Руіны Крэўскага замка, Беларусь | Belarus.by | Забавы ў Беларусі | Belarus.by | Турызм, Беларусь | Belarus.by | Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Турызм

Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Турызм | Што варта паглядзець | Руіны Крэўскага замка

Руіны Крэўскага замка


Дзякуючы мноству легенд – ад расказаў пра сакрэтныя тунэлі да гісторый аб замураваных князёўнах  – руіны Крэўскага замка з'яўляюцца адной з найбольш прывабных турыстычных мясцін у Беларусі.

Гісторыя Крэўскага замка

Руіны Крэўскага замка знаходзяцца ў в.Крэва паблізу горада Смаргонь у Гродзенскай вобласці Беларусі.

Крэўскі замак – адзін з самых старадаўніх беларускіх замкаў, створаны ў пачатку XIV стагоддзя. Гэта быў першы ў Беларусі замак, поўнасцю пабудаваны з каменю. Таўшчыня сцен складала 2,5 метра, вышыня – 12–13 метраў. Замак меў дзве вартавыя вежы. Яны былі размешчаны па дыяганалі. Малая вежа выконвала толькі абарончыя функцыі. Вялікая, або Княжацкая – выступала за перыметр сцен і дасягала ў вышыню амаль 20 метраў. Два паверхі займалі жылыя пакоі, трэці паверх быў поўнасцю аддадзены пад абарончыя патрэбы, у склепе знаходзілася турма.

У сценах Крэўскага замка адбылося шмат важных гістарычных падзей:

  • у 1382 г. у замку быў забіты вялікі князь Кейстут
  • у 1385 годзе тут паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім была падпісана знакамітая Крэўская унія

У XVI стагоддзі замак неаднаразова вытрымліваў аблогі татарскага і маскоўскага войскаў.

Да пачатку XIX стагоддзя ён страціў сваё абарончае прызначэнне і быў занядбаны. У час Першай сусветнай вайны замак быў моцна разбураны. Крэпасць занялі нямецкія войскі, якія выкарыстоўвалі яе як абарончае збудаванне. Каб выгнаць варожыя часці, расійская армія сабрала пад сценамі Крэўскага замка каля 800 гармат, у тым ліку карабельную артылерыю. У выніку абстрэлу моцна пацярпелі Княжацкая вежа і сцены цытадэлі.

У 1929 годзе праведзена кансервацыя руін.

Руіны Крэўскага замка сёння

Цяпер ад замка засталіся толькі руіны: усё яшчэ відаць сцены, захаваліся некаторыя часткі вежаў. Уражвае і фундамент збудавання, які ідзе ўглыб на 4 метры!

З руінамі Крэўскага замка звязана шмат легенд, у тым ліку гісторыі пра падземны тунэль з замка да Вільні і аб прыгажуні, якую замуравалі жывой у сценах замка.

Цудоўны від на руіны замка адкрываецца з вяршыні высокага ўзгорка – Юр'евай гары.

На Юр'евай гары некалі размяшчалася старажытнае язычніцкае капішча. Тут знаходзіцца адзін з чатырох камянёў-засцерагальнікаў, якія стаялі некалі на ўездзе ў Крэва, каб засцерагчы горад ад напасцей і хвароб.

З 2017 года вядзецца работа па аднаўленні Крэўскага замка. Згодна з праектам, плануецца адрэстаўрыраваць чатыры замкавыя сцяны, галерэі і вежы, а таксама закансерваваць іх ад атмасферных ападкаў. У 2021 годзе завяршыліся работы па кансервацыі паўночна-ўсходняй сцяны, у тым ліку адноўлена частка, прылеглая да Княжацкай вежы, устаноўлена брама. Гэта дало магчымасць зноў адкрыць гэты ўнікальны гістарычны аб'ект для турыстаў.

Сёння ў замку ў выхадныя праводзяцца экскурсіі, майстар-класы, арганізаваны фотазоны.

Як дабрацца да руін Крэўскага замка і дзе спыніцца

Руіны Крэўскага замка размешчаны прыкладна за 70 км на паўночны захад ад Мінска. Да іх лёгка даехаць па дарозе Мінск – Вільнюс. Замак знаходзіцца ўсяго за кіламетр ад трасы.

У г. Смаргонь размешчана чыгуначная станцыя на лініі Маладзечна – Вільнюс.

Лепш за ўсё спыніцца ў гасцініцы ў Мінску і прыехаць на дзень у Крэва.

Славутыя турыстычныя мясціны Беларусі паблізу руін Крэўскага замка

Калі вы наведваеце руіны Крэўскага замка і вырашылі агледзець наваколле, варта паглядзець:

Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі