У XV стагоддзі ў цэнтры Мазыра – аднаго з самых старых гарадоў беларускага Палесся – быў узведзены замак. За сценамі і абарончымі вежамі ўкрыліся палац, жылыя і гаспадарчыя будынкі, храм Святога Спаса, а таксама самы глыбокі на тэрыторыі Беларусі калодзеж – на выпадак доўгай асады ворага. З трох бакоў падножжа замкавай гары абаранялі воды знакамітай ракі Прыпяць. Не аднойчы Мазырскі замак вытрымліваў набегі, але ў другой палавіне XVІІ стагоддзя быў разбураны воінамі гетмана Януша Радзівіла… Ужо ў ХХІ стагоддзі на гістарычным месцы з'явіўся стылізаваны драўляны замак, які стаў папулярнай турыстычнай славутасцю Мазыра. Тут можна наведаць музей, дзе захоўваюцца ўнікальныя артэфакты, знойдзеныя пры раскопках, і мноства каштоўных экспанатаў, прысвечаных розным перыядам гісторыі горада. На старадаўнім фундаменце Спаскай царквы ўзведзены новы храм – Праабражэння Гасподняга. …Сёння ў Мазырскім замку часта праходзяць фестывалі этнічнай і сярэдневяковай музыкі, касцюміраваныя гістарычныя рэканструкцыі і рыцарскія турніры, кірмашы народных майстроў і выставы жывапісу.
Экскурсія па гістарычным цэнтры Мазыра – у нашым відэа.