Старадаўні асабняк у весцы Красны Бераг, які быў пабудаваны ў другой палавіне XIX стагоддзя і стаў архітэктурнай "жамчужынай" знакамітага "Залатога кальца Гомельшчыны", зноў адкрыты для гасцей пасля рэстаўрацыі. Сваё непаўторнае, нібы казачнае аблічча палац набыў пры генерал-лейтэнанце Міхаіле Гатоўскім, які запрасіў для будаўніцтва вядомага архітэктара з Санкт-Пецярбурга Віктара Шротэра. Прыгожыя інтэр'еры аб'ядналі элементы больш як дзесяці стыляў – гатычны і раманскі, рэнесанс, ракако, маньерызм, ампір, класіцызм... У гэтым дзіўным спалучэнні і рэдкі арабскі альгамбра: акрамя сядзібы ў Красным Беразе, ён захаваўся толькі ў палацы эміра аль-Ахмара ў Гранадзе. Па жаданні гаспадароў маёнтка, тут усё павінна было захапляць: цудоўныя пакоі, раскошная мэбля эпохі Людовіка XVI, багатая калекцыя жывапісу, англійскі фаянс, французскі фарфор, венецыянскі хрусталь. Палац акружаў выдатны парк – тварэнне галоўнага садоўніка Варшавы Францішака Шаніёра... На працягу многіх гадоў рэстаўратары з максімальнай гістарычнай дакладнасцю аднаўлялі фасады і ўнікальныя інтэр'еры палаца, а цяпер ён паступова напаўняецца мэбляй і аксесуарамі адпаведнай эпохі. Экскурсія па сядзібе – у нашым відэа.