31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Правядзенне Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў сведчыць аб прызнанні Беларусі ў свеце, заявіў у прэс-цэнтры БЕЛТА кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Пётр Віцязь.
Ён нагадаў, што Беларусь прызнана ААН касмічнай дзяржавай і працуе па тэме космасу з шэрагам арганізацый на міжнародным узроўні. "Правядзенне кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў яшчэ раз сведчыць аб прызнанні нашай краіны ў свеце", - падкрэсліў Пётр Віцязь.
Кіраўнік апарату НАН адзначыў, што магчымасць прыняць у сябе такі кангрэс з'яўляецца вельмі значнай для любой краіны, паколькі на яго збіраюцца касманаўты з усяго свету і абмяркоўваюць будучае касманаўтыкі і касмічных тэхналогій. "Цяпер у свеце ідзе бум з пункту гледжання космасу ў многіх краінах. Абмяркоўваецца не толькі развіццё спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання, але перш за ўсё вывучэнне самога космасу і планет, на якіх чалавек можа ствараць станцыі - напрыклад, Месяца або Марса. Гэта гучыць фантастычна, але ўсе новыя тэхналогіі некалі здаваліся фантастыкай", - заявіў ён.
Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у верасні 2018 года прыме Беларусь. Такое рашэнне было прынята на пасяджэнні Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Тулузе (Францыя). Кангрэс, які пройдзе ў Беларусі, стане 31-м па ліку. Штогод ён збірае вядомых касманаўтаў і астранаўтаў, прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў, нацыянальных касмічных агенцтваў.