Навагрудак – горад з асаблівай гісторыяй. Гэта першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага, месца каранацыі першага кіраўніка Міндоўга, зямля, дзе вяршыліся лёсы і нараджаліся вялікія таленты…
Стагоддзі таму тут узвялі адзіны ва Усходняй Еўропе сямівежавы замак – адзін з першых на тэрыторыі ВКЛ. Першапачаткова ён быў драўляны, пазней перабудаваны ў камені. Унікальны помнік абарончага дойлідства XIV-XVI стагоддзяў размяшчаўся на Замкавай гары: гэта і сёння адна з самых высокіх кропак краіны. На працягу стагоддзяў ён разбураўся войнамі і аблогамі, вятрамі і дажджамі. І, на жаль, да нашых дзён Навагрудскі фарпост уцалеў толькі фрагментамі. На ўзгорку, дзе некалі ўзвышалася велічная крэпасць, можна ўбачыць дзяцінец, мур каменнага замка і навакольнага горада (Малы замак), рэшткі Касцельнай і Шчытавой вежаў. Кожны год тысячы беларускіх і замежных турыстаў прыязджаюць, каб убачыць гэта легендарнае месца.