15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь выступае адной з вузлавых платформ новага Шаўковага шляху ў еўразійскім рэгіёне, заявіў міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі на панэльнай дыскусіі форуму міжнароднага супрацоўніцтва "Пояс і шлях", паведамілі БЕЛТА ў аддзеле сувязей з грамадскасцю Міністэрства эканомікі.
Гаворачы аб двухбаковых адносінах Беларусі і Кітая, Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў іх дынамічнасць і асаблівы статус - давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. "Гэта дазваляе нам з упэўненасцю рухацца да наступнага этапу паглыблення партнёрства і спалучэння стратэгій сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін", - заявіў ён.
"Для развіцця практычнага супрацоўніцтва ў рамках эканамічнага пояса Шаўковага шляху патрабуюцца зручныя транспартныя і лагістычныя каналы і ланцужкі. Для іх фарміравання Беларусь прапануе як ужо існуючую развітую транспартную інфраструктуру аўтамагістралей і чыгунак, так і маштабныя інфраструктурныя і лагістычныя сеткі, што ствараюцца цяпер. Наша краіна размяшчаецца паміж двума буйнейшымі інтэграцыйнымі саюзамі - Еўразійскім эканамічным і Еўрапейскім. Пры гэтым Беларусь з'яўляецца членам Еўразійскага эканамічнага саюза з самага пачатку інтэграцыйнага працэсу. Пры правільнай расстаноўцы акцэнтаў існуючыя рэгіянальныя механізмы будуць узаемадапаўняць і ўзбагачаць адзін аднаго", - адзначыў Уладзімір Зіноўскі.
У сумесным эканамічным развіцці краін рэгіёна ключавую ролю, на думку міністра, павінен адыграць індустрыяльны парк "Вялікі камень". "Ён узніме ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дзяржаў на новую гістарычную вышыню, стане платформай і спрыяльным асяроддзем для рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцей у перадавых сферах дзейнасці. Такім чынам, ствараючы міжнародны індустрыяльны парк, адкрываючы яго для інвестараў з усяго свету, мы зрушваем фокус увагі з індывідуальнага развіцця і накіроўваем яго на сумеснае дасягненне дабрабыту і працвітання краін уздоўж "Пояса і шляху", - рэзюмаваў ён.
Беларусь з упэўненасцю падтрымлівае ініцыятыву па пашырэнні супрацоўніцтва ў сферы свабоднага гандлю ў канцэпцыі "Адзін пояс і адзін шлях", якую плануецца прыняць на саміце. "Нашы сумесныя інвестыцыйныя праекты і намеры цалкам адпавядаюць яе трэнду", - растлумачыў Уладзімір Зіноўскі.
У час мерапрыемстваў форуму міністр прыняў удзел у прэс-канферэнцыі вядучым кітайскім СМІ. "Варта адзначыць павышаную цікавасць кітайскіх журналістаў да праекта індустрыяльнага парка "Вялікі камень", абумоўленую ў тым ліку нядаўнім турам прадстаўнікоў кітайскіх СМІ ў Беларусь. У рабоце афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў КНР прадугледжана падпісанне пагадненняў аб уступленні ў "Вялікі камень" кітайскіх кампаній, сустрэчы міністра эканомікі з кіраўніцтвам карпарацый ZTE і Кітайскай грамадзянскай інжынерна-будаўнічай карпарацыі (CCECC)", - расказалі ў міністэрстве.