У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

12 Сак 2019

"Выключна нацыянальны прадукт" - Лукашэнку прадставілі праект Канцэпцыі інфармбяспекі Беларусі


12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі - гэта выключна беларускі нацыянальны прадукт, разлічаны на шырокае ўнутранае і знешняе спажыванне. Аб гэтым дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі з удзелам кіраўніка дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта выключна наш уласны, нідзе не запазычаны нацыянальны прадукт, які разлічаны на шырокае ўнутранае і знешняе спажыванне, развівае Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Яго асноўнае прызначэнне - надаць дзейнасці па забеспячэнні бяспекі ў інфармацыйнай сферы ўпарадкаванасць, канкрэтнасць і нацэленасць на вынік, а таксама забяспечыць умовы для далейшага руху наперад у гэтым пытанні", - расказаў Станіслаў Зась.

Ён нагадаў, што праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі распрацоўваўся па даручэнні Прэзідэнта. Паводле слоў дзяржсакратара, да гэтай работы прыцягнулі ўсе зацікаўленыя ведамствы і самых кампетэнтных спецыялістаў краіны. У падрыхтоўцы праекта ўдзельнічалі спецыялісты з амаль 20 дзяржаўных органаў і арганізацый, прадстаўнікі вядучых сродкаў масавай інфармацыі, дэпутаты, вучоныя і эксперты.

Дакумент распрацоўваўся зыходзячы з геапалітычных інтарэсаў Беларусі, яе месца і ролі ў сучасным свеце. У ім улічаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяржаў СНД, АДКБ, а таксама двухбаковыя пагадненні і іншыя абавязацельствы краіны ў галіне міжнароднай інфармацыйнай бяспекі. Праект канцэпцыі ўлічвае асноўныя палажэнні актаў міжнародных арганізацый, у тым ліку рэзалюцый Генасамблеі ААН і рэкамендацый АБСЕ.

"Тэзісы канцэпцыі агучаны і абмеркаваны больш як на 20 міжнародных сустрэчах і канферэнцыях. Больш таго, асноўныя тэзісы былі апублікаваны як унутры Рэспублікі Беларусь, так і ў замежных выданнях і сустрэлі шчырую цікавасць да нашых падыходаў, - адзначыў Станіслаў Зась. - У студзені праект канцэпцыі адобраны міжведамаснай камісіяй па бяспецы ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі".

У дакуменце адлюстраваны сучасныя выклікі і пагрозы, якія фарміруюцца ў інфармацыйнай сферы і ўяўляюць небяспеку для канстытуцыйных асноў і жыццядзейнасці дзяржаў: маніпуляванне масавай свядомасцю, дыскрэдытацыя ідэалаў і каштоўнасцей, размыванне нацыянальнага суверэнітэту, няўстойлівасць інфармацыйнай інфраструктуры і іншыя.

З улікам гэтага ў праекце канцэпцыі ўпершыню замацавана паняцце інфармацыйнага суверэнітэту як неад'емнае і выключнае вяршэнства права дзяржавы самастойна вызначаць правілы валодання, карыстання і распараджэння нацыянальнымі інфармацыйнымі рэсурсамі, ажыццяўляць незалежную знешнюю і ўнутраную дзяржаўную інфармацыйную палітыку, фарміраваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку.

Мяркуецца, што гэта будзе дасягнута ў тым ліку за кошт правядзення палітыкі інфармацыйнага нейтралітэту, якая прадугледжвае паважанне агульнапрызнаных і агульнапрынятых правоў любой дзяржавы ў гэтай сферы, выключэнне ўмяшання ў інфармацыйную сферу іншых краін.

Упершыню ў публічным дакуменце таксама адзначаецца гатоўнасць дзяржавы няспынна выяўляць рызыкі, выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы і рэагаваць на іх. Уводзіцца ў афіцыйны абарот тэрмін "кібербяспека". І гэта навацыя, на думку распрацоўшчыкаў, вызначае выразнае арыентаванне дзяржавы на прынятыя і ўжо даволі сталыя ў свеце асноўныя падыходы да процідзеяння камп'ютарным інцыдэнтам і злачынствам.

Акрамя эфектыўнай работы СМІ, у праекце канцэпцыі падкрэсліваецца важнасць актыўнай прысутнасці дзяржавы ў інтэрнэце: размова ідзе не толькі аб афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў, але і аб блогасферы, мэсэнджарах і сацыяльных сетках.

Пасля пасяджэння Станіслаў Зась расказаў журналістам, што праект Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі быў падтрыманы членамі Савета бяспекі. Прыняцце дакумента дасць магчымасць наладзіць сістэмную работу ў дзяржаве ў гэтай сферы, сфарміраваць неабходную нарматыўную базу.

"Канцэпцыя, вядома ж, патрэбна, гэта тэма актуальна. Мы выпрацавалі адзіныя погляды на гэту сферу дзейнасці - забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі. Дагэтуль такога не было, спецыялісты кожнага ведамства выбудоўвалі сваю работу, зыходзячы са свайго разумення. Цяпер мы аб'ядналі ўсе пункты гледжання, і гэта была няпростая задача", - адзначыў ён.

Паводле слоў дзяржсакратара, на пасяджэнні абмяркоўвалася ў тым ліку практычная рэалізацыя канцэпцыі. У прыватнасці, ішла размова аб больш актыўнай рабоце дзяржаўных органаў у інтэрнэце, грамадскім кантролі за інфармацыйнай прасторай - гэты напрамак ужо апрабаваны ў некаторых краінах. "Людзі самі на добраахвотных пачатках манітораць інфармацыйную прастору і ўдзельнічаюць у кантролі над ёй. Тыя рэчы, якія прапагандуюць, дапусцім, экстрэмізм, тэрарызм, насілле, парнаграфію, сыходзяцца потым у адпаведныя службы і органы", - растлумачыў Станіслаў Зась.

Таксама ішла размова аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. "Мы павінны інфармацыйна падтрымліваць свайго вытворцу, адпаведнае абсталяванне і прадукты і не саромецца гэта рабіць", - лічыць ён.

Цэлы раздзел канцэпцыі прысвечаны абароне традыцыйных каштоўнасцей. Дзяржсакратар заўважыў, што яны лічацца адным з галоўных аб'ектаў для абароны ў інфармацыйнай прасторы. "Разглядаецца неабходнасць прыняцця асобнай праграмы па захаванні традыцыйных каштоўнасцей і асноў нашага грамадства", - дадаў Станіслаў Зась.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс
Еўрапейскія гульні-2019 у Мінску