22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Узброеныя Сілы ўносяць вялікі ўклад у захаванне міру, стабільнасці і бяспекі ў краіне. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў перад урачыстым сходам, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, што праходзіць у Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Свята Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл у нас у краіне - усенароднае. Бо не толькі людзі ў пагонах з'яўляюцца абаронцамі. Абаронца і інжынер, і ўрач, і настаўнік, які выкладае ў школе і рыхтуе патрыётаў, - сказаў Андрэй Раўкоў. - У Беларусі сёння мір і згода. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць Узброеныя Сілы ў складзе ваеннай арганізацыі дзяржавы".
Міністр абароны адзначыў, што Узброеныя Сілы не стаяць на месцы. "Мы праводзім тэхнічную мадэрнізацыю ўзбраення і ваеннай тэхнікі, кропкавае пераўзбраенне, актыўна займаемся пытаннямі аператыўнай баявой падрыхтоўкі, што дае магчымасць нам мець пэўныя рэзультаты. Акрамя таго, штогод праводзім раптоўную праверку Узброеных Сіл. Яна і цяпер ідзе. У нас на палях больш за тысячу ваеннаслужачых, прызваных з запасу. Яны, як і тысячы афіцэраў, прапаршчыкаў, салдат і сяржантаў тэрміновай службы, сустрэнуць гэта свята на палігонах, выконваючы вучэбна-баявыя задачы", - канстатаваў ён.
Андрэй Раўкоў павіншаваў усіх запрошаных са святам, пажадаў ветэранам, воінам-інтэрнацыяналістам і ўсяму кадраваму складу УС мірнага неба над галавой, моцнага здароўя, дабра і новых поспехаў у працы на карысць краіны.