24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для адпачынку і аздараўлення дзяцей з Сірыі створаны ўсе ўмовы. Аб гэтым сёння журналістам заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко ў час наведвання Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра "Зубраня", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для адпачынку і аздараўлення дзяцей з Сірыі сфарміравана спецыяльная праграма, якая дае ім магчымасць не толькі пазнаёміцца з нашымі дзецьмі, але і з сістэмай адукацыі Беларусі ў цэлым. Госці пабывалі ў вядучых беларускіх ВНУ, у Нацыянальным алімпійскім камітэце, наведалі культурна-спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", Мінскі аўтамабільны завод, БелАЗ, пабывалі ў нашых музеях. Таксама ў праграме наведванне Беларускай атамнай станцыі. Яны знаёмяцца з нашай краінай. Ім пашанцавала трапіць у зімовую казку. Для іх адпачынку і аздараўлення створаны ўсе ўмовы", - сказаў Васіль Жарко.
У Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры "Зубраня" адпачываюць і папраўляюць здароўе 144 дзіцяці з Сірыі. Усе яны - лідары ў адукацыі, спорце і творчасці. Наведаць іх 24 студзеня прыехалі намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко і міністр адукацыі Ігар Карпенка. Яны ўручылі сірыйскім дзецям падарункі ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
На сустрэчы дзеці з Беларусі і Сірыі задавалі пытанні прадстаўнікам улады. Гасцей цікавіла магчымасць атрымання вышэйшай адукацыі ў беларускіх ВНУ, удзел у сумесных алімпіядах і спартыўных мерапрыемствах.
Беларускія дзеці ў сваю чаргу папрасілі намесніка прэм'ер-міністра і міністра адукацыі напісаць свае пажаданні на папяровых фігурках буслоў. Іх у канцы змены прымаючы бок падорыць на памяць сябрам з Сірыі.
Група сірыйскіх дзяцей прыбыла ў Беларусь 15 студзеня. Да 29-га яны будуць знаходзіцца ў НДЦ "Зубраня" ў Мядзельскім раёне. У праграму адпачынку ўключаны аздараўленчыя, спартыўныя, культурныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы.
Як паведамлялася, у канцы жніўня 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з міністрам сацыяльных пытанняў і працы Сірыі Рымай аль-Кадэры, дзе прапанаваў распрацаваць праграму аздараўлення і вучобы дзяцей з Сірыі ў Беларусі.