15 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лячэнне раку ў Беларусі адпавядае сусветнаму ўзроўню, заявіў міністр аховы здароўя Васіль Жарко ў час IX з'езда анколагаў і радыёлагаў СНД і Еўразіі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Васіль Жарко адзначыў, што айчынная анкалагічная служба пастаянна ўдасканальваецца, яна выйшла на новы ўзровень свайго развіцця. "Тое, што лячэнне раку ў рэспубліцы стала адпавядаць сусветнаму ўзроўню, знаходзіць адлюстраванне ў станоўчай дынаміцы пралечаных замежных грамадзян і дазволіла прыцягнуць у краіну толькі ў 2015 годзе фінансавых сродкаў на $3,6 млн", - сказаў ён. У той жа час беларускія пацыенты анкалагічнага профілю практычна не накіроўваюцца для лячэння за мяжу.
РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава і абласныя анкадыспансеры аснашчаны ўсім неабходным для правядзення шырокага спектра анкалагічных аперацый, маюць сучаснае абсталяванне для прамянёвай тэрапіі. У прыватнасці, стэрэатаксічная радыехірургія і радыетэрапія дазваляюць падвесці да пухліны максімальна магчымую дозу выпрамянення з мінімальным прамянёвым уздзеяннем на здаровыя тканкі вакол яе. У цэнтры штодзённа выконваюцца аперацыі, якія яшчэ 10 гадоў таму лічыліся невыканальнымі або ўнікальнымі.
Для лячэння пацыентаў выкарыстоўваюцца прэпараты новага пакалення. З лекавых сродкаў, якія прымяняюцца для правядзення хіміятэрапіі анкалагічных хворых, каля 60 працэнтаў беларускай вытворчасці.
Такую значную падзею для медыцынскай грамадскасці, як з'езд анколагаў і радыёлагаў СНД і Еўразіі, Мінск прымае другі раз, раней ён праходзіў у 2004 годзе.