Галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці, прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – стала асабліва ўрачыстым і памятным. Напярэдадні ў гонар абаронцаў Айчыны і подзвігу народа Беларусі, якая страціла ў гады вайны кожнага трэцяга жыхара, у Мінску адкрыўся абноўлены Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Святочныя мерапрыемствы 3 ліпеня па традыцыі пачаліся з ушанавання памяці загінуўшых воінаў-вызваліцеляў – ускладання вянкоў да мемарыялаў і мінуты маўчання. Ва ўсіх гарадах краіны свята прадоўжылася канцэртамі, сустрэчамі ветэранаў і забаўляльнымі праграмамі. Самай відовішчнай падзеяй Дня Незалежнасці сталі грандыёзны ваенны парад і тэатралізаванае шэсце ў Мінску, якія ўпершыню прайшлі ўвечары. Мільёны беларусаў у прамым эфіры назіралі за парадам, які пачаўся эфектным авіяшоу 40 самалётаў і верталётаў. Па вячэрнім праспекце Пераможцаў прайшлі парадныя разлікі з больш як 3,7 тыс. ваеннаслужачых і механізаваная калона з 240 узораў сучаснага ўзбраення і ваеннай тэхнікі, у тым ліку славутых комплексаў "Іскандэр" і С-400 "Трыумф". У калоне ўнікальнай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны гледачы ўбачылі рарытэтныя танкі 1930-1940-х гадоў. Кульмінацыяй святкавання Дня Незалежнасці стаў гала-канцэрт майстроў мастацтваў і маляўнічы салют, а затым уся Беларусь далучылася да патрыятычнай акцыі "Спяём гімн разам". Відэа