3 чэрвеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў прыходзе фармацэўтычных тэхналогій Індыі, прычым размова ідзе не толькі аб вытворчасці лекавых сродкаў, але і субстанцый. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Васіль Жарко адзначыў, што беларускі бок цесна супрацоўнічае з індыйскімі калегамі ў сферы фармвытворчасці, асабліва ў апошнія гады.
Паводле яго слоў, сёння ў Беларусі зарэгістравана 370 назваў лекавых сродкаў індыйскай вытворчасці, пры гэтым 101 з іх беларускі бок вырабляе або самастойна па тэхналогіі, або сумесна з індыйскім бокам. "19 працэнтаў субстанцый, якія мы выкарыстоўваем у сваёй рабоце, кубінскія. Мы зацікаўлены ў прыходзе фармацэўтычных тэхналогій Індыі, і не толькі па вытворчасці лекавых сродкаў, але і субстанцый", - сказаў міністр.
Васіль Жарко таксама расказаў, што толькі ў гэтым годзе ў Беларусі рэалізуецца тры інвестыцыйныя праекты сумесна з індыйскім бокам. Усяго ж наладжана супрацоўніцтва з 10 індыйскімі кампаніямі.
Міністр звярнуў увагу, што паспяхова развіваецца і адукацыйны напрамак. У беларускіх ВНУ навучаецца 128 студэнтаў з Індыі, плануецца, што ў бягучым годзе іх колькасць павялічыцца.
Акрамя таго, беларускі бок з гэтага года пачаў пастаўляць некаторыя вырабы медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі ў Індыю, паведаміў міністр. "І мы плануем не толькі пастаўляць, але і наладзіць зборку, сэрвіс, а потым і вытворчасць", - сказаў Васіль Жарко.