13 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У распрацоўцы сумеснага кантэнту Беларусь і Расія маюць добрыя перспектывы. Такое меркаванне выказаў на ХI Беларускім міжнародным медыяфоруме "Партнёрства ў імя будучыні" ў Мінску намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі Аляксей Волін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Аляксея Воліна, у сучасных умовах не існуе выбару: працаваць над уласным кантэнтам або карыстацца чужым. Беларусь і Расія маюць вялікія магчымасці для сумеснай работы ў сферы дзейнасці інфармацыйных агенцтваў, радыё, у галіне кінавытворчасці.
Намеснік міністра сувязі і масавых камунікацый Расіі дадаў, што сучасныя ўмовы патрабуюць змянення падыходаў да работы СМІ: немагчыма па-старому чакаць фінансавання праектаў, неабходна самім шукаць варыянты для стварэння канкурэнтаздольных медыйных прадуктаў.
Аляксей Волін выказаў меркаванне, што ў хуткім часе зменяцца падыходы да падрыхтоўкі кадраў для медыяасяроддзя. Выпускнікі ВНУ часам не маюць неабходных навыкаў, якія сёння патрэбны пры рабоце ў СМІ. Ён не выключае, што пасведчанне аб падрыхтоўцы на курсах пэўных прафесійных выданняў будзе больш важкім, чым дыплом аб атрыманні спецыяльнай вышэйшай адукацыі.