Дзясяткі рознакаляровых паветраных шароў, якія лунаюць у ясным небе над Мінскам, унікальнае светлавое шоу на фоне вячэрніх агнёў і нават кулінарны майстар-клас у гандоле аэрастата... Усё гэта – першы адкрыты чэмпіянат Беларусі па паветраплаванні, які стаў цудоўным падарункам мінчанам і гасцям сталіцы да святкавання Дня горада. На спаборніцтва ў Мінск сабраліся каманды з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і іншых краін. Задача ўдзельнікаў – саўладаць з парывамі ветру і як мага дакладней паўтарыць маршрут судзейскага аэрастата, а потым з ювелірнай дакладнасцю спусціць груз у адзначаныя мішэні. За тры дні майстры выканалі 3 спартыўныя палёты і 15 заданняў, па выніках якіх вызначыліся пераможцы – Гедрус Вайтулявічус (Літва), Уладзімір Яшчурынскі (Украіна) і Жыдрунас Казлаўскас (Літва). Акрамя прыгожага відовішча ранішніх і вячэрніх палётаў аэрастатаў над горадам, у праграме для гледачоў былі байк-шоу, канцэрт эстрадных выканаўцаў, рыцарскія баі, катанне на конях, а таксама ўстанаўленне новага сусветнага рэкорду па гатаванні сушы на вышыні. У фінале свята аэранаўты наладзілі незабыўнае шоу "Начное свячэнне", калі велізарныя купалы паветраных шароў нібы "ўспыхвалі" ў такт папулярным мелодыям і адбіваліся ў воднай гладзі ракі. Відэа