Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Навіны
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Навіны | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

13 Крс 2020

"Вы нас на чапайце! Скончыцца, паглядзім, хто мае рацыю" - Лукашэнка папракнуў расійскія СМІ ў прадузятасці


13 красавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка папракнуў расійскія СМІ ў прадузятым асвятленні мер па барацьбе з каранавірусам, што прымаюцца ў Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хацеў бы яшчэ раз закрануць пытанне СМІ. Нядрэнна пачалі працаваць нарэшце і беларускія СМІ. Я ўчора глядзеў падагульняючыя праграмы па ўсіх каналах. Вельмі аб'ёмна. Нават ва Уладзіміра Сцяпанавіча (міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. - Заўвага БЕЛТА) забралі работу. Ужо так растлумачылі ўсё і пра маскі, і пра бахілы, і лячэнне, што толькі сядзі дома і лячыся, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мне шмат гавораць, што мы там прайграём  Telegram-каналам і іншае. Так, напэўна, там бруду больш, чым нашых галасоў - афіцыйных улад. Хаця інфармацыі не скажаш, што не хапае. Але я так падумаў, ну што нам, піярыцца і пачынаць ствараць нейкія Telegram-каналы і там якую-небудзь паўжоўтую інфармацыю ўкідваць, каб там прысутнічаць... Напэўна, гэта не наш шлях".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для тых, хто хоча пачуць прафесійны пункт гледжання, інфармацыі дастаткова: "Кожны дзень мы, нічога не ўтойваючы, выдаём у эфір. Выступаюць медыкі, спецыялісты, прафесіяналы. Дайшлі да таго, што ўжо ўрачы-пульманолагі выступаюць".

Разам з гэтым Прэзідэнт у негатыўным ключы выказаўся аб тым, як асвятляюць падзеі ў Беларусі ў расійскіх медыя, прытым не толькі ў ананімных Telegram-каналах, але і ў агульнарасійскіх СМІ. "Даюць такую гадкую інфармацыю. А, бацька там лечыць сваіх трактарам, гарэлкай, лазняй... Ведаеце, некалі я пажартаваў. Але ў кожным жарце ёсць доля жарту", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Расіянам хацеў бы сказаць - гэтым, якія "плявузгаюць": не чапайце нас! Мы ж у іх нічога не просім. Мы ратуемся, абараняемся самі. Прыязджайце да нас, паглядзіце самі. Але навошта ж вы нас у Расіі робіце дурнямі? Навошта рускаму чалавеку ўбіваць у галаву, што там, на Захадзе, нашы гэтыя беларусы, яны нейкія ненармальныя?" - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.

"Прытым тут ужо не адбрыкаешся, што гэта некіруемыя каналы. Вось мне нядаўна паказалі чарговы раз нейкага Кляймёнава, які там на Расію выдаваў, што ў нас і захворванні, і ўтойваюць інфармацыю... Ну і нашы пачалі падхопліваць. Мы запрасілі Сусветную арганізацыю аховы здароўя. А слабо ўсім паклікаць спецыялістаў у краіну? Расіянам, амерыканцам (ад сусветнай арганізацыі). І вось гэтак сказаць: ідзіце і паглядзіце, як у нас яны былі. І што яны (СААЗ. - Заўвага БЕЛТА) сказалі - прэтэнзій да беларусаў няма", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Так, ёсць рэкамендацыі: не хадзіце натоўпам, не трыцеся адзін аб аднаго, не цалуйцеся, не абдымайцеся і іншае. Мы ўспрымаем гэтыя рэкамендацыі. Але што мы робім няправільна і дзе мы хлусілі? Публічна сказалі, што ні Міністэрства аховы здароўя, і ўлады тут не хлусілі. Мы адкрыты - прыходзьце і глядзіце. Мы робім гэта для сваіх людзей. Але расіяне нам не чужыя. Мы гатовы з імі сустракацца, раіцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што калі ў Расіі сапраўды хочуць неяк дапамагчы Беларусі, то маглі б знізіць да сусветнай цану на пастаўляемы прыродны газ: "Калі хочаце дапамагчы, зрабіце нам сусветную цану па газу. Сёння ў Еўропе прыродны газ Расія прадае па $80, не вышэй як $90 за 1 тыс. куб.м.  А мы плацім $127. Дзе такая цана сёння ёсць? Вось хочаце дапамагчы, дапамажыце. Ні грошай, нічога не просім. Навошта з нас шкуру драць?"

"Але пра гэта ў Расіі ніхто не скажа. Гэта праўда камусьці там не патрэбна. Здагадайцеся з трох разоў, каму. Таму яшчэ раз паўтараю: вы нас не чапайце! Скончыцца гэта ўсё, потым мы паглядзім, хто мае рацыю, а хто не", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта аб задачы спыняць у Беларусі ўсялякія спробы хайпаваць на тэме каранавіруса. "І сваіх трэба кантраляваць. І Камітэту дзяржбяспекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфармацыі няхай глядзіць за ўсімі. Калі пабывалі тут міжнародныя эксперты, іх паменшылася - такіх смелых, якія хайпавалі ў інтэрнэце на гэтай бядзе. Але яшчэ яны ёсць. Іх трэба ставіць на месца. І не баяцца, што нас абвінавацяць ў нейкай недэмакратычнасці. Пройдзе гэта ўсё, і мы паглядзім, хто нагнятае псіхоз", - сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ёсць у свеце СМІ і палітыкі, якія хайпуюць на гэтай тэме, і папярэдзіў, што ў Беларусі так не робяць. "Мы гэта не рабілі. І я вас заўсёды папярэджваў, што не трэба гэтага рабіць. Таму што потым сорамна будзе сваім людзям глядзець у вочы. Палітыка, якая зыходзіць ад зямлі, ад людзей, і мы гэтай палітыкі павінны прытрымлівацца, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Мы выпрацавалі сваю тактыку барацьбы з гэтымі інфекцыйнымі захворваннямі. Мы, не разваліўшы сістэму, маем інфекцыйныя бальніцы ад раёнаў да Мінска, навукова-практычныя цэнтры. Яны аснашчаны. Гэта нас сёння выратоўвае".

"Давайце будзем спакойна жыць, займацца сваёй справай, гадаваць дзяцей і думаць пра будучыню. А мы зробім усё для таго, каб кожны чалавек захаваў сваё жыццё. Асабліва цяпер, каб даказаць, што мы можам змагацца за чалавека і перамагаць гэту заразу. Як я сказаў, прыгожа перамагаць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што ў ліку пытанняў, якія абмяркоўваюцца на нарадзе, не толькі тыя, якія звязаны з хваробамі, але і перспектыўныя тэмы, якія трэба вырашаць. Акрамя таго, у краіне набірае абароты пасяўная кампанія. "Людзі працуюць так, як трэба. Малайцы. Але, тым не менш, мы павінны бачыць перспектывы, што будзе заўтра-паслязаўтра, калі гэта ўсё скончыцца", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі