24 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Задачы Парадку дня-2030 былі пастаўлены ў Беларусі на дзяржаўным узроўні задоўга да яго прыняцця. Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое ён накіраваў удзельнікам першага Нацыянальнага форуму па ўстойлівым развіцці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прывітанне на адкрыцці форуму агучыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў. "Праграма пераўтварэнняў у эканамічнай, сацыяльнай і прыродаахоўнай сферах, якая разглядалася на саміце ААН у 2015 годзе, актуальна для ўсяго свету і высока ацэнена міжнароднай супольнасцю. Задачы развіцця, абазначаныя ў Парадку дня-2030, былі пастаўлены ў Беларусі на дзяржаўным узроўні задоўга да яго прыняцця. У гэтым напрамку мы дабіліся высокіх вынікаў", - падкрэсліў у сваім прывітанні Прэзідэнт.
"Усе дасягненні ў галіне аховы здароўя, адукацыі, харчовай бяспекі, гендарнай роўнасці, беражлівага стаўлення да навакольнага асяроддзя, падтрымкі маламаёмных шырока прызнаны і з'яўляюцца састаўной часткай глабальных мэт, па якіх ацэньваецца прагрэс нашай дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананасць, што прадстаўнічы склад сустрэчы будзе садзейнічаць эфектыўнай рабоце форуму па вырашэнні пытанняў замацавання дасягнутых вынікаў і далейшага ўстойлівага развіцця Беларусі. Аляксандр Лукашэнка пажадаў удзельнікам плённай дзейнасці ў рэалізацыі важнай для сучаснага свету місіі.