У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі: КАСТРЫЧНІК 2020
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

4 Крс 2019

Змяніць нельга пакінуць: эксперты расставілі коскі ў дыскусіі пра канстытуцыйную рэформу ў Беларусі

Змяніць нельга пакінуць: эксперты расставілі коскі ў дыскусіі пра канстытуцыйную рэформу ў Беларусі

Меркаванне аб неабходнасці ўнесці змяненні ў Канстытуцыю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў у час "Вялікай размовы" ў сакавіку бягучага года. Сімвалічна, што яно прагучала ў юбілейны год, калі адзначаецца 25-годдзе Асноўнага закона краіны. Узрост Канстытуцыі - гэта, безумоўна, перавага: чым яна старэйшая, тым больш аўтарытэтная. Разам з тым Асноўны закон краіны павінен адпавядаць патрабаванням часу, і ўнясенне змяненняў - усвядомленая неабходнасць.

Якімі могуць быць папраўкі ў Канстытуцыю? Што павінна заставацца нязменным, улічваючы гістарычны вопыт і асаблівасці дзяржаўнага ладу Беларусі? На якія прынцыпы варта абапірацца, каб выпрацаваць змяненні, якія будуць адобраны грамадствам і кансалідуюць яго? На гэтыя і іншыя пытанні адказвалі эксперты ў час круглага стала "25 гадоў Канстытуцыі. Інстытут прэзідэнцтва як гістарычна і палітычна абгрунтаваная найбольш актуальная мадэль кіравання дзяржавай", што прайшоў 4 красавіка ў Мінску.

Гігін: для ўнясення паправак у Канстытуцыю рэферэндум непазбежны

Як дапусціў дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Вадзім Гігін, папраўкі ў Канстытуцыю будуць адносіцца да трох тэматычных блокаў. "Першае - гэта паўнамоцтвы асноўных галін улады, іх размеркаванне і пераразмеркаванне. Сюды ж адносіцца пытанне аб тым, па якой сістэме выбіраць заканадаўчыя органы - па прапарцыянальнай, мажарытарнай або змешанай, - растлумачыў ён. - Наступны блок пытанняў датычыцца, калі гаварыць увогуле, адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. У нас ён трохузроўневы. Часта ўзнікаюць пытанні, ці выбіраць сельскія Саветы, павінны яны быць ці не павінны. І яшчэ блок пытанняў сацыяльнай накіраванасці. Іншым часам у запале палітычных дыскусій аб выбарах і парламенце пра іх забываюць. Гэта пытанні сацыяльных гарантый, парадак землеўпарадкавання, адмены або захавання смяротнага пакарання".

Пры адказе на пытанне, якім чынам могуць быць унесены папраўкі ў Канстытуцыю, Вадзім Гігін быў катэгарычны: "Рэферэндум непазбежны і абавязковы не толькі з прававога, але і з палітычнага пункту гледжання - каб не ставіць пад сумненне тыя важнейшыя рашэнні, якія былі прыняты на папярэдніх рэферэндумах. Калі мы скажам, што змяненні магчымы без рэферэндуму, то ставіцца пад сумненне аснова цяперашняга палітычнага ладу".

Яшчэ адзін удзельнік круглага стала, старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк таксама адназначна выказаўся за неабходнасць унясення паправак у Канстытуцыю толькі шляхам рэферэндуму: "Я бачу толькі адзін шлях - гэта рэферэндум, і нічога іншага. Таму што калі мы ўваходзім цераз дзверы, мы цераз акно не выскокваем".

З меркаваннем парламентарыя салідарна і старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Наталля Гуйвік.

Гуйвік: вырашэнне важных пытанняў заўсёды прымалася шляхам усеагульнага галасавання, а не ў кулуарах

Дэпутат лічыць, што ўжо наспела неабходнасць актуалізаваць Канстытуцыю. "Любы заканадаўчы нарматыўны акт павінен удасканальвацца з улікам патрабаванняў часу. Канстытуцыя не выключэнне. Патрэбны змяненні як у частцы выбарчай сістэмы, так і ў плане прывядзення асобных норм і паняццяў у адпаведнасць з рэаліямі. Напрыклад, ужо некалькі гадоў у Беларусі няма Вышэйшага гаспадарчага суда, а ў Канстытуцыі ён усё яшчэ ёсць", - прывяла прыклад яна.

Парламентарый упэўнена, што ўнясенне змяненняў у Асноўны закон магчыма толькі шляхам усенароднага галасавання на рэферэндуме. А перад гэтым усе прапанаваныя папраўкі ў абавязковым парадку павінны прайсці шырокае грамадскае абмеркаванне. "Нядаўна прыняты закон аб нарматыўных прававых актах у новай рэдакцыі. Ён патрабуе абавязковага грамадскага абмеркавання па ўсіх законапраектах, якія закранаюць жыццёва важныя аспекты развіцця грамадства і дзяржавы. Таму адназначна без грамадскага абмеркавання, узгаднення з усімі зацікаўленымі, без прававой экспертызы папраўкі ў Канстытуцыю не пройдуць", - падкрэсліла Наталля Гуйвік.

На яе думку, вельмі важна правесці адкрытую дыскусію наконт змяненняў у Асноўны закон краіны і ўлічыць меркаванне ўсіх грамадзян. А такую магчымасць дае менавіта рэферэндум.

У Беларусі асабліва значныя, прынцыповыя пытанні аб развіцці краіны заўсёды вырашаліся шляхам усеагульнага галасавання. Так было, напрыклад, і ў 1996 годзе, калі стаяў складаны выбар - быць рэспубліцы парламенцкай або прэзідэнцкай. "Важна, што гэта пытанне было вынесена на рэферэндум, а не вырашалася проста ў кулуарах, - сказала дэпутат. - Грамадзяне прынялі рашэнне аб тым, што ў нас будзе прэзідэнцкая рэспубліка. На гэта паўплывала сітуацыя ў краіне на той момант. Тады ў сістэме кіравання было, як у байцы пра лебедзя, рака і шчупака. Было шмат структур, кожная з якіх цягнула коўдру на сябе, і вырашэнне многіх жыццёва важных пытанняў зацягвалася".

Марзалюк: Беларусь свядома выбрала мадэль прэзідэнцкай улады

Дэпутат Ігар Марзалюк упэўнены, што ў той перыяд, калі прымаліся папярэднія папраўкі ў Канстытуцыю (у 1996 годзе), народ Беларусі зрабіў правільны выбар.

"Беларусь свядома выбрала мадэль прэзідэнцкай улады. Як я лічу, інстытут прэзідэнцкай улады найбольш адпавядае гістарычнай і палітычнай традыцыі нашага народа. Гэта той інстытут, які даў магчымасць наш дэкларатыўны суверэнітэт зрабіць рэальным. Дзякуючы гэтаму ў нас сёння ёсць абсалютна суверэнная дзяржава. І ўся знешняя палітыка дзяржавы вызначаецца ў Мінску, а не дзесьці яшчэ, вызначаецца нашым Асноўным законам, а не чужымі дырэктывамі. Гэта самае галоўнае, - сказаў ён. - Мы ўпершыню атрымалі нацыянальную дзяржаўнасць у поўным сэнсе слова, якую ні з кім не дзелім".

Дэпутат лічыць, што моцная ўлада ў форме прэзідэнцтва адпавядае гістарычнай традыцыі, ментальным устаноўкам, матывацыйным паводзінам, якія характэрны для беларускпага народа. "Гуляй, рэспубліка!" - гэта не пра нас. Для нас характэрна разуменне ўлады, дзе лідар бярэ на сябе паўнату адказнасці, - растлумачыў ён. - Прэзідэнцкая форма кіравання - гэта тая мадэль улады, дзе ёсць персаніфікаваны дзяржаўны дзеяч, які з'яўляецца гарантам канстытуцыйных норм, увасабляе беларускія архетыповыя ідэалы аб моцнай і справядлівай уладзе".

"Калі глядзець, наколькі паспяхова функцыянуе інстытут прэзідэнцкай улады (замацаваны папраўкамі ў Канстытуцыю ў 1996 годзе) у Рэспубліцы Беларусь у параўнанні з краінамі постсавецкага рэгіёна і далёкага замежжа, можна сказаць, што гэта вельмі паспяховы інстытут", - выказаў меркаванне загадчык аддзела навейшай гісторыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Траццяк.

Краіны былога Савецкага Саюза, якія выбралі парламенцкую форму кіравання, не змаглі, на думку гісторыка, сфарміраваць моцныя дзяржаўныя структуры. "Парламенты і падкантрольныя парламентам урады ператварыліся ў поле звядзення міжпартыйных і міжфракцыйных спрэчак, - адзначыў ён. - Напрыклад, Малдова, якая перманентна знаходзіцца ў стане парламенцкага і прэзідэнцкага крызісу. Там няма ўзаемадзеяння паміж галінамі ўлады. Прэзідэнцкую, кіраўнікоў парламента і ўрада пасады займаюць людзі дыяметральна процілеглых палітычных лагераў".

У многіх парламенцкіх рэспубліках ідуць па шляху ўзмацнення прэзідэнцкай улады. Як сцвярджае загадчыца аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага даследавання Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Ірына Жылінская, ідзе агульная тэндэнцыя ўзмацнення ўлады ў руках канцлераў, прэм'ер-міністраў у парламенцкіх рэспубліках, але робіцца гэта, безумоўна, не на шкоду дэмакратызацыі.

"Сучасная тэндэнцыя - узмацненне прэзідэнцкай і агульнай выканаўчай улады таксама і праз заканадаўства. Напрыклад, у Вялікабрытаніі штогод прымаюць больш за 2 тысячы актаў дэлегаванага заканадаўства, якія даюць заканадаўчыя паўнамоцтвы прэм'ер-міністру", - растлумачыла яна.

Беларусь вызначылася з сістэмай дзяржаўнага ладу, зрабіўшы выбар на карысць моцнай прэзідэнцкай улады, і, па салідарнай думцы ўдзельнікаў круглага стала, не памылілася.

"Канстытуцыя, прынятая 25 гадоў таму, стала важнейшым заканадаўчым драйверам, які прадвызначыў контуры сённяшняй беларускай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі, а таксама зрабіў магчымай рэалізацыю жыццёва важных для беларускага народа праектаў. Гэта і маштабнае будаўніцтва жылля, магчымасць прадастаўлення сацыяльных ільгот, будаўніцтва сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі", - падкрэсліў Ігар Марзалюк.

Васілевіч: я за тое, каб патэнцыял дзеючай Канстытуцыі ў большай меры быў выкарыстаны

Дзеючая Канстытуцыя Беларусі, хоць і прымалася ў вельмі складаных умовах, з'яўляецца аўтарытэтным, вывераным дакументам, які захоўвае актуальнасць і цяпер. Такога меркавання прытрымліваецца загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ, доктар юрыдычных навук, прафесар Рыгор Васілевіч. Ён стаяў ля вытокаў першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі, быў у ліку юрыстаў, якія пісалі і карэкціравалі яе тэкст.

Эксперт упэўнены, што цяперашняя Канстытуцыя мае вялікі патэнцыял, які пакуль не задзейнічаны. На яго думку, і цяпер Асноўны закон краіны дае магчымасць арганізаваць выбары не толькі па мажарытарнай, але і па змешанай, па прапарцыянальнай сістэмах. "Я нават прапаноўваў цяпер апрабаваць такія выбары на мясцовых Саветах. Няхай партыі апрабуюць", - сказаў Рыгор Васілевіч. Ён таксама прапанаваў парламенту больш актыўна выкарыстоўваць сваё права на тлумачэнне канстытуцыйных норм (апошні раз гэта рабілася ў 1997 годзе) і больш эфектыўна ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю выканаўчай улады. "Кантрольныя паўнамоцтвы парламента прапісаны ў Канстытуцыі. Гэта дае магчымасць запрасіць у Палату прадстаўнікоў, напрыклад, міністра, каб паслухаць, як на практыцы рэалізуецца закон, а па выніках нават прапанаваць Прэзідэнту вызваліць ад пасады міністра", - адзначыў юрыст.

"Я за тое, каб патэнцыял дзеючай Канстытуцыі ў большай меры быў выкарыстаны, - падкрэсліў Рыгор Васілевіч. - Чым старэйшая Канстытуцыя, тым большая да яе павага. І працаваць лягчэй, таму што пратаптана ўжо дарожка, зразумела, якія ёсць нюансы, што трэба скарэкціраваць". На яго думку, цяпер, маючы дзеючую Канстытуцыю і мноства адкрытых крыніц інфармацыі, працаваць над папраўкамі будзе значна лягчэй, чым у 1990-я гады.

Цупрык: прыняцце Канстытуцыі дало магчымасць увасобіць у жыццё многія фундаментальныя рэчы, пра якія даўно марылі нашы продкі

Аб тым, як няпроста было ў тыя гады прыняць Асноўны закон, многія ведаюць вельмі аддалена. "Маладое пакаленне, якое ўжо ўступіла ў актыўнае жыццё, наўрад ці помніць, якія былі часы да прыняцця Канстытуцыі і што давялося перажыць старэйшаму пакаленню. Выхаваныя на супермаркетах, вялікім выбары, свабодзе, якую дае ў тым ліку інтэрнэт, яны вельмі маюць патрэбу ў тым, каб мець арыенцір, вектар для далейшага руху. Таму важна, што ёсць Канстытуцыя як асноватворны дакумент для развіцця краіны", - сказаў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Леанід Цупрык.

"Моладзь павінна разумець, што інстытут прэзідэнцтва быў уведзены таму, што гэтага чакалі, жадалі людзі. Грамадства мела патрэбу ў цвёрдай уладзе, якая магла навесці парадак, забяспечыць эканамічны дабрабыт, вывесці краіну з эканамічнага піке, у якім яна знаходзілася", - дадаў дэпутат.

На яго думку, дзякуючы прыняццю Канстытуцыі ўдалося ўвасобіць у жыццё многія фундаментальныя рэчы, пра якія стагоддзі марылі нашы продкі. "У паэме "Новая зямля" вельмі трапна сказаў паэт аб тым, да чаго імкнуліся беларусы: "Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут".  І мы атрымалі незалежную тэрыторыю, ёсць права на ўласнасць і правы чалавека. Усё гэта зафіксавана ў нашай Канстытуцыі", - сказаў на заканчэнне Леанід Цупрык.

Кацярына КРЫШЭНІК,
БЕЛТА.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс