У Беларусь без візы на 30 дзён
Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Год малой радзімы ў Беларусі
Прэс-цэнтр
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Прэс-цэнтр | Прамовы і інтэрв’ю

Прамовы і інтэрв’ю

19 Сак 2020

"Вельмі шмат цяпер залежыць ад грамадства" - беларускія эпідэміёлагі пра барацьбу з каранавірусам


Фота з архiва

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Яшчэ 11 хворых на каранавірус беларусаў атрымалі першы адмоўны тэст на наяўнасць захворвання. Аб гэтым расказаў сёння журналістам загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, галоўны пазаштатны спецыяліст па інфекцыйных захворваннях Міністэрства аховы здароўя Ігар Карпаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Што пераносіць дзіця на нагах, можа выклікаць цяжкае захворванне ў пажылога

"Гэта той час, калі неабходна праявіць самае прафесійнае і цёплае стаўленне да нашага пажылога пакалення, - сказаў Ігар Карпаў. - Справа ў тым, што асноўны кантынгент рызыкі - гэта пажылыя людзі з сур'ёзнымі спадарожнымі захворваннямі. Да гэтага кантынгенту людзей цяпер трэба праявіць максімальную ўвагу".

Медык заклікаў аказваць старэйшаму пакаленню пасільную бытавую дапамогу, каб у іх не было неабходнасці з'яўляецца ў месцах масавага скопішча людзей, і па магчымасці абмежаваць іх кантакты з патэнцыяльнымі носьбітамі віруса. "Трэба добра помніць: тое, што пераносіць дзіця на нагах, можа выклікаць у пажылога чалавека крытычнае, цяжкае захворванне".

Галоўны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя падкрэсліў, што цяпер вельмі шмат залежыць ад грамадства. "Трэба паглядзець вакол сябе, зразумець праблемы адзінокіх людзей і прыняць меры, каб засцерагчы іх ад інфекцыі", - дадаў ён.

Вельмі важна захоўваць парадак самаізаляцыі

Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская сітуацыю з каранавірусам у Беларусі назвала кантралюемай. Яна звярнула ўвагу, што меры прафілактыкі гэтага захворвання такія ж, як і пры вострых рэспіраторных інфекцыях.

"Мы працуем па некалькіх напрамках. У першую чаргу гэта папярэджанне завозу каранавіруснай інфекцыі. У апошні час геаграфія завозаў пашырылася. Калі на першым этапе бачылі ў асноўным завозы з Італіі, то цяпер гэта (няхай па адным выпадку, але тым не менш) Польшча, Францыя, Германія, Аўстрыя, Вялікабрытанія. Работа, якая праводзіцца Дзяржаўным пагранічным камітэтам і Міністэрствам аховы здароўя на граніцы, будзе прадаўжацца. Але ёсць акцэнты: тым людзям, якія вяртаюцца з эпідэміялагічна нестабільных краін, вельмі важна выконваць парадак самаізаляцыі", - падкрэсліла Ірына Глінская. Такія меры, паводле яе слоў, дазваляюць удзяліць увагу ўласнаму здароўю, а таксама засцерагчы асяроддзе ад перадачы віруса.

Пры выяўленні захварэўшага на каранавірус медыкі актыўна працуюць, каб вызначыць яго кола кантактаў, людзей, якія маглі падвергнуцца рызыцы. У асноўным да такіх мер адносяцца з разуменнем, але частка людзей лічыць іх залішнімі, заўважыла намеснік галоўнага ўрача. "Большасць з іх здаровыя, у некага перыядычна выяўляюцца нейкія іншыя сезонныя вірусы. Пасля заканчэння перыяду нагляду яны прадаўжаюць сваё звычайнае жыццё", - дадала яна.

Прафілактычныя мерапрыемствы будуць праводзіцца і ў дачыненні да сацработнікаў, паштальёнаў і іншых людзей, якія часта кантактуюць з пажылымі. "Узмацняецца нагляд за іх станам здароўя. У сваёй рабоце гэтыя людзі будуць выкарыстоўваць маскі, пальчаткі - не для таго, каб засцерагчы сябе, а каб у першую чаргу не прынесці інфекцыю пажылым людзям", - растлумачыла Ірына Глінская.

Распрацавана некалькі сцэнарыяў рэагавання

Загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Аляксандр Пяткевіч прывык працаваць з небяспечнымі вірусамі. Паводле яго слоў, адзін з элементаў эфектыўнага кантролю інфекцый - фарміраванне пазітыўнага стаўлення ў насельніцтва да гэтай праблемы. Чалавек павінен сам думаць пра сваё здароўе: умацоўваць імунітэт, правільна харчавацца, мыць рукі, ведаць, калі варта насіць маскі, а калі яны бескарысныя. "Чалавек павінен дбаць аб сваім здароўі і прадумваць, як гэта рабіць", - адзначыў эпідэміёлаг.

У беларускіх медыкаў распрацавана некалькі сцэнарыяў рэагавання на распаўсюджванне каранавіруса. Яны гатовы працаваць пры адзінкавых, групавых і масавых захворваннях. Паводле слоў загадчыка аддзела анестэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Аляксандра Дзядзько, галоўнае не дапусціць рэзкага павелічэння інфіцыравання і масавага паступлення пацыентаў у рэанімацыю, як у Італіі: такога не вытрымае ніводная сістэма.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі
Партызанскі летапіс