларускай культуры і фальклору

"Будзе вельмі цікава!" На галоўны канцэрт свята "Купалле" ў Александрыі прададзены ўсе білеты

Тэматычныя пляцоўкі, яркія шоу, палявы кінатэатр. Як у Александрыі рыхтуюцца да "Купалля"

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі